«Ідзі да Бога, папрасі ключы» — свежы рэліз ад гурта Vuraj

Нястомныя папулярызатары беларускага фальклору гурт Vuraj прадстаўляюць новы EP пад назвай Kalyna (Калына). У яго ўвайшлі песні, якія гурт адшукаў падчас веснавой экспедыцыі па Брэстскай вобласці.

На EP чатыры трэкі, але толькі дзве песні. Cправа ў тым, што акрамя «вурайскіх» варыянтаў, можна паслухаць і аўтэнтычнае выкананне жывымі носьбітамі традыцыі.

«Гэтым разам мы паставілі перад сабой задачу максімальна захаваць аўтэнтыку твораў — мелодыі, вымаўленне, настрой і нават традыцыйную манеру выканання», — кажа лідар Vuraj Сяржук Доўгушаў.

З гэтай мэтай на запіс адной з песень запрасілі вакалістку полацкага гурта Варган Ганну Лутаву, якая заспявала з Сержуком у дуэце. У другой кампазіцыі разам з Вураем гучаць галасы спявачак з народнага калектыву «Бабіна Лета».

Акрамя таго, у запісе EP паўдзельнічалі новы басіст Vuraj Піліп Петчанка, вядомы таксама па праэкце Dee Tree, і бубнач Аляксей Максімаў. Запіс праходзіў на мінскай студыі Everest. Звядзенне і майстарынг — Павел Сініла. Дызайн вокладкі — Ліза Лянкевіч.




Пра песні

«Ой Юр’я, Юр’я»

Каляндарную веснавую песню «Юр’я» запісалі у вёсцы Аранчыцы Пружанскага раёна. Заспяваў яе калектыў «Бабіна Лета», які быў створаны яшчэ ў 1980-х гадах і па сёння працягвае традыцыю народных спеваў. Кіраўніцы і найстарэйшай удзельніцы гурта Таццяне Піліпаўне Пушко ўжо 84 гады, але спевам гэта не замінае.

Юр’я — гэта старажытнае народнае свята ў гонар святога Георгія (Юрыя) — заступніка сялянскай жывёлы і нівы. Гэты дзень адзначае пачатак вясны, адраджэнне зямлі. Юр’ю просяць узяць у Бога ключы, каб адчыніць зямлю і распачаць новую пару года. Са святам звязана шмат абрадаў і павер’яў. Так, пастухі ў гэты дзень не бралі з сабой нажа, бо вастрыць нож — вастрыць воўку зубы.

«Калына»

Загалоўная песня EP «Калына» распавядае пра лёс прыгажуні, якая нядаўна пераехала жыць да мужа. Маладой жонцы цяжка прыходзіцца ў новай сям’і — свякроў яе неўзлюбіла і абгаворвае. Гэта папулярны сюжэт беларускіх вясельных песень: нялёгка бывае дзеўчынам пакідаць бацькоўскі дом і шукаць новай долі ў сям’і мужа.

Песня паходзіць з Палесся, з Драгічынскага раёна. Запісалі яе ў вёсцы Волька ў выкананні сямейнага дуэту Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі. Дуэт выконвае старадаўнія «колішнія» песні, працягваючы палескую традыцыю. Акрамя таго, музыкі займаюцца ткацтвам ды рамёствамі.

Пра гурт Vuraj

Vuraj (Вурай) эксперыментуе з фальклорам і займаецца захаваннем традыцыйнай песеннай спадчыны Беларусі. Музыкі збіраюць народныя спевы ў экспедыцыях па краіне і надаюць ім новае сучаснае гучанне ў студыі. У выніку нараджаюцца творы на мяжы розных стыляў ад року да класікі, але захоўваюцца аўтэнтычныя мелодыі, тэксты, дыялекты.

Гурт выпусціў шэраг EP і сінглаў, а таксама 4 альбомы, апошні з якіх музыкі запісалі ў Варашве з прадзюсерам, які мае некалькі намінацый на Грэмі.

Уладальнікі прэміі «Героі году» ад парталу tuzin.fm за ўнёсак у беларускую музыку. Лепшы фольк-альбом па версіі experty.by. Удзельнікі міжнародных фестываляў.


Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: