...І колькі б гадоў не мінула, ад жудасці сэрца дрыжыць

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях НКУС былі растраляны 132 чалавекі, прадстаўнікі беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі. Памяці ўсіх бязвінна забітых у часы сталінскіх рэпрэсій прысвячаецца гэты верш нашай чытачкі Тамары Паўловіч.
Акцыя "Ланцуг памяці" ля КДБ у 2017 годзе. Фота Арцёма Лявы

Акцыя "Ланцуг памяці" ля КДБ у 2017 годзе. Фота Арцёма Лявы



Курапаты

(ноч з 29 на 30 кастрычніка)


Трывожна гудзе ў Курапатах
Абуджаны памяццю лес,
І лікі ўзнікаюць на кратах,
Спускаючыся з нябес,

Прыгожыя ўсе, маладыя,
Загублены тут без віны
За праўду, за мэты святыя
Галовы злажылі яны.

Іх таленты, мары і слава
Былі расстраляныя тут.
Эліту згубіла дзяржава,
Збяднеў паспаліты наш люд.

Кастрычніцкай ноччу глухою
Прыходзяць іх душы сюды,
Не могуць знайсці супакою
Ад дотыку даўняй бяды.

Бы рэха зямлю скаланула —
Галосяць по мёртвых крыжы.
І колькі б гадоў не мінула
Ад жудасці сэрца дрыжыць.

Праклёнам назначаны каты
За смерці, за кроў, за той жах.
Тут дух беларускі распяты
На гэтых самотных крыжах.

Зноў цені выходзяць з-за кратаў,
Завея іх сцеле абрус,
І стукае лёс Курапатаў
У сэрца тваё, Беларусь!


30.10.2017
Паўловіч Т.А.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: