Гісторыя аднаго сэксапілу

У 1937 годзе на экранах Другой Рэчы Паспалітай з’явілася пякучая бландзінка з касой, абкручанай вакол галавы. Таямнічая бландзінка, спакушаючы публіку, спявала пра сэксапіл.
Эўгеніюш Бода выконвае песню “Сэксапіл” у фільме “Паверхам вышэй” 1937, filmpolski.pl

Эўгеніюш Бода выконвае песню “Сэксапіл” у фільме “Паверхам вышэй” 1937, filmpolski.pl


Па яе руках змяіліся ланцугі з перлаў і адцянялі чорную бліскучую сукенку, што аблягала цела. Эфектная жанчына выклікала фурор. Прыгажуня, заканамерна абвешчаная «атракцыяй нашага вечара, нашай чароўнай, мясцовага разліву Мэй Уэст» адразу прыцягнула ўвагу.

Трэба сказаць, што ў тыя часы Мэй Уэст была знакамітай галівудскай сэкс-бомбай. Але ўсходнееўрапейская сэкс-бомба ў ніякім разе не саступала амерыканскім узорам. Таямнічая бландзінка, какетліва граючы белым веерам ў пёрах і спакушаючы публіку, спявала пра сэксапіл.

У жанчын ёсць непераўзыдзеная зброя: уласная зваба. Гэтая зваба прымушае мужчын пакутаваць, калаціцца — і ісці на ўсё ад адной толькі дзявочай усмешкі, ад аднаго толькі ўздыху і позірку.

Пад чары новаадкрытага сэксапілу адразу трапіў адзін слухач-небарака, убраны ў рыцарскія латы. Ён нязграбна валачыўся за прыгажуняй, спатыкаючыся аб уласны меч.

Ролю сэксапільнай прыгажуні сыграў Эўгеніюш Бода — выбітны міжваенны пясняр і акцёр. Персанаж у латах быў ягоным экранным антаганістам.

У кінакамедыі Паверхам вышэй, пастаўленай Леонам Трыстанам, два суседы, якія да таго ж маюць аднолькавае прозвішча, зацята варагуюць адзін з адным: герой Боды любіць музыку лёгкую, а ягоны старэйшы сусед прызнае толькі класічную. Акрамя таго, «легкадумны» Бода закаханы ў пляменніцу «сур’ёзнага» суседа, што ўскладняе і без таго выбуховую сітуацыю.
Песня “Сэксапіл” у выкананні Эўгеніюша Боды, 1937

Песня пра сэксапіл была толькі адным з музычных нумароў стужкі, поўнай падменаў і пераапрананняў. Іншая песня Дамовіўся з ёй а дзявятай, таксама — разам разам з Сэксапілам — стала музычным гітам. Увогуле, Эўгеніюш Бода, які яшчэ рэжысаваў фільмы і складаў сцэнарыі, быў выканаўцам папулярных песняў, якія ў Варшаве гучаць і дасюль. А кампазітар Генрык Варс і аўтар тэксту Сэксапілу Эмануэль Шлехтэр пісалі шлягер за шлягерам.

Шлехтэр загінуў у агні Халакосту, Генрык Варс перажыў вайну і ціха сканаў у Лос-Анжэлесе. Лёс Эўгеніюша Боды склаўся трагічна. Уцякаючы ад нацыстаў, якія мелі на яго зуб за антыфашыстоўскае кабарэ, ён трапіў у Савецкі саюз. Там Боду, які меў швайцарскі пашпарт, арыштавала НКВД. Нягледзячы на ўпартыя клопаты польскага ўраду, акцёр быў закатаваны ў лагеры: ён памёр ад голаду і знясілення.

Песні перажылі яго. І Сэксапіл займае асобнае месца.

Камедыйны Сэксапіл 1937 года быў выкананы ў эстэтыцы, якую праз колькі дзесяцігоддзяў вызнаюць кэмпавай. Camp, альбо па-беларуску, малімонне — гэта эстэтыка празмернасці, вульгарна-вытанчанай пачуццёвасці, сэксуальнай правакацыі і падрыву формы праз ейнае нагрувашчванне. Лебядзінае возера, Кіно пра Рокі Хорара, тэлепастаноўка Вітаю, я ваша цёця — узорныя прыклады малімоння.  

Спявачкі і спевакі, якія па-новаму выконвалі гуллівы Сэксапіл, спрабавалі яго асур’ёзніць і натуралізаваць. Акцёр Адам Астан замяніў у песні слова «мы» на «вы», так што ягоны Сэксапіл стаўся проста зваротам мужчыны да пажаданых кабет.

Жаночыя Сэксапілы былі куды цікавейшыя. Барбара Рыльска ў 60-ыя гады прадставіла энэргічную кабету-драпежніцу, якая маніпулюе мужчынамі. А ў 70-ыя гады прыйшоў час будуарна-пачуццёвых мрояў. Ганна Янтар спявала Сэксапіл пяшчотна, соладка, прыманьваючы гледачоў парасхінаным халацікам.
Песня “Сэксапіл” у выкананні Ганны Янтар, 70-я гады

Нарэшце, малімонны Сэксапіл дарос да кічу, уведзенага ў высокі канон. Праз 70 гадоў пасля свайго з’яўлення жартаўлівая песенька была выкананая сімфанічным аркестрам Кракаўскай філармоніі. Спявачка Гражына Брадзіньска ўжо не жартавала — а прадстаўляла сабой узорную сур’ёзную кабету ў суворым вечаровым убранні.
Песня “Сэксапіл” з філарманічным аркестрам

Нашаму слухачу слынная польская песня, на жаль, мала вядомая. Каб выправіць гэтую сітуацыю, прадстаўляю тут ейны вольны пераклад і спадзяюся на беларускія сэксапілы:

Сэксапіл

Словы Эмануэля Шлехтэра, музыка Генрыка Варса, першы выканаўца Эўгеніюш Бода:

Вы, мужчыны, хуліганы — а мы слабы
Але нешта і мы маем, што праглі б вы
Што нам ваша моц і сіла, што нам ваш кулачны бой,
Мы, жанчыны, хоць слабыя — маем зброю за сабой, ой, ой, ой…

Сэксапіл — оў, зброя ўсіх жанчынаў,
Сэксапіл — оў пастка для мужчынаў.
Уздых, стыль, шарм, шык
Тым вас здабываем у міг, оооое….
Адзін знак, не ведаеце і самі,
Што і як, уздыхаеце начамі
Эх,о х, ух, ах
І пакутуеце, што страх

Адзін позірк ці ўсмешка,
І кожны з вас — жорсткі падчас
Адразу мілы й сардэчны ёсць для кожнай з нас.
Слабы пол, але і найсільнейшы,
Слабы пол, але і наймацнейшы.
Уздых, шык, шарм, стыль
Наша зброя — сэксапіл.

Дыяменты не так важны, што іх нам мець
Замест гэтых дыяментаў — звабай гарэць
Мець усмешку, ладны ножкі,
Малы носік, жарсці ток,
То важней за ўсе багацці, бо ў гэтым і выток…

Оў, оў, оoooo….

Сэксапіл, сэксапіл,
абуу, анууу, ануууу, абууубапапарапапапабо…
Сэксапіл, сэксапіл,
Уздых, шык, шарм, стыль,
Наша зброя — сэксапіл!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!