Гаворыць «Радыё Harodnia» — трэці студыйнік гурта Dzieciuki

Гродзенскі гурт «Dzieciuki» прэзентуе трэці студыйны альбом «Радыё Harodnia». У ім акрамя фірмовага фольк-панку гучыць рэгі і нават вальс. Алесь Дзянісаў распавёў на TuzinFM пра новы альбом «Радыё Harodnia».

Андрэй Пудзін і Алесь Дзянісаў. Фота Ганна Рабкова

— Гэты альбом нараджаўся з цяжкасцямі, выйшаў значна пазней, чым мы планавалі. Але затое мы не залежалі ад знешніх абставінаў. Не прасілі ў нашых сяброў грошай з дапамогай краўдфандынгу, не пазычалі. Усё рабілі самі. Акрамя запісу бубнаў і майстэрынгу. Вопыту бракавала, таму ўсё замарудзілася.

Львіную долю ў сумеснай працы зрабілі Паша «Трабл», які па сканчэнні запісу прыняў рашэнне сысці з гурта, ды Андрэй Пудзін. Пра апошняга мушу сказаць больш падрабязней. Андрэй – старэйшы брат нашага гітарыста Лёхі Пудзіна – і раней нам дапамагаў: падказваў нейкія моманты, карэктаваў па дробязях падчас запісу папярэдніх альбомаў. Калі ён стаў паўнавартасным чальцом гурта, то ўсклаў на свае плечы цэлы вагон працы. Менавіта дзякуючы Андрэю, большасць песень паўстала ў такім выглядзе, у якім мы іх бачым. Іх аранжыроўка, апрацоўка, музычнае бачанне – заслуга менавіта нашага новага сябры. 

 

Dzieciuki-2019 

Магчыма, мы трошкі адышлі ад папярэдняга гуку. І што? Гурт працягвае жыць і развівацца. Мы больш надалі ўвагі гучанню. Мы больш разнастайна падышлі да аранжыровак. І вось – побач з хардкор-панкам з’явіўся вальс. А побач з фольк-панкам – рэгі.

Гэты альбом планаваўся як канцэпцыя сувязі мінулага, сучаснага і ў нейкім сэнсе будучыні. Не зусім атрымалася, як было запланавана, але не заўсёды нашыя пажаданні супадаюць з нашымі магчымасцямі.

Што датычыцца вокладкі, то на ёй – нашыя сябры. Гэта ўсе рэальныя хлопцы, working сlass heroes. Большасць з іх цяжка працуюць. Кавалямі. Калі б мы пераапрануліся і сфатаграфаваліся ў іх адзенні, гэта было б ня шчыра. І ніякі мастацкі момант не выратаваў бы гэты падман, бо паўсюль бываюць межы. Нават калі размова ідзе пра мастацтва. Усіх нашых аматараў і прыхільнікаў мы называем сябрамі. Пры гэтым на вокладцы прысутнічаюць сапраўдныя мае ўласныя сябры. Напрыклад – «бандыт Антаневіч бел-чырвона-белы», мой сябра Зміцер «Вундзер» Антаневіч, які згадваецца ў песні «Партызан».

Гістарычную тэматыку не збіраемся пакідаць. Таксама хочам ствараць больш вясёлых і пазітыўных песень, кшталту «Па гарах». Што там далей выйдзе – аднаму богу вядома! Галоўнае тое, што мы з вамі, нашыя сябры! Жыве Гародня! Жыве Беларусь!


 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: