Гісторыя БНР без «інфантыльнага патрыятызму»

Былы выкладчык ГрДУ, гісторык Андрэй Чарнякевіч напісаў першую рускамоўную гісторыю БНР пад назвай «БНР. Триумф побежденных». Ці варта шукаць там адкрыццяў? Для каго гэтая кніга? Як, пішучы нешта падобнае, не пакрыўдзіць калег-інтэлектуалаў?

Чарнякевіч ужо не першы год даследуе гісторыю беларускага руху, знаходзячы ўсё новыя і новыя факты па архівах Беларусі і замежжа. Вынікі яго працы падабаюцца далёка не кожнаму: тут няма пафасу, чорных і белых фарбаў, адно факты, прыпраўленыя, як добрая страва, тонкай іроніяй аўтара. Беларуская Горадня 100 гадоў таму, балахоўцы, «мефістофелеўскі» вобраз Паўла Алексюка — вось усяго некалькі тэмаў, за працу над якімі мы маем быць удзячныя Чарнякевічу.

Сёлета ж у выдавецтве «Янушкевіч» выйшла рускамоўная гісторыя БНР, ідэю якой спадар Андрэй выношваў не адзін год. Дамо, нарэшце, слова аўтару.

Гісторыя БНР, безабаронная перад фактамі…

— Спадар Андрэй, каго Вы б хацелі пабачыць сярод чытачоў?

— Перш за ўсе, тых асобаў, якія перакананыя ў сваёй беларускасці, шмат паспелі пераасэнсаваць і зараз у стане параўнаць асабісты досвед з тым, што адбывалася сто гадоў таму. Людзей, якіх цяжка расчараваць…

— Ці варта чакаць тут адкрыццяў, альбо гэта хутчэй «лікбез» для тых, хто не ў тэме, абагульненне альбо падсумаванне напрацаванага гісторыкамі за доўгія гады?

— Тэма БНР застаецца для нас пэўным сімвалічным рэсурсам. І ў гэтым яе вялікі патэнцыял. Але гісторыя БНР безабаронная перад фактамі, якія збольшага шырокаму чытачу невядомыя. Таму, мабыць, у нейкім сэнсе — «лікбез». З іншага боку, я вельмі ўважліва пастараўся выкарыстаць тое, што ўжо было зроблена іншымі даследчыкамі.

— Руская мова — гэта намёк на рускамоўных беларусаў ці спроба распавесці пра БНР расіянам, украінцам, прыбалтам?

— Гэта спроба адказаць на пытанне: ці існуе БНР па той бок? Ці цікава гэтая тэма той частцы грамадства, для якой беларуская мова не з’яўляецца вынікам паўсядзённага свядомага выбару.


Пра Луцкевіча, Алексюка ды «нервовых інтэлектуалаў»


— Наша інтэлектуальнае асяроддзе часцяком нервова ставіцца да рускамоўнага прадукту, нават карыснага і патрыятычнага. Вы сутыкаліся з нейкімі негатыўнымі рэакцыямі ў гэтым кантэксце?

— «Нервовыя інтэлектуалы» заўсёды знойдуць нагоду для крытыкі. Тым больш, калі «прадукт» амаль не нясе ў сабе ідэалагічнай карысці і яшчэ менш — інфантыльнага патрыятызму! Парадаксальна, але мы павінны пабачыць самі сабе ў тых нашых папярэдніках, паспрабаваць пазнаць уласныя погляды і перакананні, каб пазбавіцца ад ілюзіі кругазвароту: мы — гэта не яны. І другой БНР не будзе. Гісторыю небяспечна перапісваць, але яе варта ведаць. Напрыклад, каб рабіць паўзу, перш чым канчаткова нешта вырашаць…

— Тэмай БНР Вы займаецеся не першы год. Ці маеце сваіх «любімчыкаў» сярод «зорак эпохі»? Ці надаеце ў кнізе пэўным персаналіям асаблівую увагу?

— Хутчэй, наадварот. Я амаль нічога не напісаў аб Аляксюке, пра якога толькі што выйшла мая кніжка. Зусім мала пра Антона Луцкевіча, а ён адыгрываў адну з галоўных роляў у фармаванні ідэалогіі беларускага руху. Затое ўзгадаў Зуземіля, Ваявудскага ды Ульянава, якія, можа за выключэннем апошняга, неяк выпадаюць з агульнага кантэксту. Справа ў тым, што ўсе гэтыя асобы маюць істотнае значэнне ў гісторыі БНР, але толькі калі яны разам. І мая праца — у нейкім сэнсе іх групавы партрэт.  

БНР — падмурак нашай рэчаіснасці. Яна вам падабаецца?..

— Усё ж такі, ці меў «праект БНР» шанцы на стварэнне паўнавартаснай дзяржавы? Што гэтаму запярэчыла?

— Шанцаў не было. Але гэта мы зараз ведаем. БНР стаўся адказам на тыя выклікі, якія паўсталі перад беларусамі ў гэты час. І ён жа паклаў падмурак пад будучую дзяржаву, у якой мы зараз і жывем.

— Ці лічыце вы справядлівай тэзу, што без БНР не было б і БССР, а значыць — і незалежнай Беларусі?

— Без БНР, напэўна, не было б сённяшняй рэчаіснасці, гэта безумоўна. Аднак, ці ўсе мы задаволеныя сённяшнім станам рэчаў?..

— Часта кажуць пра «годнае ўшанаванне» БНР і яе айцоў-заснавальнікаў. На вашую думку — як гэта? У якім кантэксце мы сёння павінны памятаць пра БНР і якое месца тыя падзеі павінны займаць у нашым жыцці?

— Самы галоўны вынік юбілею ў тым, што, калі надыйдзе 26 сакавіка, мы атрымаем непаўторны досвед. Пытанне толькі, ці ён нас расчаруе, ці гэта будзе ўжо сапраўдная перамога. Яшчэ не трыюмф, але ўжо і не параза.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • валерий
  • 2018-03-23 12:36:19
На русском - это правильно. До многих, говорящих по-русски, дойдёт, наконец, НЕ ИСКАЖЁННАЯ история...
  • Ніна
  • 2018-03-23 18:15:22
Трэба пісаць для рускамоўных, і прастора карыстальнікаў пашыраецца.

Каментаваць