Хранатоп у Нацыянальным гістарычным музеі

З 5 снежня ў галерэі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адкрыта выстава мастака-пастаноўшчыка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Іллі Падкапаева «ХРАНАТОП_2.1... Прастора/час 2.1.».


У аснову канцэпцыі выставы пакладзены разважанні і назіранні мастака на тэму прасторы/часу чалавека ХХ – пачатку XXI ст. Рознасць тэхнік, манер і матэрыялаў маюць для аўтара вызначальнае значэнне. Так, у халодны, шэра-сталёвы каларыт мастак укладвае вобразы вайны і бязлітаснасці часу. Чырвоны з'яўляецца адначасова біпалярным сімвалам нараджэння і смерці. Блакітны і сіні становяцца колерамі міру і надзеі.

Ідэю ўвасаблення вобразаў аўтар выбудоўвае на аснове быцця чалавека, яго існавання і канфлікту паміж «Я цяпер» і «Я пасля». Агульным ў вырашэнні прасторы фармату становіцца яго ўнутраны/знешні канфлікт – яго аналіз і рэпрэзентацыя. У экспазіцыі будуць прадстаўлены жывапісныя і графічныя работы, зробленыя за апошнія некалькі гадоў.

Падкапаеў Ілля Мікалаевіч нарадзіўся 14 лістапада 1990 г. У 2010 г. скончыў Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «дызайн», у 2015 г. – Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя». У гады вучобы ва ўніверсітэце ўдзельнічаў у стварэнні «Канцэпцыі брэндзіравання Віцебскага рэгіёну сродкамі дызайну» (праект ўладкавання Парка тысячагоддзя «Line» у г. Віцебску). У 2019 г. скончыў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

З 2018 г. працуе ў трупе Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра мастаком-пастаноўшчыкам. Удзельнічаў у больш чым 10 пастаноўках, у тым ліку балетах «Сем смяротных грахоў», «Шчаўкунок», «Дзюймовачка», «Спячая прыгажуня» і іншых. Сябра Беларускага саюза дызайнераў.

У сферу навуковых інтарэсаў уваходзяць структура і семантыка тэатральнай прасторы, хранатоп музычнага спектакля, семіётыка і філасофія прасторы-часу тэатральнага твора.


Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Паводле прэс-службы Нацыянальнага гістарычнага музею, histmuseum.by




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!