Хуліганы з Кіпарысавага ўзгорку

Ёсць гурты, чые трэкі кожны чуў шмат разоў у жыцці, нават не ведаючы пры гэтым ні гісторыі гурта, ні ягонай назвы. Адзін з такіх гуртоў — амерыканскія рэперы «Cypress Hill». Беларусы змогуць пазнаёміцца з імі на Dour Festival.
«Cypress Hill», фота by Philgarlic,  flickr.com, commons.wikimedia.org

«Cypress Hill», фота by Philgarlic,  flickr.com, commons.wikimedia.org

Наўрад ці жыхары «Кіпарысавай авеню» ў Лос-Анджэлесе, калі стваралі з сяброў з раёна самапальны гурт DVX (абрэвіятура ад Devastating Vocal Xcellence) чакалі, што праз 30 гадоў колькасць прададзеных копій альбомаў у іх дасягне 20 мільёнаў, што яны стануць першай лацінаамерыканскай хіп-хоп бандай, якая запісала плацінавы альбом, і будуць выступаць на сусветна вядомых імпрэзах, кшталту фэсту ў бельгійскім Дуры (Dour Festival).

Першы альбом

Тым не менш у 1988 годзе гурт займеў сваю сённяшнюю назву — «Cypress Hill» (перакладаецца як «Кіпарысавы ўзгорак») і сталы склад: Луіс Фрыз (B-Real), Сенэн Раес (Sen Dog) і Лоўрэнс Маград (DJ Mugg).
Як і ўся сучасная амерыканская культура, «Cypress Hill» — так ці і інакш вынік працы эмігрантаў у першым і наступных пакаленнях. Луіс Фрыз — напалову кубінец, напалову мексіканец, Сенэн Раес — чорны кубінец, што апынуўся ў ЗША ў 14 гадоў — ягоны бацька, што адсядзеў у кубінскай турме сем гадоў па палітычным абвінавачванні, быў вымушаны з’ехаць з краіны, а Лоўрэнс Маград — з італьянска-кубінскай сям’і.

Першы дэма-альбом «Cypress Hill» запісалі ў 1989 годзе, а праз два гады выдалі яго на малавядомым цяпер лэйблы Ruffhouse Records. У адрозненне ад многіх іншых маладых калектываў, поспех не прымусіў сабе чакаць — трэк «The Phuncky Feel One» стаў мега-папулярным на мясцовых радыёстанцыях, а ўжо наступныя два сінглы разышліся двухмільённым тыражом.

І фільмы, і коні

У 1991 годзе гурт прыняў удзел у стварэнні саўндтрэка для фільма «Juice» аб жыцці чарнаскурай моладзі ў прыгарадах Нью-Ёрку.

У тыя ж часы, у 1993-м, выйшаў знакаміты трэк «Insane in the Brain» — з той самай мелодыяй, якую стоадсоткава чуў кожны і якая намёртва засядае ў мозгу дзякуючы дзіўнаму гукавому эфекту, які, дарэчы, з’яўляецца нічым іншым, як мадыфікаваным іржаннем каню.

«Cypress Hill» сталі пачынальнікамі жанру «хіп-хоп заходняга ўзбярэжжа» і класікамі рэп-культуры, аднак, падросшы, пачалі смела эксперыментаваць: у трэках сустракаюцца элементы рэпкора і ню-метала (Сенэн Раес — яшчэ і вакаліст хэві-метал гурта), камбінуецца іспанская і англійская мова. Як кажа Сенэн Раес у сваіх інтэрв’ю, «мы заўсёды рабілі тое, што хацелі». І датычылася гэта не толькі музыкальных варыяцый. Гурт стаў адным з першых рэп-калектываў, хто пачаў «форсіць» у сваіх трэках тэму легалізацыі канабіса. Зараз яго ўдзельнікі лічаць яго дэкрыміналізацыю ў шэрагу штатаў у тым ліку і сваёй заслугай — і, цалкам магчыма, што небеспадстаўна.

І нават кальмары!

Арэол «дзіўнасці» штурхаў і фанатаў гурта на самыя незвычайныя эксперыменты. У 2012-м група неўролагаў вырашыла прастымуляваць пігментныя клеткі кальмара гукамі вышэй згаданага трэку «Insane in the Brain». Што атрымалася, можна паглядзець на відэа:


Як гэта часта бывае, лірыка гурта змяняецца з цягам часу і са сталеннем калектыву. На свае 12-я ўгодкі «Cypress Hill» спяваюць ужо не толькі пра «траву» і гангстарскае жыццё, але і пра зваротны бок шоу-бізнесу, высмейваючы празмернае жаданне славы і багацця.


Вялікі прамежак паміж выпускам студыйных альбомаў — 8 гадоў, «Cypress Hill» кампенсавалі актыўнай гастрольнай дзейнасцю, двойчы, у 2011-м і 2014-м, выступіўшы на Dour Festival — фестывалі пад адкрытым небам у Бельгіі.

У 2018 годзе фанаты пачулі доўгачаканы альбом, які называўся «Elephants on Acid» («Сланы на кіслаце»), з турам у падтрымку якога «Cypress Hill», ужо аб’ехаўшы палову свету, знаходзяцца і па сённяшні дзень, плануючы аб’ехаць другую палову.

Адзін з бліжэйшых выступаў адбудзецца на вышэй згаданым Dour Festival 10–14 ліпеня гэтага года.


Дарэчы, фестываль — равеснік гурта: у мінулым годзе яму споўнілася трыццаць. У гэтым жа годзе на васьмі сцэнах выступіць больш за 200 гуртоў і ды-джэяў, пачынаючы ад джазавых «Tank and the Bangas», заканчваючы дум-металістамі «Electric Wizard» (поўны спіс выступоўцаў у алфавітным парадку можна паглядзець тут).

Як патрапіць на канцэрт?


Каб пачуць амерыканскую класіку хіп-хопа і акунуцца ў музычны дзвіж з некалькімі дзясяткамі тысяч удзельнікаў з усяго свету, беларусу спатрэбіцца не так і шмат: шэнгенская віза і 75 еўра (столькі каштуе самы танны білет). Для вашай зручнасці арганізатары падрыхтавалі адмысловую мапу фэсту.

І калі вы яшчэ не вырашылі, што рабіць летам, — раім скарыстаць магчымасць. Бо калі клеткі кальмара, паслухаўшы «Cypress Hill», не засталіся абыякавымі, вы не застаняцеся тым больш :)


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: