Хто выдумляе анекдоты і што не напісаў Быкаў

«Новы Час» працягвае друкаваць выбраныя Сяргеем ШАПРАНАМ старонкі з будучай кнігі.


У навучанне іншым

Гродна пачатку 1970-х. Ва ўладных структурах перакананы, што менавіта пісьменнік Аляксей Карпюк і гісторык Барыс Клейн моцна ўплываюць на Васіля Быкава, і таму абодвух «нейтралізуюць»: Карпюк ужо некалькі месяцаў застаецца без працы, да таго ж на яго заведзена крымінальная справа за нібыта супрацоўніцтва з нацыстамі; Клейну прапанавана ўдзельнічаць у кампаніі па выкрыцці сіянізму — ён павінен выступіць з адкрытым лістом, які асуджаў бы Ізраіль. Параіўшыся з сям’ёй (бо родныя найперш адчулі б наступствы такога ўчынку), Клейн адказаў адмовай. У выніку ён звольнены з выкладчыцкай працы і незаконна пазбаўлены вучонай ступені і звання, яго артыкулы больш не друкуюць, а былыя калегі перабягаюць на іншы бок вуліцы, каб, крый Божа, не павітацца.

Клейн мае намер з’ехаць у Ленінград, аднак другі сакратар Гродзенскага абкама партыі Фамічоў не раіць гэтага рабіць: калі нават гісторык і працаўладкуецца, усё роўна будзе званок з Гродна, і яго неадкладна звольняць.

— Навошта вы ўмешваецеся? — спытаўся Клейн у сакратара абкама. — Я не пазбаўлены волі, нават не даваў падпіску аб нявыездзе. А паколькі ўсё ў мяне ўжо адабралі, значыць, я вам тут больш не патрэбны.

— Не, вы патрэбны: вы бу­дзеце маячыць на гродзенскіх вуліцах, як цень. Каб усе бачылі, які лёс напаткае таго, хто пойдзе супраць нас.

Ненапісаная аповесць

Тым разам Быкава запрасілі ў КДБ выключна «для гутаркі». Запрашаў генерал, намеснік старшыні камітэта, які прапанаваў напісаць кнігу пра чэкістаў:

— У вас такі вопыт! А мы маглі б дапамагчы. Мы вам дадзім матэрыял, можаце выбраць любога чалавека, любы эпізод і на яго аснове стварыць аповесць. А яшчэ лепей — раман. Тое і нам, і вам было б на карысць.

Генерал націснуў кнопку, і афіцэр прынёс стос папак.

— На ваш выбар. Пачытайце.

Быкава адвялі ў суседні пакой і пакінулі сам-насам з тымі папкамі, у якіх былі акуратна перадрукаваныя выняткі з паасобных чэкісцкіх гісторый перыяду вайны: чэкіст — «у логаве звера», чэкіст — кіраўнік дыверсійнай групы… Адна гісторыя Быкава сапраўды зацікавіла: як савецкага афіцэра-сувязіста выкарыстоўвалі па чарзе то немцы, то свае. Аказалася, герой гэтай гісторыі жывы, працуе на Лепельшчыне. Гродзенскія чэкісты дапамогуць з ім звязацца. Не паспеў Быкаў вярнуцца ў Гродна — былы афіцэр-сувязіст ужо чакаў пісьменніка…

Быкаў сапраўды быў гатовы напісаць дакументальны нарыс, але ў КДБ сказалі: справа пакуль не рассакрэчана, дазваляецца выкарыстаць яе толькі ўскосна. І — мінімум праўдзівасці. Да таго ж пісаць аповесць патрабавалася з акцэнтам на дзейнасці контрразведчыкаў. Быкаў адказаў, што для аповесці там мала зместу. Аповесць — усё ж іншы жанр, не чэкісцкі, а літаратурны.

Між тым неўзабаве ў адным з маскоўскіх «тоўстых» часопісаў з’явілася паведамленне, што Васіль Быкаў працуе над новай аповесцю — пра чэкістаў. Праўда, такога твора Быкаў так і не напісаў. А гродзенскі кадэбіст Дубавінкін, які «апекаваў» пісьменніка, сказаў потым расчаравана, што той яго падвёў.

Пра магнатаў-«прыгнятальнікаў»

Доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч распавядаў пра супрацоўніцтва з «Беларускай Савецкай Энцыклапедыяй». Як ні дзіўна, але менавіта ў «БелСЭ» выйшла каля ста артыкулаў па генеалогіі магнатаў і самых буйных шляхецкіх сем’яў. Нічога падобнага не было ні ў адной рэспубліканскай энцыклапедыі, нават у «Большой Советской Энциклопедии» згадвалася толькі каля дзесяці найбуйнейшых сем’яў кшталту Шарамецьевых і Меншыкавых. А тут — каля ста! І больш за ўсё артыкулаў — дзевяноста — было замоўлена Грыцкевічу.

Праўда, калі энцыклапедычныя тамы пачалі выходзіць, Грыцкевіч выявіў устаўленую ледзь не паўсюль трафарэтную фразу, што магнаты «былі жорсткiмі прыгнятальнікамі бел., укр., літ. і польск. народаў». Але паколькі асобныя тамы здаваліся ў друкарню тэрмінова, часам у рэдакцыі «БелСЭ» забываліся змясціць гэтае «ўдакладненне». У выніку адны магнаты аказаліся «жорсткімі прыгнятальнікамі», іншыя — не.

«Падбадзёрыў»

Хрушчоў толькі што развянчаў культ асобы Сталіна. Група паэтаў выступае па тэлебачанні. Пятро Прыходзька ўпэўнена чытае свой каронны верш: «Дзе прайшлі салдаты, Сталіна сыны…» Спахопліваецца і папраўляецца: «Леніна сына. Партыі сыны…»

Пасля перадачы ідуць паэты дадому. Прыходзька пытаецца:

— Што мне цяпер будзе?

— Расстраляюць! — «падбадзёрыў» калегу Навум Кіслік.

Нядзведскі і Сталін

За савецкім часам у Лагойску стаялі два бюсты — Сталіна і Маркса, але пасля ХХ з’езда КПСС і развянчання культу асобы бюст Сталіна прыбралі. Пісьменнік Уладзіслаў Нядзведскі, узяўшы неяк чарку, захацеў купіць бюст Сталіна. Але, пабарабаніўшы алоўкам па гіпсавай галаве «бацькі народаў», заўважыў:

— Пуставаты.

І купляць не стаў.

Калі «банный день»

Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў прыгадваў, як бабуля касманаўта Уладзіміра Кавалёнка, што паходзіла з вёскі Белае Крупскага раёна, пыталася:

— Чула, калі ён лятаў, што ў нейкі дзень у іх там адпачынак і «банный день». Вось скажыце, цікава: адкуль яны там, у космасе, ваду бяруць? То, мусіць, з дажджу?

Еўдакія Лось у Таджыкістане…

У Таджыкістане праходзіла дэкада беларускай літаратуры, якую прадстаўляла ў тым ліку паэтка Еўдакія Лось. А паколькі гаворка ішла не толькі пра літаратуру, але і пра сяброўства народаў, Барадулін напісаў двухрадкоўе:

Коль на дружбу повелось,
Ваш — ишак, а наша — Лось.

…У Манголіі…

Калі Еўдакія Лось зазбірался ў Манголію, Барадулін напісаў такія чатыры радкі:

Дуня мілая, май голаў,
Хутка едзеш да манголаў.
Можна ў стэпе во як даць!
Стэп шырок, ды ўсё відаць.

…На Бягомельшчыне…

Пётр Машэраў праводзіў ідэалагічную нараду на тэму «Вобраз камуніста ў савецкай літаратуры» з выездам на Бягомельшчыну, дзе былі дужа багатыя сталы. Гэта падштурхнула Барадуліна да новага жарту:

Дунька з’ела парася,
І на тым нарада ўся.

…У самалёце

З Полацка вярталіся ў цесным «кукурузніку». Уладзімір Караткевіч сядзеў насупраць Еўдакіі Лось. Барадуліну адразу ж ускочылі ў галаву радкі:

Вочы ў вочы, каленькі ў каленькі.
Будзе ў Валодзі ад Дусі маленькі.

Здрадлівае шчасце

Уладзімір Някляеў прыгадваў:

— Атрымаўшы прэмію Ленінскага камсамола, паехаў я ў Італію. Спыніўшыся ў гатэлі, жыў разам з адной расцудоўнай дзяўчынай-італьянкай, якая была ці дачкой, ці пляменніцай гаспадара фабрыкі венецыянскага шкла. І вось аднойчы прачынаюся нараніцы, выходжу на балкон, від проста чароўны — сонца ўзыходзіць! Стаю і думаю: «Вось яно, шчасце!» Калі ж вяртаюся ў пакой, дзяўчына мая раптам гаворыць, што ад мяне пахне… дзярмом. Толькі тады я зразумеў, што, калі быў на балконе, няўзнак уступіў у птушыны памёт. І падумаў, што калі наіўна лічыш, быццам дасягнуў абсалютнага шчасця, у гэты момант заўсёды ёсць шанец уступіць у дзярмо.

Усё адносна

2011 год. Пасля месяца, праведзенага ў засценках КДБ, і пяці месяцаў хатняга арышту, калі ў кватэры ўдзень і ўначы жылі два кадэбісты, былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў нарэшце на волі і найперш едзе наведаць старэйшага сябра Рыгора Барадуліна.

— Вось у цябе неаднойчы пыталіся: ты, дзядзька, пражыў даволі вялікае жыццё, дык скажы: што такое шчасце? — кажа Някляеў Барадуліну. — У цябе пыталіся і ў мяне таксама. Дык сёння раніцай я зразумеў, што такое шчасце: калі прачынаешся ў сваёй хаце, і ў ёй няма чужых!

Анекдот

Расказваю Уладзіміру Някляеву нядаўна пачуты анекдот. Скача па пустыні Ілья Мурамец, дзень скача, другі, трэці, вады няма, а піць хочацца. Нарэшце бачыць наперадзе аазіс, а там — невялічкае азярцо і на яго беразе Змей Гарыныч. Ілья саскочыў з каня і, не разважаючы, адну галаву Змею ссёк, другую… Той няўцямна глядзіць на крыўдзіцеля:

— Ілья, ты чаго?!

— Піць надта хочацца!

— Дык пі! Хто табе не дае?..

Някляеў, паслухаўшы, смяецца:

— Ведаеш, з чаго адчуў я найбольшую творчую асалоду, якую меў у жыцці? Не з пастаўленага па маім апавяданні спектакля, не з напісанай на мае вершы песні, а з прыдуманага мной анекдота, расказанага мне маім спадарожнікам у купэ цягніка за пляшкай каньяку!

І сапраўды, праз нейкі час, гартаючы падшыўкі старых газет, сустрэў даўняе інтэрв’ю Някляева, у якім ён расказвае, як скарачаў адно са сваіх апавяданняў дый даскарачаўся да анекдота пра Ілью і Змея Гарыныча.

Да гэтага часу я лічыў, што анекдоты выдумляе нейкі абстрактны «народ», што гэта не аўтарская творчасць. Аказваецца, усё, што створана ў свеце, — як, зрэшты, і сам свет, — мае свайго аўтара.

Кніга Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анекдот» практычна гатовая да выдання. На яе на краўдфандзінгавай пляцоўцы «Talaka» абвешчана падпіска. Гэта, па сутнасці, першае выданне ў жанры гістарычнага анекдота, дзе сабраны часам дакладныя, часам міфалагізаваныя камічныя і драматычныя гісторыі з жыцця вядомых літаратараў, а таксама дзеячаў культуры і палітыкі, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Яўген Глебаў, Уладзімір Караткевіч, Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімір Мулявін, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч і многія іншыя — усяго ў кнізе больш за сто асобаў і больш за пяцьсот гістарычных анекдотаў.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць