Гурт «Літы талер»: дуда ў галоўнай ролі

Чаму беларускія дудары такія «шалёныя» да інструмента? Ці доўга дудар можа не граць? Развагамі пра дударства дзеляцца музыкі гурта «Літы талер» Дзяніс Шматко і Зарына Шаўко.


— Як усё пачыналася?

Дзяніс: Я стаў граць на дудзе ў 2011-м, проста ад балды. Да 2009-га нават не ведаў, што ёсць такая плынь. Трапіў на фестываль «Гальшанскі замак», быў дзень народзінаў гурта «Стары Ольса». Мне спадабалася. Потым зʼездзіў на экскурсію ў Бянюны, потым замовіў там дзень народзінаў, раззнаёміўся са Змітром Сасноўскім. Ну, і да 2011-га проста ездзіў паўсюль з «Ольсамі», дапамагаў з інструментамі, транспартам... Стаў сябрам гурта і сябрам асабіста Сасноўскага. І неяк былі ў яго дома, кажу: «Дай зайграць!» А ён такі: «Дуды ж не мае, гуртовыя, зробяць мне а-та-та». Ну, а я: «Мы ж тут удвох, ніхто не даведаецца». Цяпер-та даведаюцца (смяецца — аўт.). Ён кажа: «Ладна, давай». Ну, і даў мне адну з сваіх дуд. Кажа, так, так і гэтак трэба рабіць, а сам пайшоў на кухню. Ну, я надзьмуў яе. Стаю ўвесь напружаны, пот льецца, вочы вылазяць, думаю, зараз лопну. І тут Сасноўскі з кухні вылазіць і кажа: «Гэтаму людзі месяц вучацца, а ты ўжо хоць неяк ціск трымаеш».

Ну, і ўсё, потым я да яго прыліп: «А раскажы, а пакажы, а дзе купіць, а дзе замовіць, а які майстар... О, а ў цябе ёсць на продаж, а давай я ў цябе набуду, блін, а чаму так дорага. Ладна, на табе палову грошаў зараз, а палову я ў цябе на будоўлі адпрацую» (ён хутар будаваў). Дуда не строіла, мех дзіравы... Нават не «Жыгулі» была сярод дудаў, бліжэй да «Запарожца». Доўга не граў на ёй. А потым, можа, праз паўгода гуляў па Лошыцкім парку — чую дуду. Пайшоў, паглядзеў. Хлопец грае на дудзе. Гэта дзіва было сапраўды, я ведаў дудароў, можа, пяць — сем. Падышоў, пазнаёміўся. Гэта аказаўся Сяргей Чубрык. Сказаў, што прыходзіць у парк рэпетаваць. «Давай разам», — кажу.

Першыя рэпетыцыі... Гэта ж мы ні наладжваць не ўмелі, ні граць... Першы склад гурта «Літы талер» (тады яшчэ «Тутэйшыя») быў такі: я, Сяржук Чубрык ды Ігнась Жардзецкі. Потым Сяржук зламаў пішчык у сваёй дудзе, аднавіць яго не здолеў, мы яго з гурта выгналі... Ён тады працаваў з Алесем Сурбам, стаў рамантаваць пішчык і паціху, паціху навучыўся рабіць інструменты. Зараз ён робіць іх вельмі якаснымі, што дуды, што ліры, што цымбалы. Вось заехалі да яго — стаіць на рэстаўрацыі кантрабас. Рукі ў чалавека залатыя. Грае добра, але яму звыкла граць аднаму. Не хацелася яму ў гурце. А мне — наадварот.

Бывае, аддаю Сержуку дуду на тэхабслугоўванне ці ён новую робіць, то прапануе тэхнічна зрабіць нешта лепш, а я апрабоўваю. Ён робіць эксперыменты як майстар, а я як музыка, карыстальнік яму распавядаю, дзе хібы, дзе добра. І гэты абмен, вельмі шчыльны, між двума людзьмі, уздымае і мой, і ягоны ўзровень.

— Распавядзіце, калі ласка, як вы працуеце з музычным матэрыялам?

Дзяніс: Сапраўдны музыка, і сучасны, і сярэднявечны — заўсёды імправізатар. У любую кампазіцыю ўкладаецца душа, нейкая разыначка. У нашай музыцы так жа: бярэм за аснову сярэднявечную мелодыю, слухаем, спрабуем зайграць. Калі натхняе, то бярэм і перапрацоўваем. У некаторых нашых кампазіцыях з чатырох, скажам, хвілін толькі секунд дзесяць гучыць арыгінальная мелодыя, усё астатняе — гэта імправізацыя, варыяцыі на тэму. Ёсць караценькія мелодыі, бо яны самадастатковыя і вельмі спадабаліся.

Зарына: Усё пачыналася з Сярэднявечча, а потым мы зразумелі, што яно пераплятаецца з народнымі мелодыямі, таму ў нашых кампазіцыях зʼявіўся вакал. Гэта могуць быць народныя песні, зробленыя ў медывальным стылі. Бывае, пакідаем народныя словы і пішам на іх аўтарскую музыку, як у кампазіцыі «Шчэдрык«. Увогуле, спевы пачаліся з дуды: зрабілі кампазіцыю «Дуднік», а да таго былі толькі інструменталкі. Хацелася спець пад дуду і пра дуду.

— Як запісваўся ваш альбом «Дуднік»?

Дзяніс: Аднойчы пасля канцэрта да нас падышоў сябра, Уладзімір Белы. Я спачатку працаваў у яго кіроўцам, а потым мы пасябравалі, запрасіў яго на выступ. Папрасіў прадаць яму дыск. Аказалася, што дыскаў мы не маем. Тады ён спытаў, колькі грошаў трэба для запісу і даў іх: «Хачу, каб у вас быў альбом». Знайшлі добрую студыю ў Мінску, «Эверэст». Так і атрымаўся альбом «Дуднік», што мы прэзентавалі ў чэрвені. Там гучаць дуда, сапілка, альт-флейта, гуслі, бас-барабан, дарбука, тамбурын, скрыпка, ірландскія бузукі. Кампазіцыі будуюцца вакол гучання дуды, яна ў галоўнай ролі.

У мяне дзве дуды, адна ў асноўнай танальнасці Соль і другая ў Рэ. Можна, канечне, граць у іншых танальнасцях дзеля эксперыменту... Але дуда — дыятанічны інструмент, на ёй не дужа разгонішся. Падбіраючы рэпертуар, глядзім: вось тут дуда не возьме, а вось тут сыграе, давайце зробім. Праўда, апошнім часам здараецца так: «На дудзе не атрымліваецца, можа, ты на гуслях сыграеш?».

Зарына: Эксперыментуем з дудой, спрабуем граць у Фа-дыез.


— А вось пра эксперыменты з дудой, калі ласка, падрабязней.

Дзяніс: Такія рэчы прымушаем дуду рабіць... Выціснуць невыціскальнае з дыятанічнага інструмента. Дуда набывае новае гучанне, становіцца не асноўным інструментам, але калі зусім без яе ў кампазіцыях — гэта не тое. Цяпер дуды разыграліся, ці што. Такое адчуванне, што ім падабаюцца эксперыменты. Раней даводзілася іх доўга наладжваць, калупаць нешта, а цяпер дастаткова дастаць з валізы, сабраць — і гучаць. Гатовыя да бою, як аўтамат Калашнікава.

— Вы граеце ў першую чаргу для сябе ці для слухачоў?

Дзяніс: Часам мы рэпетуем на вуліцы, людзі вылучаюць музыку ў машынах, каб паслухаць нас. Некаторыя неслі да мяне дзяцей, каб паслухалі дуду. Часцей за ўсё мы ездзім па сярэднявечных фестывалях. Былі ва ўсіх суседніх з Беларуссю краінах, яшчэ ў Люксембургу, Малдове, Эстоніі, Швейцарыі, Галандыі. На фэстах па вечарах народ звычайна дастае гітару. А калі мы там ёсць, то не, ніякай гітары! Людзі слухаюць дуду і балдзеюць. Але я шчыра скажу, што не заўсёды граю для людзей. Адсоткаў 50-60 — для сябе. А на сцэне бывае па-рознаму. Ё невялікія пляцоўкі, дзе ты побач з людзьмі, і людзі побач з табой... Ты іх проста адчуваеш. А ёсць такія вялікія сцэны, дзе музыкі далёка адзін ад аднаго, і людзі дзесьці ўнізе ходзяць, і ім да барабана, хто там грае. У такія моманты, калі будзеш граць толькі для людзей, то заўважыш, што ім гэта не трэба, і ўвесь твой драйв сыдзе. Тут і трэба штучны энергетык: «А мы граем для сябе! Хлопцы, давай!» І самі сабе на сцэне шалеем, весялімся. Калі ў цябе самога ёсць гэтыя драйв і натхненне на сцэне, то і знізу будзе выглядаць добра.

Зарына: Гэта заразная рэч, усе «падзапраўляюцца» знізу. Ну, і на вялікіх сцэнах добры гук. Калі ты яго чуеш — гэта як выпіць вады ў пустыні. Пачынаеш квітнець.


Дзяніс: Увогуле, на сцэне ўсё ж больш для людзей. Для сябе — гэта восень, зіма, ранняя вясна, калі сустракаемся і рэпетуем-рэпетуем дома. Звычайна два разы на тыдзень, калі нейкі новы матэрыял бярэм, то бывае па тры.

— А суседзі што?

Дзяніс: Вымыкаюць радыё, тэлікі і ўсё астатняе, сядзяць слухаюць. Я ўлетку пару разоў бачыў нават алкашоў, што сядзелі на лаўцы і глядзелі на наш балкон.

— Можа, здараліся якія цікавыя выпадкі з інструментам?

Дзяніс: Сасноўскі распавядаў, што раней дудары не маглі жыць без свайго інструмента. Я неяк згубіў пішчык. А дуда без яго не грае. Я гэты пішчык шукаў тыдзень, і тыдзень у мяне ўсё валілася з рук. Калі знайшоў, то цэлы дзень граў, проста дуду з рук не выпускаў.

Яшчэ расказваюць, чаму беларускія дудары такія шалёныя да інструмента. Адзін замежнік казаў: калі граеш на шатландскім бэгпайпе ці нямецкім дудльзаку, ды і на амаль любым інструменце тыпу дуды, гукі ляжаць на плячы. Такім чынам, бурдон грае ўверх, а жалейка — уніз. А ў беларускай дудзе-«лепельцы» не так. У тваім сэрцы нараджаецца мелодыя, ты граеш яе пальцамі на жалейцы, і яна праз загнуты рагавень вяртаецца да цябе ж. Гук ізноў трапляе ў цябе, у табе перапрацоўваецца, і зноў ідзе вонкі.

Зарына: У літоўскай дудзе таксама ёсць рагаўні, але яны так моцна не загінаюцца, каб вяртаць гук да музыкі, накіраваныя на слухачоў.

— А чаму вабіць менавіта дуда?

Дзяніс: Каб навучыцца добра граць на дудзе, трэба разам з ёй жыць. Калі ты ўдыхаеш у яе паветра, яна ажывае. Калі яна дыхае, яна жыве. А калі ты сам не будзеш дыхаць — то памрэш. І вось калі ты навучыўся дыхаць разам з дудой, жыць разам з дудой, упіліць яе ў сваё жыццё... Там, раніца, сямʼя, мама, тата, дачка, жонка, дуда, кот, сабака — вось так гэта павінна быць. У такім выпадку ўсё атрымаецца. Пабачыў дуду — і прапаў чалавек.

Зарына: Да дуды прыцягвае тое, што аднаўлялі яе павольна і складана. Рэканструктары дасюль спрачаюцца, якая яна павінна быць. Гэта наша, тое, што было тут. Яшчэ б крышачку пачакалі — магло б нічога не захавацца, не было б пра што спрачацца.

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: