Гурт «Велосипедистов» выпусціць альбом з нявыдадзенымі тэкстамі Кулінковіча

Музыкі гурта «Велосипедистов» (сайд-праект Аляксандра Кулінковіча) знайшлі дзевяць нявыдадзеных вершаў саліста «Neuro Dubel». Яны плануюць выпусціць іх трэкамі ў найбліжэйшы час, піша «Еўрарадыё».
Фота Паўла Аксіновіча, прэзентацыя гурта «Велосипедистов» 30 чэрвеня 2016 года

Фота Паўла Аксіновіча, прэзентацыя гурта «Велосипедистов» 30 чэрвеня 2016 года

— Гэта дзевяць вершаў, ці тэкстаў, каму як падабаецца, — расказаў «Еўрарадыё» Яўген Броўка, басіст ND. — На Сашавы тэксты напішам музыку і запішам іх у пласцінку. Калі выйдзе? Зараз мы будзем запускаць краўдфандынг, як збяром грошы, так адразу і будзем пісаць.

Паводле слоў музыкі, ужо запісаная палова пласцінкі — шэсць кампазіцый з 12: акрамя дзевяці песень на вершы Кулінковіча «Велосипедистов» запішуць яшчэ тры свае песні.

«Няправільна гаварыць, што гэта "чорны альбом" гурта "Neuro Dubel". Калі "Neuro Dubel" захоча, то мы зробім гэта неяк самі, толькі сваімі сіламі, толькі свае тэксты і свая музыка. А Сашавымі тэкстамі займаецца гурт "Велосипедистов"», — удакладняе Броўка.

Паводле слоў Яўгена, назву альбома музыкі яшчэ не прыдумалі:

— Пакуль не запішаш, пакуль не пачуеш — не выбераш з тысячы магчымых. Але я хачу сказаць, што альбом ужо атрымліваецца цікавым і разнастайным. Там будзе і панк, і цяжкая музыка, і рэгі, і звычайны рок.

8 сакавіка ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла кніга «Вялізны цень дажджавога чарвяка» — «амаль праўдзівая» гісторыя гурта «Neuro Dubel». Яе аўтары — Павел Валатовіч і Аляксей Кавалёў — знайшлі амаль усіх удзельнікаў гурта з самага пачатку яго існавання і запісалі з імі больш за 60 гадзін інтэрв'ю. Кніга прадаецца ў крамах «Акадэмкніга» і «Кніжная шафа», кошт — 30 рублёў.
Гурт «Велосипедистов» — акустычны праект, які выконвае песні «Neuro Dubel», а таксама кампазіцыі, напісаныя Аляксандрам Кулінковічам спецыяльна для гэтага праекта. Створаны ў 2016 годзе «дзюбялямі» Кулінковічам, Навумавым, Броўкай і музыкамі гурта «Зьмяя» Дзянісам Кукоўскім і Настай Мурашкай.

У 2019 годзе каманда выпусціла альбом «Нездоровый образ жизни», прысвечаны Аляксандру Кулінковічу. У 2018 годзе лідар «Neuro Dubel» раптоўна памёр ад ускладненняў пасля пнеўманіі, у 2020-м пайшоў з жыцця другі вакаліст «дзюбеляў» і «Велосипедистов» Юрый Навумаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: