Гімнастка Кацярына Галкіна. Перанесла аперацыю на сэрцы, каб застацца ў спорце

Дзяўчына расказвае “Байцоўскаму гену” пра выпрабаванні гімнастычнага памосту і чаму падчас аднаго з пералётаў “палова каманды плакала разам са сцюардэсай”.



— Калі ў дзяцінстве глядзела мастацкую гімнастыку, то ля тэлевізара любіла паўтараць рухі за спартсменкамі. Таму, калі мне было пяць, паехалі з бацькамі на “Трудавыя рэзервы”, — згадвае Кацярына Галкіна сваё знаёмства са спортам. — Першае, што пабачылі, — заняткі па спартыўнай гімнастыцы. Паглядзелі з балкона — мне ўсё спадабалася, добра. Пайшлі на вахту, спыталіся, як прайсці ў залу. Сказалі: “Спускайцеся ўніз — і знойдзеце”. Спусціліся і пабачылі доўгі цёмны калідор. Каб трапіць у спартыўную гімнастыку, трэба было павярнуць направа. Мы гэтага не ведалі і пайшлі проста. Так гэты калідор і завёў мяне ў залу мастацкай гімнастыкі…

Мінчанку Кацярыну Галкіну называюць адным з лідараў нацыянальнай зборнай. Хоць выступаць на дарослым памосце яна пачала толькі ў 2013 годзе, сёння яна прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы.

1

— Планаў, што я буду ў зборнай і траплю на чэмпіянат свету, не было. Мяне б ніхто не прымусіў, такі ўжо характар. Таму як нармальнае дзіця хадзіла ў школу ля дома. А пасля заняткаў з Паўднёвага Захаду праз увесь горад ездзілі на трэніроўку.

У падлеткавым узросце стала відавочна, што для Кацярыны мастацкая гімнастыка — гэта не жартачкі, і яна можа дасягнуць поспеху. Усё б так і было, але ў 14 гадоў жыццё паставіла перад дзяўчынай няпросты выбар.

2

 

Аперацыя

— У кожнага спартсмена здараюцца пераломныя моманты, калі хочацца ўсё кінуць: няма сілаў, не магу і ўсё. У кагосьці гэта звязана з траўмамі. Гэта мой выпадак, — расказвае Кацярына пра складаны момант у жыцці. — У 2011 годзе мне давялося рабіць аперацыю на сэрцы.

— Нішто сабе! Нядаўна на ўвесь свет паказалі сюжэт пра нямецкага футбаліста, у якога падчас матчу спынілася сэрца. А ён вярнуўся ў вялікі спорт, гуляе з дэфібрылятарам і нават забівае галы. І тут вы пра такое кажаце…

— Маю аперацыю рабілі наўмысна, каб магла працягнуць выступленні ў вялікім спорце. Нічога страшнага тады не здарылася. У сэрцы закрывалі клапан. Калі б праблему пакінулі так, як было, я не змагла б вытрымліваць цяжкія нагрузкі. Год прапусціла, пакуль узнаўлялася, набірала форму і ўвогуле ўсвядоміла, што я зноўку ў гімнастыцы. Блізкія людзі далі мне права выбару. Увогуле, гэта жыццё, і калі нешта здараецца, то для чагосьці. Калі нічога не адбываецца, так жыць сумна. Я шмат патраціла на спорт, і трэба было даводзіць справу да канца. Калі б я кінула, потым шкадавала б пра гэта. Мастацкая гімнастыка для мяне — гэта калі сапраўды атрымліваеш задавальненне ад справы, азарт.

3

“Медалёў мы прывозім шмат, але ведаюць нас пакуль мала”

І спартыўная, і мастацкая гімнастыка — безумоўна, знакавыя віды спорту для Беларусі. А паспрабуеце гэта аспрэчыць?

Легендарны Віталь Шчэрба, які таксама трэніраваўся ў сталічных “Трудавых рэзервах”, заваяваў шэсць залатых медалёў (!) падчас усяго толькі адной Алімпіяды ў Барселоне (справа была ў 1992 годзе).

Наша спартыўная гімнастка Вольга Корбут, 4-разовая алімпійская чэмпіёнка, паказвала настолькі рызыкоўныя практыкаванні, што іх выкананне на спаборніцтвах у выніку забаранілі. Амерыканцы звязваюць бум спартыўнай гімнастыкі ў ЗША з іменем беларускі.

Што да мастацкай гімнастыкі, дзе выступае Кацярына Галкіна, тут беларусы маюць алімпійскую чэмпіёнку Марыну Лобач. Справа была яшчэ за часамі СССР.

На няўдалай для нас лонданскай Алімпіядзе–2012 менавіта мастацкія гімнасткі шмат у чым уратавалі прэстыж усёй беларускай дэлегацыі, заваяваўшы срэбра і бронзу.

Аднак на Бацькаўшчыне ў нашых грацый не так і шмат фанатаў.

— Ці ёсць краіны, дзе вашаму віду спорту сапраўды надаецца ўвага?

— Напрыклад, Іспанія. Калі спаборніцтвы праводзяцца ў зале на 5000 гледачоў, яна будзе абавязкова запоўненая. Нават калі гэта не чэмпіянат, а проста гала-канцэрт. Пры гэтым людзі не проста сядзяць і ў далоні пляскаюць, а крычаць, падтрымліваюць. Вельмі прыемна там выступаць. У Італіі таксама любяць гімнастыку. Тое ж магу сказаць пра Японію. Такіх краін, паверце, хапае. У Беларусі мастацкая гімнастыка працягвае развівацца. На Алімпіядзе ў Пекіне (2008 год) срэбра ўзяла Іна Жукава. Праз чатыры гады ў Лондане бронзу заваявала Любоў Чаркашына. Медалёў мы прывозім шмат, але ведаюць нас пакуль мала.

— У вас шмат пералётаў і спаборніцтваў. Ці здараліся за мяжой нейкія экстрэмальныя інцыдэнты?

— Бывалі толькі моцныя турбулентнасці, калі здавалася: хутка ўпадзем. То правым крылом уніз, то левым. Апошнім разам па дарозе ў Більбаа людзі перада мной і жагналіся, і маліліся. Помню выпадак, калі ляцелі ў Ніжні Ноўгарад. Самалёт калаціла так, што плакала палова зборнай і нават сцюардэса.

Рэаліі мастацкай гімнастыкі: па восем гадзін у зале і бясконцыя дыеты

Калі футбаліст звычайна выдаткоўвае на трэніроўку 2–4 гадзіны, то нашы мастацкія гімнасткі праводзяць у зале не менш за восем. І так з панядзелка да пятніцы. У суботу дзяўчаты праводзяць адну 4-гадзінную трэніроўку, а ў нядзелю нарэшце адпачываюць. Пры гэтым мастацкія гімнасткі надаюць асаблівую ўвагу дыеце.

— Калі набіраюцца лішнія кілаграмы, цэнтр цяжару можа зрушыцца — і элемент не атрымаецца. Могуць здарацца траўмы. Таму трэба няспынна за сабой сачыць, — канстатуе Кацярына Галкіна. — Дыета — гэта балючае пытанне. Нехта перастае есці пасля шостай, нехта — пасля чацвёртай. Нехта дзякуючы сваёй канстытуцыі можа есці ўвесь час. Але ўсе сочаць за вагой і выглядам. Гэта першае, на што звяртаюць увагу гледачы, гэта важна для суддзяў.

zahalounaja

— То бок у панкухі з татуіроўкамі мала шанцаў перамагчы на Алімпіядзе?

— З такімі саперніцамі я яшчэ не сутыкалася.

— Выходзіць, такія дзяўчаты, як вы, цалкам кладуць жыццё на алтар мастацкай гімнастыкі. І вось настае час для адказных спаборніцтваў. Ці моцна вы хвалюецеся перад стартамі?

— Унутры можа такое адбывацца! А на выгляд не скажаш. Звычайна я сама гэты стан пераадольваю. Рэдка такое здараецца, што не магу супакоіцца і іду да сябровак па камандзе альбо трэнераў па дапамогу.

P.S. Жыўцом паглядзець на выступы з удзелам Кацярыны Галкінай можна будзе ў Мінску ў канцы красавіка. Сталіца прыме чэмпіянат Еўропы. Увесь перадалімпійскі 2015 год будзе насычаным. У чэрвені ў Баку пройдуць першыя ў гісторыі еўрапейскія Гульні. А ў пачатку верасня распачнецца чэмпіянат свету. Апроч гэтага нашы дзяўчаты будуць рэгулярна выступаць на разнастайных кубках і Гран-пры. Дык падтрымайма ж нашых слаўных і мужных гімнастак! “Байцоўскі ген” будзе сачыць за важнымі стартамі і паведамляць пра гэта.

budzma.by

Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: