Гурты Znich i Rutvica выступяць у філармоніі з аркестрам

Супольны праект метал-гурта Znich i гурта традыцыйных спеваў Rutvica прагучыць 25 кастрычніка ў Белдзяржфілармоніі ў суправаджэнні аркестру. Лідары праекта Алесь Таболіч і Дар’я Зуева распавядаюць, што з гэтага атрымаецца.
Алесь Таболіч, Znich:

«Спярша запрасілі выступіць Znich i Rutvica, а потым узнікла ідэя з сімфанічным аркестрам. З ім грае наша клавішніца Марына. Для Беларусі гэта гістарычны момант, каб фольк і метал спалучаліся з аркестрам. На постсавецкай прасторы такога праекту няма, каб у металічнай апрацоўцы выконвалі архаічныя, абрадавыя песні. Першая частка праграмы ў філармоніі будзе Znich i Rutvica, а другая — хіты Znich».


Дар’я Зуева, Rutvica:

«Для нас гэта іншая, новая, плыня развіцця гурта. У праекце са Znich акрамя мяне ўдзельнічаюць Марына Пятрова, Наталля Нямкевіч і Таццяна Уласевіч. Для мяне традыцыйная песня — цэльная і гучыць файна. Але, можа, не ўсе людзі так жа адчуваюць, патрэбны іншы канал, іншыя сродкі выразнасці. Таму паўстае фольк у апрацоўцы. Праект разлічаны на звычайную аўдыторыю гурта Znich, Rutvica яго аздабляе. Прыхільнікаў народных спеваў я бачу на канцэртах зусім няшмат. Прыхільнікі Znich праект хваляць, а мае знаёмыя ўспрымаюць вельмі па-рознаму.


Я думаю, можа такое здарыцца, што нехта пачуе песню ў апрацоўцы і захоча паслухаць арыгінал, разабрацца ў сэнсе слоў, паглыбіцца ў міфалогію. Я сама калісьці прайшла па такім мастку».

Фота Алены Ляшкевіч, зробленыя на фестывалі «Купальскае кола» 22 чэрвеня 2019 года.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!