HomoCosmos ставіць спектакль паводле Алексіевіч

Незалежная тэатральная кампанія HomoCosmos пачала працу над новым праектам «Хлопчыкі». Ставіць спектакль па кнізе Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі» рэзідэнт HomoCosmos, Алег Хрыстолюбскі, у нядаўнім мінулым галоўны рэжысёр тэатра «Пошук» (Лесасібірск, Расія), выпускнік Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў.

Алег Хрысталюбскі, фота Паліны Назаравай. Здымак прадастаўлены HomoCosmos

Прэм'ера запланавана на канец лістапада. Якой яна будзе, распавёў Алег Хрысталюбскі. Ідэя «Хлопчыкаў» з'явілася ў рэжысёра каля года назад:

«Я шукаў матэрыял, які б дазволіў мне гаварыць аб тых тэмах, аб якіх я хачу паразмаўляць. І я знайшоў гэта ў «Цынкавых хлопчыках» Алексіевіч, проста на першых старонках. Пасля таго стаў нараджацца спектакль, прыдумвацца форма».

Але магчымасці для рэалізацыі праекта не знаходзіліся, пакуль агульныя знаёмыя не параілі рэжысёру звярнуцца да продзюсаркі HomoCosmos Кацярыны Саладуха. Перамовы прайшлі паспяхова, і ў пачатку верасня пачаўся першы этап працы над будучым спектаклем.

На рахунку Алега Хрысталюбскага ёсць і дастаткова традыцыйныя пастаноўкі, напрыклад, «Олд Сэйбрук» Вудзі Алена або «Небяспечны паварот» Джона Бойтана Прыстлі (Лесасібірск), і сучасныя праекты, такія як спектакль-праменад «Арфей не прыйдзе», рэалізаваны ў межах фестывалю ЦЭНТР (Варонеж) і Міжнароднага Волкаўскага фестывалю (Яраслаўль), або спектакль-інсталяцыя «Тоеснасць Эйлера» (Санкт-Пецярбург), у якім замест акцёраў працуюць 11 ноўтбукаў. Такую разнастайнасць рэжысёр тлумачыць проста:

«Я не прыхільнік нейкага пэўнага віду тэатра. Мне падабаецца ўсё. А канкрэтную форму, у якой будзе зроблены спектакль, вызначае ідэя, магчымасці, якія ёсць у цябе тут і цяпер».

Фота са спектакля «Арфей не прыйдзе» ўзята з сайта тэатра Нікіцінскі

Фота са спектакля «Тоеснасць Эйлера» ўзята са старонкі спектакля УКантакце

«Хлопчыкі», па словах Алега Хрысталюбскага, будуць уяўляць сабой мікс розных сучасных тэатральных практык:

«Любое азначэнне абмяжоўвае. Наша пастаноўка будзе і імерсіўнай, і інтэрактыўнай, гэта і спектакль-праменад, і спектакль-інсталяцыя, і сайт-спецыфік. Дзякуючы такой разнастайнасці мы змаглі захаваць амаль увесь тэкст, максімальна поўна распрацаваць кнігу Алексіевіч.

Я за рэжысёрскі тэатр і заўсёды ўступаю ва ўмоўную сутворчасць з аўтарам: з тэкстам можна працаваць па-рознаму, манціраваць яго і гэтак далей. У «Хлопчыках» частку тэксту можна будзе пачуць, частку – прачытаць, але ў любым выпадку ўсё, што ўбачыць глядач, з чым ён будзе ўзаемадзейнічаць, узята з кнігі Алексіевіч, проста па-рознаму пададзена.

У гледача будзе вялізны выбар таго, як узаемадзейнічаць са спектаклем. Можна будзе назіраць за тым, што адбываецца з боку, браць удзел у актыўнасцях або пагаварыць з акцёрамі сам-насам. Мне самому вельмі падабаецца, калі ў мяне ёсць магчымасць да чагосьці дакрануцца, пасядзець, паглядзець, пачытаць, пахадзіць, падумаць, таму што гэта важная частка спасціжэння свету».

Свой спектакль рэжысёр называе антымілітарысцкім і ўпэўнены, што гэта тэма, якая гучыць у «Цынкавых хлопчыках», актуальная і для Беларусі:

«Вядома, кожны раз, калі я пачынаю працу над новым спектаклем, у мяне ёсць асцярога, што гледача могуць не хваляваць тыя тэмы, якія я лічу важнымі. Але тут я давяраю Кацярыне, якая пагадзілася рэалізаваць гэты праект. Яна ведае, што мы робім, разумее беларускі кантэкст і пачуцці гледачоў, таму што жыве тут, займаецца тут тэатрам. І калі яна вырашыла, што такі праект актуальны і будзе цікавы яе аўдыторыі, то, напэўна, так і ёсць.

Пастаноўка, якую мы робім, – пра любоў да чалавека, пра каштоўнасць чалавечага жыцця, і гэта ўсё ёсць у кнізе Алексіевіч. Гэта тое, пра што гавораць яе інтэрв’юіруемыя. Размова аб Афганскай вайне і яе памылках прывяла аўтара да глабальных антываенных пытанняў. Таму мне здаецца, што яе кніга пра вайну ў прынцыпе. І ў гэтым сэнсе мы дастаткова беражліва абыходзімся з ідэямі аўтара.

Нельга ставіцца да вайны як да нечага нармальнага. Калі мы пачынаем успрымаць ваенныя аб'екты як частку нашага жыцця, мы адыходзім ад разумення самага галоўнага, аб чым гаварылася яшчэ ў фільме «Ідзі і глядзі»: любая вайна – гэта антычалавечая з'ява. А ў той момант, калі мы выводзім тэхніку на парад, мы выхоўваем звычку ганарыцца ёю, хоць, па вялікім рахунку, гэта зброя масавага паражэння, якая будзе забіраць чалавечыя жыцці. І гэта няправільна».

«Цынкавыя хлопчыкі», безумоўна, не лёгкая забаўляльная літаратура, а імерсіўны спектакль, які прадугледжвае занурэнне гледача ў яго падзеі, павінен зрабіць уздзеянне тэксту яшчэ больш інтэнсіўным. Але, як лічыць, Алег Хрысталюбскі, гэта неабходная цана «прышчэпкі антымілітарызму»:

«Мы не ставім сабе мэтай траўмаваць гледачоў, таму не хаваем ад іх, на які спектакль яны ідуць. Мы не кажам «прыходзьце глядзець на аднарогаў», а самі потым падсоўваем свіную галаву. Траўма ўзнікае ад нечаканасці, а мы папярэджваем, што спектакль мае на ўвазе цяжкія эмацыйныя перажыванні. Але баюся, гэта кошт шчырай размовы пра вайну.

Я амаль упэўнены – будзе шмат адрыньвання, і гаворка тут ідзе не пра тое, што хто-небудзь з гледачоў скажа: «Гэта не тэатр». Я кажу аб адрыньванні, выкліканым страхам, жахам ад таго, што адбываецца, таму што захочацца захаваць дыстанцыю, а мы такой магчымасці не даем. Але, магчыма, для некага гэты вопыт будзе іголкай, якая дапаможа лопнуць мыльную бурбалку і па-іншаму паглядзець на свет. У мяне таксама аднойчы здарыўся спектакль, што кардынальна змяніў маё стаўленне да навакольнага свету. І гэта было балюча і складана эмацыйна. Але гэта прыносіць свае плады».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: