...І выбухі рогату ў нечаканых месцах, і апладысменты на фінальных кадрах!

Беларусы Канады знялі свой першы (дай Божа, не апошні!) фільм — музычную казку «То-то-то». І атрымалі шчырае задавальненне ад яго прэм’еры ў Беларускім грамадскім цэнтры Таронта 10 лютага.


Гэты фільм — выдатны прыклад таго, што можа зрабіць таленавітая і самаадданая каманда сцэнарыстаў, спевакоў, актораў, аператараў і мантажораў.


Па чырвонай дарожцы пад фанфары і авацыі гледачоў прайшлі ўсе ўдзельнікі праекту: выканаўцы галоўных роляў Інэса Церашчук, Ларыса Міхайлава, Аляксандра Саленік, Зміцер Леановіч, Надзея Дробіна, Ігар Уласічаў, Ігар Філюшкін, Ала Касцючэнка і Віялета Кавалёва, артысты, якія здымаліся ў эпізодах, выканаўцы вакальных партыяў, аператары, мастакі і г.д. Усе акторы фільма, а таксама ўсе вакалісты — выканаўцы таронтаўскага спеўнага гурта “Яваровы людзі” (а таксама і “Яваровы дзеці”). А ў масавых сцэнах Купалля здымаліся жыхары Таронта і ваколіцаў.


“Яваровы людзі” знялі гэтае кіно па матывах аднайменнага музычнага спектаклю, напісанага самімі ўдзельнікамі гурта і ўпершыню паказанага ў 2012 годзе, на Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. У фільме ёсць кадры для ўсіх: таямнічыя вядзьмаркі і загадкавыя гандляры для аматараў чарадзейных казак, цёмныя сілы для прыхільнікаў “жахлівікаў”, драма і эротыка для тых, хто любіць паплакаць над шчымлівай гісторыяй кахання, ёсць медытатыўнае яднанне з прыродай і нават дапаможнік па ткацтве паясоў. Чаго ў ім няма, дык гэта бессэнсоўнага гвалту і бязглуздага “мачылава”.


Нягледзячы на феерыю музыкі і танцаў (хаця і не ў балівудскім стылі!), фільм атрымаўся адназначна беларускім. А сапраўдны галоўны герой гэтай відэастужкі — беларуская народная песня, і яе аматараў фільм не пакіне абыякавым.  Ад свежай версіі ўсім вядомай “Купалінкі” мурашкі бягуць па спіне, колькі б разоў яе ні слухаў. У фільме прагучала васемнаццаць беларускіх народных песняў, і ніводная з іх не была скарочана дзеля “зручнасці” мантажу.


Усе песні, музыку і гук для “То-то-то” запісаў і звёў гукарэжысёр гурта “Яваровы людзі” Ігар Філюшкін. Кіраўнік  гурта Віялета Кавалёва адмыслова для фільму зрабіла аранжыроўкі некаторых песняў, а таксама інструментальныя апрацоўкі беларускіх мелодый. Фанаграма танцу “Падэспань” была запісаная выканаўцамі менскага гурта “Вербіца” і выкарыстаная ў фільме з іх ласкавай згоды.


На прэм’еру кіно 10 лютага ў беларускі цэнтр сабралася больш за 70 чалавек.


Ларыса Міхайлава: “Даўно ў мяне не было такога добрага настрою, як пасля прагляду фільму! Асабіста для мяне гэты фільм будзе хронікай найлепшых момантаў майго канадскага жыцця, звязанага з “Яваровымі людзьмі”. Вельмі прыемна было ўзгадваць, як гэта ўсё адбывалася! Колькі цікавых успамінаў, звязаных і з Купаллем, і з Гай-паркам, і з хамутом :) Гэты фільм будзе найлепшым сродкам супраць сумнага настрою ў будучыні!”


Ігар Філюшкін: “Ці варта казаць, што ўвесь праект быў рэалізаваны дзякуючы невычэрпнай энергіі і шыле ў адным месцы ў нашага бясстрашнага кіраўніка Віялеты Кавалёвай”.


Зміцер Леановіч: “Вялікі дзякуй Ігару і Віялеце, рэжысэрам і мантажорам фільму, за доўгую і складаную працу! І асобны дзякуй за тое, што яны ў якасці бонуса зрабілі “фільм пра фільм” – паказалі, як здымаліся эпізоды. Гэта было супер, смешна, таленавіта”.


У далейшых плянах стваральнікаў “То-то-то” — выпуск DVD, аўдыёдыску з саўндтрэкам да фільму, а таксама падрыхтоўка вэрсіі з ангельскімі субтытрамі і ангельскім закадравым тэкстам.

Наш кар., фота Уладзіміра Касцючэнкі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!