Гурт Re1ikt збірае грошы на альбом музычных скарбаў

Гурт Re1ikt рыхтуецца выпусціць пяты студыйны альбом і заклікае ўсіх, каму падабаецца музыка каманды, паўдзельнічаць у яго выданні.

Кампанія збору сродкаў на альбом “Kufar” стартуе на краўдфаўндзінгавай платформе Talaka.by 27 верасня і працягнецца тры тыдні.

«Re1ikt не мае прадзюсараў і спонсараў: усё, чаго мы дасягнулі, – вынік руплівай працы, якая не была б такой плённай без падтрымкі нашых слухачоў, – кажа лідар гурта бубнач Алесь Дземідзенка. – Мы не просім грошай на запіс альбома, бо выйгралі магчымасць зрабіць яго бясплатна, але нам патрэбныя сродкі на прадакшн і выданне дыска».

Альбом “Куфар” запісваўся ў Польшчы паралельна з ухваленым крытыкамі ды слухачамі дыскам «Лекавыя травы» (лепшы беларускі рок-альбом мінулага года) і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. Разам з тым, у яго ўвойдуць шматлікія бонус-трэкі «незвычайнага» Re1ikt, які заўсёды эксперыментуе. Напрыклад, адмыслова для дыска ваўкавыскія мастакі стварылі стылізаваную пад старажытны куфар выяву-вокладку.

«Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой», – распавядае пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дземідзенка.

Грошы, якія плануюць атрымаць музыкі, паводле ўдзельнікаў гурта, дазволяць не толькі завяршыць працу над гукам, надрукаваць якасны CD, які прадэманструе розныя бакі іх творчасці ды выправіць слухачоў у рэліктавы космас, але і падрыхтаваць новы стылёвы мерч ды эксклюзіўныя падарункі для фундатараў.

Узнагародай за шчодрасць апроч новага альбому будзе магчымасць паслухаць дыск раней яго афіцыйнага выхаду, аўташпацыр па адмысловым маршруце з удзельнікамі Re1ikt, рок-джэм з музыкамі і шмат іншых цікавых прапаноў. Для таго ж, хто зробіць найвялікшае ахвяраванне, гурт абяцае зайграць прыватны канцэрт.

Re1ikt – беларускі гурт, які працуе ў напрамках progressive rock, post-rock і alternative rock. Каманда спалучае іх з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, які творча пераасэнсоўвае і робіць актуальным для сучаснага слухача. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.

Паводле Будзьма беларусамі!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: