«Голаму мастаку» Аляксею Кузьмічу зноў пагражаюць судом (фота, відэа)

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч, які летась зладзіў нашумелую акцыю «Шчыт, ці міністэрства фалакультуры» (аголеным пратэставаў супраць цэнзуры ў мастацтве), заявіў пра пагрозы. НЧ пагутарыў з творцам пра сітуацыю, перадвыбарчы і каронавірусны псіхоз, канфіскацыю калекцыі Белгазпрамбанка, а таксама пра лёс мастацтва ва ўмовах аўтарытарызму і пандэміі.


Першая акцыя мастака «Творец без яЕц» прайшла на адкрыцці фестывалю Art-Minsk-2019 летась у чэрвені, у мінскім Палацы мастацтваў. Аляксей экспанаваў там свае відэаінсталяцыі. На імпрэзу ён прыйшоў у касцюме дворніка, проста падчас афіцыйных прамоў раскідаў маніфест і стаў падмятаць, паказваючы такім чынам прыніжаную пазіцыю мастака на сучасным арт-рынку. Кіраўніцтва фестывалю не дужа зразумела, што адбываецца, сітуацыю ціха замялі, Аляксея Кузьміча на выставы Палаца мастацтваў і Белгазпрамбанка больш не бралі. На думку творцы, гэта не звязана з якасцю яго твораў, бо за ўдзел у леташнім Art-Minsk ён атрымаў дыплом за подпісам Віктара Бабарыкі.


3 кастрычніка 2019 года на адкрыцці калектыўнай выставы «Прысутнасць» у НЦСМ Аляксей зладзіў акцыю «Шчыт, ці міністэрства фалакультуры». Аголены мастак выказаўся супраць цэнзуры ў мастацтве, прымацаваўшы на інтымнае месца копію шыльды беларускага Мінкульта. НЦСМ ініцыявала судовы працэс супраць творцы, напісаўшы на яго заяву пра хуліганства. Суд вярнуў справу на дапрацоўку і па ёй выйшаў тэрмін даўнасці.

Але на днях Аляксей Кузьміч зноў займеў шанец пазмагацца з сістэмай у судзе. 5 чэрвеня ў сваім Інстаграме творца выставіў фота з акцыі «Творец без яЕц», якая прайшла год таму, суправадзіўшы іх пастом з крытыкай мастацкіх праектаў Белгазпрамбанка і ў прыватнасці Віктара Бабарыкі, які прэтэндуе на пасаду прэзідэнта.
Посмотреть эту публикацию в Instagram

Год назад прошла моя первая акция "Творец без яЕц". В ней я рассуждал о месте художника в существующей институциональной системе координат. О его роли обслуживающего персонала в оформлении бизнес задач и идеологий правящей верхушки, где он на празднике жизни плутократии выполняет унизительную роль евнуха, вместо прямой задачи творца - создания свободного искусства и конструирования собственных миров. После этой акции я был забанен к участию на последующие осенние салоны и арт-мински, проводимые Белгазпромбанком и Бабарико в частности (тот самый который хочет щас в презики), что, собственно, было ожидаемо и ничуть не расстроило, т.к. поддерживать театр неолиберального капиталистического абсурда намерения у меня больше не было. В искусстве действия - то, чем занимаюсь теперь - игра идет на моих условиях, где нет посредника между художником и зрителем, вроде длинной, как хуй на заборе, чреды кураторов, галеристов, менеджеров, директоров, штатных искусствоведов, идеологов, проктологов, юристов, статических статистов, пессимистов, онанистов, лоббистов, которые своими бесконечными согласованиями, правками, цензурированием нещадно поганят чистое искусство - брутальное, дикое, анархичное в своей основе. Полное видео акции по активной ссылке в профиле.

Публикация от Alexei Kuzmich, Jr. (@art_kuzmich)


 Сітуацыю мастак назваў «тэатрам неаліберальнага капіталістычнага абсурду». Пасля гэтага Аляксею патэлефанавалі з Палаца мастацтваў, папрасіўшы выдаліць пост і больш не выказвацца негатыўна пра саму ўстанову культуры, Белгазпрамбанк і Бабарыку, пагражаючы падаць на творцу ў суд «за шкоду дзелавой рэпутацыі».

Заўважым, што дзеля таго, каб суд прызнаў выказванне шкодай, а не меркаваннем, павінны спалучацца дзве ўмовы: распаўсюджаная інфармацыя зневажае ўстанову і ў той жа час ёсць непраўдзівай. НЧ пагутарыў з Аляксеем Кузьмічом пра сітуацыю, што склалася, перадвыбарчы і каронавірусны псіхоз, а таксама пра лёс мастацтва ва ўмовах аўтарытарызму і пандэміі.

– Вы неаднаразова за апошні год посцілі ў сацсетках фота і відэа акцыі «Творец без яЕц» і крытыку сітуацыі на беларускім арт-рынку. Чаму менавіта цяпер так адрэагаваў Палац мастацтваў?

– У адным з інтэрв’ю, ужо пасля акцыі «Шчыт, ці міністэрства фалакультуры», Віктар Бабарыка асудзіў Палац, які не ўзяў мяне на Восеньскі салон Белгазпрамбанка. Відаць, дырэктар Палаца мастацтваў загадаў са мной звязацца, каб мяне запрасілі да ўдзелу ў наступных выставах і ў дадатак прыгразілі судом, калі я буду працягваць выказвацца крытычна. Думаю, як мастак я ім не асабліва цікавы, яны проста хочуць, каб я замаўчаў. Я на розных пляцоўках кажу, што Восеньскі салон камерцыялізаваны, адлюстроўвае фінансавыя інтарэсы Белгазпрамбанка, што яны адбіраюць непалітызаваных, «зручных» мастакоў, якія вырабляюць «нявострае» мастацтва.

Бабарыка цяпер ператвараецца ў такога паўбога ў Беларусі, зразумела, што яму не трэба крытыка. Німб вакол яго не павінен парушацца. СМІ робяць яму імідж мецэната, хаця ён сам заяўляе, што ніякі не мецэнат. Дзіўна казаць пра мецэнацтва, калі карціны набытыя Белгазпрамбанкам ва ўласную калекцыю, з мэтай капіталізацыі. З усімі высакапарнымі словамі, што гістарычныя каштоўнасці вернутыя на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, карціны цяпер канфіскаваныя ўладамі рэспублікі. Наўрад ці б яны сталі самі ў сябе нешта канфіскоўваць, гэта значыць, што творы мастацтва раней не належалі дзяржаве. Такім чынам, звязваючыся са мной, Палац мастацтваў узяў на сябе функцыю прадстаўніка кандыдата ў прэзідэнты Бабарыкі. Я думаю, гэта палітычнае рашэнне, якое наспела менавіта цяпер.

– Ад цэнзуры пакутуеце не толькі вы. Сёлета споўнілася б 75 год вашаму бацьку, таксама мастаку, Аляксею Кузьмічу. Аднак Нацыянальны мастацкі музей адмовіўся рабіць яго юбілейную выставу. З чым гэта звязана?

– Яшчэ пры жыцці бацька канфліктаваў з кіраўніцтвам Нацыянальнага мастацкага музея. Ён ніколі не быў праўладным, «прыкарытным» мастаком. У яго няма ніводнай узнагароды ад дзяржавы, хаця ў 1996 годзе на яго выставу прыходзіў Аляксандр Лукашэнка, які тады яшчэ не меў славы дыктатара. Мэр Масквы Юры Лужкоў наведваў бацькаву майстэрню. Усе думаюць, што Аляксей Кузьміч быў народным мастаком, але гэта не так. Мне здаецца, гэта добра, што ён не меў ніякіх дзяржаўных узнагарод. Гэта значыць – не выслужваўся перад дзяржавай.

– Часам адсутнасць дзяржаўных узнагарод – гэта найлепшая ўзнагарода...

– Нацыянальны мастацкі музей адмаўляецца рабіць выставы Аляксея Кузьміча-старэйшага ўжо не першы год. Я спадзяваўся, што на юбілей нешта памяняецца, але не. Пасля маіх акцый незадаволенасць творчасцю бацькі таксама ўзрасла. Іншай пляцоўкі, дзе можна было б прадставіць разгорнутую рэтраспектыву работ Аляксея Кузьміча, у Беларусі папросту няма. Людзі мала наведваюць інстытуцыі культуры.

– Як вы мяркуеце, які будзе лёс мастацтва пасля эпідэміі? Людзі пачнуць менш наведваць выставы ці, наадварот, наседзеўшыся дома, пойдуць па жывыя ўражанні?

– Зразумела, што свет памяняўся. Я ўсё ж думаю, што не так страшная сама эпідэмія, як яе наступствы: эканамічныя, палітычныя… Што да арт-сферы, то, думаю, колькасць наведванняў можа паднізіцца, але мастацтва ўсё роўна застанецца off line. Віртуальная прастора – гэта не тое. Мастацтва патрабуе прысутнасці, узаемадзеяння з гледачом. Сучаснае мастацтва вельмі актыўнае, гэта не карціна, якая вісіць на сцяне. Яго трэба адчуць, судакрануцца, ледзь не памацаць. Мастацтва ў Беларусі ўвогуле непапулярнае, а on line – тым больш.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: