І ў вёсцы загрымела цішыня

Ніхто з пільных ламбер-культуролагаў, якія пра пакецікі ў «Кароне» адазваліся як пра «канец эпохі» (бо раней давалі бясплатна, а там пачалі прадаваць), не заўважыў нашмат больш важнай вяхі.

У нябыт адышоў СМІ, які — у адрозненне ад тых пакецікаў — ахапляў сотні тысяч чалавек па ўсёй краіне. 

Заціх голас, які абуджаў вёску раніцай і мармытаў нешта ўтульнае вечарамі. Назаўсёды ў музей адпраўлены самы беларускі з усіх камунікацыйных каналаў, вынайдзеных чалавецтвам. Здабытак савецкай інфраструктурнай упартасці. Сумесь Оруэла з праграмай «Запрашаем на вячоркі».

Кастрычнік 2016-га — момант канчатковага вываду з карыстання дротавага радыё, якое ў народзе атрымала назву «радыёкропка». Вяшчанне на гэтыя прымачы цалкам спыненае, хаця яшчэ па стане на чэрвень 2016 года толькі ў сталіцы за радыёкропку плаціла 444 849 чалавек. Дротавае вяшчанне пачалі выводзіць з карыстання яшчэ ў 2014-м, цэлымі раёнамі пераводзячы працу мясцовага радыё на ультракароткія хвалі ці нават — як пра гэта напісана тут — у інтэрнэт, «на сайт райвыканкамаў».

У Беларусі на вёсцы старасць часцяком суправаджаецца крышачку хваравітай сквапнасцю. Зразумела, праблема ў жабрацкіх пенсіях, але не толькі ў іх. Бо часцяком эканомія на электрычнасці даходзіць да гогалеўскіх праяваў. Мне даводзілася начаваць у хаце, дзе святло ўвечары прынцыпова не запальвалі, тэлевізар не ўключалі, каб не плаціць. І вось так старыя і жылі: засыналі падвячоркам, прачыналіся на світанку, а нашто святло пераводзіць? Гэта ж яшчэ і лямпачкі трэба мяняць, як згараць! У горад ехаць! Прапановы пакінуць грошай на электрычнасць з такімі дбайнымі гаспадарамі не спрацоўваюць: яны жывуць так, як ім утульна. Дык вось, у такіх гаспадарках заўсёды была ўключаная кропка, бо яна не патрабуе асобнай разеткі, сілкуецца «са сцяны». Па ўяўленнях старых, яна «не жарэ электрычнасці», а пра жыццё краіны і свету расказвае ладна. То, у адрозненне ад тэлека, ёй карыстацца можна і, у мэтах усё той жа эканоміі ды эфектыўнага спажывання, выключаць яе не варта, «каб не прастойвала» задарма.

Радыёкропка ў глухіх раёнах Беларусі спыняла працу ў 22.00, пачынала — у 6.00, цалкам супадаючы з сялянскім парадкам. Вёска апошнія 70 гадоў прачыналася ад гімна — «Мы, беларусы»… Словы гімна мяняліся, мелодыя — ані скуль! Сялянскі космас трымаўся на тым гімне, на яго непахіснасці і неадменнасці. Вось прыйшлі нацыяналісты ў 90-х. І што? Нацыяналістаў больш няма, а гімн вытрываў. «Пятро, уставай, яечня стыне!» — баба Люба прачынаецца ў 5.00, каб растапіць печку і засмажыць мужыку сняданак. А ўявіце сабе: Пятро тры гады як памёр. А ў кастрычніку і гімна болей не перадаюць. Гэта Апакаліпсіс. Не менш.

І, канечне, смешна чытаць, як тыя чыноўнікі прапануюць вось гэтым людзям набываць кароткахвалевыя прымачы. Ці — увага! — чакаюць, што баба Люба будзе заходзіць з планшэта праз USB-мадэм ці WiFi на сайт райвыканкама, адкрываць там лінк на мясцовае радыё, каб распальваць печ пад гімн! Ну дзікуны, рэальна!

У 2014-м яны нават абяцалі наладзіць выпуск КХ- і УКХ-прымачоў з дзвюма кнопкамі, каб старым было прасцей настроіцца. Але хіба справа ў кнопках? Уключаеш ФМ-радыё, а там — зусім іншая музыка, зусім іншыя вядоўцы. Такія бадзёрыя, блін, што адразу бачна, што ніколі не сустракалі Новы год ля грубкі, калі спіне горача, а ў ногі халодна, а святла няма, таму што драты ў Баянаве снегам парвала.

І справа была, канечне, не ў тым, што кнопак у прымачоў было толькі дзве. Па адной гучала раённае радыё, а другая, тая, што мусіла перадаваць рэспубліканскі канал, не працавала. Справа ў тым, што, калі падумаць, кнопак магло б не быць наогул. Бо чалавеку ж патрэбны не плюралізм. Чалавек можа быць шчаслівы без усялякага выбару. Галоўнае, як сказаў бы любы прадстаўнік мэтавай аўдыторыі, —каб перадавалі не гаўно. Па FM многа мітусні, а як жыць, нашто слухаць — незразумела.

Радыёкропка была падзелам паміж буйным горадам і правінцыяй. У той час як вёска і райцэнтр жылі яе працай, у гарадах пісалі ў ЖЭСы заявы з патрабаваннем адключыць тую дрэнь і не спаганяць за яе грошы ў жыроўках. У гэтым сэнсе яе знішчэнне — гэта яшчэ адно сведчанне спрытнай беларускай урбанізацыі, перамогі гараджаніна над селянінам.

Радыёкропка да таго ж размаўляла з людзьмі па-беларуску, бо раённыя радыёстанцыі заўсёды былі бліжэйшымі да мясцовай гаворкі. Яе знікненне — яшчэ адзін званочак пра стан роднай мовы ды афіцыйныя каналы, па якіх наша мова гучыць.

Да таго ж сама ідэя дротавага радыё прапагандавала адчуванне дзяржавы магутнай ды паўсюднай, як Бог. Гэта была гісторыя пра сістэму, якая магла прыйсці ў кожную хату, падвесці на кухню нейкія правады, і ўсё гэта — каб бабу Лену ўнукі маглі павіншаваць з 60-годдзем. Што для амерыканца — Оруэл, то для нашага чалавека — адзнака дзяржаўнай ласкі, асабісты клопат пра кожнага, «урад для народа», заціснуты ў маленькую каробачку. Можна ўявіць, якую адзіноту ды моўчадзь выпраменьваюць цяпер усе змоўклыя прымачы «Днепр» ці «Вымпел».

Бо вось што важна. Радыёкропка перадавала не музыку ці навіны. Радыёкропка перадавала пэўны стан свядомасці. «Малінавы звон на зарэ», «А я лягу, прылягу», «Цячэ вада ў ярок», даверлівы голас з няспешнымі інтанацыямі. Калі б мы зазірнулі ў душу любому ветэрану працы, які паклаў свой лёс на тое, каб гэтая краіна мела што есці, мы б пабачылі стол з клятчастай цыратай, іконку за фіранкамі ды няспынную праграму па заяўках, дзе яго мёртвыя калегі просяць паставіць яму фрагмент конкурсу «Песня-1980». Той самы, дзе Ціхановіч спявае: «Прашу цябе, ў час розавы, напой ціхонька мне, як дораг край бярозавы ў малінавай стране». І тут не зразумееш, што каго сфармавала. Ці то гэта слухачы сканструяваліся пад штодзённым уплывам радыёкропкі, ці, наадварот, радыёкропка неяк адчула ды настроілася менавіта на тую інтанацыю, якая была патрэбная сотням тысяч стомленых дзённай працай вяскоўцаў.

І, пры пэўным поглядзе, генерацыя канчаткова адыходзіць не тады, калі памірае апошні чалавек, якому вось столькі і столькі гадоў. Старонка пакалення перагортваецца тады, калі знікае медыя, якім тое пакаленне супольна карысталася. Ужо няма генерацыі тых, хто перадаваў тэлеграмы. Адыходзяць дротавыя тэлефоны і ўжо зусім зніклі таксафоны. Хутка не застанецца тых, хто піша папяровыя лісты і дасылае віншавальныя паштоўкі. У гэтым сэнсе наша пакаленне таксама некалі сыдзе. Калі знікне MTV Netflix, ноўтбукі і wifi, а Skype і Viber перастануць праграмна падтрымліваць праз тое, што ніхто імі больш не карыстаецца.

budzma.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: