Гомельскі гурт «Ягорава гара» паказаў у Мінску калядную праграму (фота)

У мінскім пабе «Графіці» 23 снежня выступіў гурт з Гомеля «Ягорава гара». Музыкі спалучаюць народныя песні і гучанне традыцыйных інструментаў з электроннымі сэмпламі.

 


У “Ягоравай гары” атрымліваецца без сумневу беларуская традыцыйная музыка, якую можна і слухаць, і танчыць пад яе, і нават выканаць брэйк-данс (быў прэцэдэнт). Частку песень гурт выконвае акапэльна, да часткі дадае толькі ўдары ў бубен. Любы твор у іх апрацоўцы, што гучыць з электроннай падложкай, калі яе прыбраць, застанецца цалкам сабе традыцыйнай песняй.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

У “Графіці” гамельчукі заспявалі ў тым ліку і калядкі. Разам з імі некалькі песень выканала чатырнаццацігадовая спявачка з Мінска Улада Філіповіч. Нядаўна дзяўчына перамагла ў фальклорным фестывалі-конкурсе “Прамень”, арганізаваным “Ягоравай гарой”. Яна пяе зусім па-даросламу, голас мае моцны і вельмі своеасаблівы. Спявачка таксама выканала nhs кампазіцыі сольна.

Рэпертуар “Ягорава гара” шукае ў этнаграфічных экспедыцыях па Гомельшчыне і сярод архіўных аўдыёзапісаў.


Лідар гурта Ігар Архіпаў (сцэнічны псеўданім Ягор Паляшук) распавядае: “Я глядзеў фільм пра “Песняроў”, і там яны ездзілі па вёсках, запісвалі песні ад бабуль. Потым ужо ў Мінску слухалі запісы разам з кампазітарам Ігарам Лучанком, натхняліся, стваралі ўласныя кампазіцыі. Ну, і я зразумеў, з чаго трэба пачынаць. Напрасіўся з супрацоўнікамі Веткаўскага музея ў экспедыцыю. Цяпер ужо самі ездзім, гуртом”. Большая частка кампазіцый “Ягоравай гары” зроблена акурат на аснове гомельскага матэрыялу. Удзельніцы гурта Ірына Глушэц, Зося Музычка і Кацярына Магонава выступаюць у рэгіянальных строях вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна.

Каб зрабіць беларускую спадчыну актуальнай для моладзі, Ігар Архіпаў, аўтар апрацовак песень, уважліва сочыць за сучаснымі тэндэнцыямі. “Ягораву гару” ён стварыў у 2013-м, маючы на той момант 50 год і не маючы музычнай адукацыі: “У маладосці я граў ля пад’езда на гітары, гэтым мой музычны вопыт і абмяжоўваўся. Але слухаў заўсёды шмат музыкі, розных жанраў. Шмат купляў плыт, потым касет, дыскаў… Дыскатэкі вёў пэўны час. Мы і цяпер з жонкай, бывае, ходзім патанчыць у начны клуб. І вось пачаў слухаць замежныя гурты этнічнага накірунку, “Dead Can Dance”, “Deep Forest”. А тады стаў цікавіцца нашымі выканаўцамі таго ж стылю. Ведаў з сучасных толькі “Палац”, “Тройцу” і “Старога Ольсу”. Узгадаў “Песняроў”, якіх слухаў у юнацтве. Сам здзіўляюся дасюль сваім імпульсам рабіць музыку, як сам не музыка”.

“Ягорава гара” мае адзін студыйны альбом і матэрыялу яшчэ на два мінімум. Наступны выступ гурта адбудзецца ў Гомелі 11 студзеня, на дзень народзінаў праекта і яго лідара.

 

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!