Калі надзея пераўтвараецца ў безвыходнасць. П'еса пра жыццё Лявоннага ад Vuraj

Гурт Vuraj напісаў першую песню ў сваёй гісторыі на верш паэта, у якой перадаў у музыцы ўсё ягонае жыццё. Для праекту TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» каманда Сяргея Доўгушава паклала на музыку твор Юркі Лявоннага.


Для гурту Vuraj удзел у праекце «(Не)расстраляная паэзія» надзвычай важны. «Хто калі ня мы, музыкі, могуць даць новае жыццё творам забітых паэтаў. Гэтая тэма балючая, схаваная ад усіх нас і моцна актуальная на сёння. І мы, пераемнікі тых паэтаў, мусім сказаць сваё слова, каб адрадзіць памяць пра іх», – кажа Сяргей Доўгушаў. Ён знаёмы з творамі рэпрэсаваных літаратараў па кнізе «Расстраляная літаратура», што выходзіла ў серыі «Беларускі кнігазбор». А падчас працы над гэтым праектам, бліжэй пазнаёміўся з творчасцю паэта Юркі Лявоннага.

Песня «Настроі» паводле твору «Зімовая радасць» – першы эксперымент гурту Сяргея Доўгушава  ў напісанні песні на верш беларускага паэта. І працэс стварэння быў ня менш складаным, чым праца з народным спевам. Усе музыкі падыйшлі да гэтай справы з усёй шчырасцю і адданасцю. Праца доўжылася некалькі месяцаў, за гэты час кампазіцыя некалькі разоў мяняла сваю форму і ўрэшце была зафіксаваная ў студыі. «Песня атрымалася атмасфернай, са сваёй драматургіяй. Яна натхняе на роздум, – распавядае Сяргей. – У ёй мы хацелі перадаць сваё адчуванне паэзіі Лявоннага і трагедыю ягонага жыцця, таму яна створаная з некалькіх кантрастных частак. Яны ілюструюць як змянялася жыццё юнака, калі верш гучыць пад меладычную рамантычную музыку, а потым настрой змяняецца – паэта арыштоўваюць, катуюць, расстрэльваюць. Радасць змешваецца з болем, надзея пераўтвараецца ў безвыходнасць. Вось што мы ўбачылі ў гэтым вершы».

Юрка Лявонны (Леанід Юркевіч) пачынае друкавацца ў 16 год, у гэтым жа ўзросце яго прымаюць у «Маладняк». У 25 год – ён ужо паважаны журналіст, крытык, аўтар шасці ўласных зборнікаў. Сябры апісвалі яго як «статнага і прыгожага юнака артыстычнага складу». Але ў 28 год яго арыштавалі нібы за шпіёнска-дывэрсійную дзейнасьць. Год катавалі ў турме і расстралялі 29 кастрычніка 1937-га. У гэтым жа годзе выйшаў беларускі пераклад Жюля Вэрна «20000 лье пад вадой», які зрабіў Лявонны разам з Сяргеем Грахоўскім. Толькі імёны перакладчыкаў былі выкрасленыя з кнігі. Падрабязьней пра Юрку Лявоннага распавёў у лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» даследчык Віктар Жыбуль.

Гурт Vuraj мае намер выконваць гэты твор на сваіх канцэртах. Таксама музыкі хочуць зняць на «Зімовую радасць» кліп.

Vuraj – Настроі (музыка гурту, словы Юркі Лявоннага).


Ёсьць настроі... А ў іх – пералівы.

Ёсьць часіны – здаюцца сном.

Толькі той на сьвеце шчасьлівы,

Хто ўзімку жыве, як вясной!

Я стаю адзінокі на полі,

Ціха сыплецца золкаў пясок...

Распрануўся вецер – і голы

Па ральлі – у карагодны скок!..

Дуб гальлё пабялелае зьвесіў,

I ня ведаю – можа, ува сьне

Паваліўся зялёны месік

На калені ў срэбны сьнег...

Вецер шэпча ліхія пагрозы –

Колькі злосьці... Куды ж яе дзець?..

Прытулілі б мяне вы, марозы,

Да асмужаных бельлю грудзей!..

Я раздумаў – ня вылью сьлязамі,

За мяне – хай скрыгоча зіма...

Ой ты, замець, сівая замець,

Прыгажэй за цябе – няма!..

(1927)

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-10-26 17:16:09
OK, толькі Верн па-бел. - Жуль, а не "Жюль".
Песня сапраўды "атмасферная". Паслухайце яшчэ C. Бень з A. Залескім (вершы Ізі Харыка): http://belisrael.info/?p=12721 А тут П. Аракелян з песняй "Гультай": http://belisrael.info/?p=12399 http://tuzinfm.by/performer/mp3/3992/hultaj.html
  • nik
  • 2017-10-30 12:50:04
Прекрасная песня. Спасибо

Больш цікавага на «Новым Часе»: