«Горкае жніво»: у Мінску паказалі стужку пра Галадамор ва Украіне (фота)

Мастацкі фільм «Горкае жніво» прысвечаны вялікаму голаду 1932-33 гадоў, які ахапіў Украіну ў выніку масавай канфіскацыі сілавымі органамі сталінскага ўраду прадуктаў харчавання ў сялян.


Імпрэза, прымеркаваная да 85-й гадавіны Галадамору, праходзіла ў закрытым рэжыме. На ёй, акрамя тых, хто атрымаў запрашэнне, прысутнічалі амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім ды іншыя прадстаўнікі пасольства.

Перад паказам Ігар Кізім распавёў, што фільм быў створаны для заходняга гледача. Гэта была першая спроба зрабіць фільм, які даходліва распавядае пра гэтую трагедыю неабазнанаму ва ўкраінскай гісторыі гледачу.

Пасол таксама ў сваім выступе згадаў аднаўленне ў Доўску Крыжа памяці і ўдзячнасці ад украінцаў беларусам: «Для мяне сёлета было важнае адкрыццё: я даведаўся, што беларусы дапамагалі ўкраінцам выжыць падчас Галадамору. Такіх крыжоў, як у Доўску, можна было б паставіць па Беларусі багата. Гэта сведчанне сапраўднага братэрства нашых народаў».

У глядзельнай залі была арганізаваная невялічкая выстава з украінскіх расшытых нацыянальнымі вузорамі рушнікоў, якія былі створаны ў 30-х гадах мінулага стагоддзя…

Ва Украіне Галадамор быў прызнаны генацыдам у 2006 годзе рашэннем Вярхоўнай Рады. З таго часу генацыд украінцаў сталінскім урадам прызналі парламенты 16 краін свету. Яшчэ восем краін асудзілі Галадамор у афіцыйных зваротах.. Паводле розных ацэнак, у выніку Галадамору загінула ад 2 да 10 мільёнаў украінцаў.
Непрызнанне Галадамора ва Украіне з’яўляецца злачынствам.

У рэзалюцыі, прынятай днямі Палатай прадстаўнікоў ЗША, якая прызнае Галадамор генацыдам, адзначаецца: «У 1932-1933 гг. мільёны ўкраінцаў загінулі па волі таталітарнага сталінскага ўраду СССР, які наўмысна арганізаваў голад ва Украіне з мэтаю зламаць супраціў нацыі да калектывізацыі і камуністычнай акупацыі».

Месяц таму ў Доўску пры падтрымцы амбасады Украіны адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага крыжа Памяці і ўдзячнасці — адзінага напаміну ў Беларусі пра ўкраінскі Галадамор.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!