Грунвальдская бітва: перамога, што ўз’яднала ліцвінаў

Ужо ў 11-ты раз 20 і 21 ліпеня ў музеі народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі» пройдзе фестываль сярэднявечнай культуры «Наш Грунвальд». Пра рыцарства ў ВКЛ і цяпер, рэканструкцыю і адметнасці сёлетняга свята НЧ пагутарыў з адным з вядоўцаў леташняга фэсту Юрыем Усціновічам.
Юры Усціновіч, фота Дзіяны Серадзюк

Юры Усціновіч, фота Дзіяны Серадзюк

Юры Усціновіч з 1994 года пачаў займацца тым, што тады называў рэканструкцыяй эпохі Сярэднявечча. Цяпер ён больш абачліва называе сябе стылізатарам. Бо рэканструкцыя — гэта вельмі дарагое, працаёмкае і складанатэхналагічнае задавальненне.

— Іначай — гэта прафанацыя, — адзначае Юры. — Напрыклад, даспехі: для вырабу кірасы (элемент даспехаў, які абараняе спіну і грудзі рыцара. — НЧ.) метал павінен расплюшчвацца. А цяпер іх робяць з пракатнага ліста жалеза — і гэта ўжо не зусім рэканструкцыя.

Юры быў удзельнікам і кіраўніком аднаго з першых у Мінску рэканструктарскіх клубаў «Калюмны», потым заснаваў і кіраваў клубам «Жалезны воўк» у Полацку. Пад яго кіраўніцтвам паўстаў народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі Зьвяз», які кожныя тры гады пацвярджае званне народнага калектыву. Хоць апошнім часам Юры не ўдзельнічае ў прафесійных рыцарскіх баях, але як знаўцу яго запрашаюць у якасці вядоўцы альбо каментатара баёвак на рознага кшталту фестывалі гістарычнай рэканструкцыі. Так сталася і з фестывалем «Наш Грунвальд», на якім Юры паспеў пабываць і ў якасці гледача, і летась — у якасці вядучага другой сцэны.

— Я быў вельмі ўсцешаны такой прапановай, таму што «Наш Грунвальд» — адзін з самых класных фэстаў. Ён, бадай, найбольш масавы ў Беларусі: туды з’язджаецца шмат удзельнікаў — некалькі соцень, прычым з розных краін. Гэта крута!
Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Як няцяжка здагадацца з назвы, фестываль прысвечаны слаўнай перамозе аб’яднаных войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай над крыжакамі, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года пад Грунвальдам (Усходняя Прусія, цяпер тэрыторыя Польшчы). І адна з адметнасцяў фэсту ў тым, што госці змогуць на ўласныя вочы пабачыць рэканструкцыю некаторых эпізодаў бітвы і адчуць трыумф перамогі і гонар за нашых продкаў.

— Важнасць гэтай падзеі, паводле арганізатараў, можна ахарактарызаваць адным сказам: на Грунвальдскую бітву ехалі харугвы смаленскія, полацкія, віцебскія, аршанскія, мсціслаўскія, а назад вярталіся пераможцы-ліцвіны, — кажа суразмоўца.

Разам з тым фэст папулярызуе агульнаеўрапейскія традыцыі рыцарства, ад якіх нашыя землі таксама не былі адарваныя.

— Рыцарскія турніры, пра якія мы гаворым, узніклі прыкладна адначасова ў Германіі і Францыі, потым гэтая культура стала пашырацца ў Англію (ХІІ стагоддзе), Венгрыю (ХІІІ стагоддзе), Чэхію (XIV стагоддзе), Польшчу. Напрыканцы XIV стагоддзя турнірныя традыцыі прыйшлі і на нашыя землі, — распавядае Юры Усціновіч. — Рыцарскія турніры на нашых беларускіх землях у часы Вялікага Княства Літоўскага, хутчэй за ўсё, праводзіліся не толькі ў каралеўскіх і вялікакняскіх дварах, але, магчыма, і ў магнацкіх. Ускосна пра гэта сведчыць багатая калекцыя менавіта турнірных даспехаў тых жа Радзівілаў. Цяпер яе ў нас няма, яе часткі знаходзяцца ў Кракаве, Вене, музеях Амерыкі, Эрмітажы… Але і цяпер, паасобку, складнікі калекцыі ўяўляюць сабой шэдэўры.

Акрамя таго, дадае Юры, прадстаўнікі многіх нашых родаў ездзілі па Еўропе і праявілі сябе ў турнірах. Тыя ж Радзівілы, ці Аляксандр Солтан, які атрымліваў узнагароды як пераможца рыцарскіх турніраў і ад англійскага караля, і ад герцага Бургундскага.
Наш Грунвальд-2018, фота Алены Ляшкевіч

Наш Грунвальд-2018, фота Алены Ляшкевіч

Традыцыя рыцарскіх фэстаў у сучаснай Беларусі стала актыўна развівацца ў другой палове 1990-х гадоў на хвалі адраджэнцкага рамантызму. Хаця цяпер, на думку Юрыя Усціновіча, рэканструктарскі рух пакрысе затухае. Не тое каб рамантыкаў паменела — проста частка з іх адфільтроўваецца камп’ютарнымі гульнямі, якіх раней не было, і каб «пагуляцца ў Сярэднявечча», трэба было вырабляць даспехі, трэніравацца. Гэта цяжкая праца, якую цяпер можна замяніць наіцсканнем кнопак на камп’ютары. Да таго ж, як ужо было сказана, рэканструкцыя — дарагое задавальненне, якое пераходзіць у разрад элітарнасці. Таму сённяшнія рыцарскія фэсты, асабліва такія буйныя, як «Наш Грунвальд» — унікальныя, бо збіраюць людзей, якія сапраўды гараць гэтай справай.
Чытайце таксама:

Грунвальд нашай славы


А яшчэ гэта першы ў Беларусі фэст, які з мінулага года ўвёў рэальныя конныя турніры.

— У свеце ўвогуле зараз мала хто праводзіць рэальныя конныя сшыбкі, Беларусь — адна з пяці краін, дзе гэта адбываецца. Я ведаю, што і сёлета яны будуць на «Нашым Грунвальдзе», — распавядае Юры.

Па словах знаўцы, гэта сапраўды шыкоўнае відовішча, і глядач, пабачыўшы аднойчы сапраўдны конны турнір, пасля зможа адрозніваць яго ад «паказушнага», і адназначна атрымае больш драйву і адрэналіну.

— Уявіце: у рэальнай сшыбцы па-сапраўднаму ламаюцца і разлятаюцца ў шчэпкі дзіды. Бо сэнс у тым, каб, паводле правілаў турніраў XV стагоддзя, альбо збіць суперніка з сядла, альбо зламаць дзіду, — тлумачыць суразмоўца. — Вядома, без траўмаў не абыходзіцца, але ахоўнае ўзбраенне як для рыцара, так і для каня, мінімізуе іх.

Аматараў баёў чакаюць і камандныя бітвы, і двубоі, і розныя рыцарскія выпрабаванні, у якіх, дарэчы, можна паўдзельнічаць і гледачам. Паласа рыцарскіх перашкодаў, якую ўпершыню зладзяць на фэсце сёлета, — выдатная магчымасць спраўдзіць свой фізічны стан і на сабе адчуць, як жылося ваярам Сярэднявечча.
Наш Грунвальд-2018, фота Алены Ляшкевіч

Наш Грунвальд-2018, фота Алены Ляшкевіч

Але бойкі — гэта яшчэ не ўсё. Апроч гэтага «Наш Грунвальд» адметны тым, што падчас яго адбываецца, фактычна, фестываль у фестывалі. Акрамя рыцарскіх турніраў, якія праходзяць зранку да пачатку вечара, на свяце выступаюць музычныя гурты з розных краін (сёлета, апроч беларускіх музыкаў, выступяць каманды з Украіны, Расіі, Германіі, Італіі, Аргенціны), а хэдлайнерам будзе сусветнавядомы medieval гурт Corvus Corax — таму аматарам усемагчымых спалучэнняў фольку і року будзе, чым заняць вушы. Плюс будзе працаваць другая сцэна, дзе можна будзе пазнаёміцца з творчасцю таксама вартых гуртоў, тэатральных каманд и танцавальных калектываў.

Наш Грунвальд-2018, фота Алены Ляшкевіч

Праграма фэсту «Наш Грунвальд»

Сярод выступоўцаў эксперт раіць звярнуць увагу таксама і на шатландскую пяхоту — у гэтым годзе яны падрыхтавалі адметную праграму. Ну і як жа без традыцыйнага кірмаша і гораду майстроў?

— Год ад году расце прафесіяналізм арганізатараў фэсту. Хоць «Наш Грунвальд» — не самы першы фестываль такога кшталту (напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў быў той жа «Белы замак» і іншыя), але ён ужо пройдзе ў 11-ты раз. І за свае 11 гадоў ён стаў самым масавым і папулярным. Пры тым, што, каб трапіць туды, удзельнікі мусяць прайсці пэўны адбор па адзенні, даспехах і г.д.
Наш Грунвальд-2018, фота Алены Ляшкевіч

Наш Грунвальд-2018, фота Алены Ляшкевіч

У той жа час «Наш Грунвальд» яшчэ не вычарпаў свайго патэнцыялу, і фэсту ёсць, куды расці. Напрыклад, Юры Усціновіч мяркуе, што больш увагі можна надаць працы герольдаў, якія могуць прыгожа дапаўняць турніры, распавядаючы пра ўдзельнікаў боек, іх гербы і дасягненні. Але з галоўнай задачай — «заражэннем бацылай патрыятызму» — фестываль спраўляецца.

— Ён паказвае, што нашыя продкі — крутыя ваяры, і ў нас слаўная гісторыя. І нам ёсць, за што сябе паважаць. Бо не будзем паважаць самі сябе — ніхто не будзе, і суседзі пакрысе будуць забіраць нашую гісторыю, як гэта цяпер адбываецца. У гэтым плане «Наш Грунвальд» ставіць кропку — ён наш, хоць ёсць Грунвальдскі фэст і ў Польшчы. І нават няхай праз нейкія праблемы беларускія ўдзельнікі не могуць паехаць на фестываль у Польшчу, мы ў сябе паказваем, што таксама зрабілі вялікі ўнёсак у гэтую перамогу, — падсумоўвае Юры Усціновіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!