Ігар Варашкевіч упершыню выступіць у якасці ды-джэя

У Мінску 12 снежня адбудзецца канцэрт «Героі году», прымеркаваны да 15-годдзя партала TuzinFM.

Галоўнае адкрыццё ў беларускай музыцы ў 2018 годзе паводле версіі TuzinFM – Nürnberg – насамрэч з Мінску, але рэальна іх дэбютны рэліз выйшаў у Нямеччыне. Яны выдаюць песні на MC, відэа здымаюць на VHS і фатаграфуюць на стужку. Музыкаў цікавіць дэпрэсіўны стан і ўнутраная барацьба, а натхняе шэрае наваколле і ўсеагульная стома. Гурт распачаў актыўную дзейнасць пад канец лета 2017 году, выдаў дэбютны EP на бэрлінскім D.I.Y-лэйбле, іх песня «Лёс» трапіла на касэтны зборнік «Russian Tour 3» французскага лэйблу Belka Records, а пашыранае выданне беларускамоўнага EP выйшла на CD на расейскім лэйбле Sierpen Records. Яны далі з два дзясяткі канцэртаў, у тым ліку двойчы ў Маскве, у Віцебску сыгралі на разагрэве ў Akute, а ў сталіцы двойчы былі ў супорце «Петли пристрастия», трапілі ў фінал конкурсу «Басовішча-2018». Нядаўна Януш Пятрэнка і Алег Савуцін пабывалі ў студыі Belsat Music Live. У жывым сэце яны ўпершыню зайгралі некаторыя творы з альбому «Skryvaj», які толькі што пабачыў свет.

Найлепшым беларускім гуртом 2018 году TuzinFM палічыў Nizkiz. Сёлета магілёўскія музыкі збіралі поўныя залі практычна ва ўсіх гарадах у межах свайго беларускага туру, а на канцэрт у Мінску квіткі на тысячную залю скончыліся яшчэ за месяц да падзеі, давялося рабіць дадатковы канцэрт, на які таксама квіткі былі раскупленыя імгненна. Былі і паспяховыя сольнікі ў іншых беларускіх гарадах, а таксама ў Маскве і Піцеры.

 Каманда таксама перамагла ў беларускім адборы ды выступіла на найбуйнейшым украінскім фэсце Atlas Weekend, а таксама стала госцем вялікіх беларускіх опен-эйраў LidBeer i Viva Braslav. З рэлізаў — два шыкоўныя сінглы: «Интроверт» і «Люстэрка». Над апошнім музыкі працавалі разам з партугальскім прадусарам Даніэлем Кардозам. На «Люстэрка» і на найлепшы гіт-2017 на TuzinFM «Небяспечна» сёлета выйшлі кліпы. «Небяспечна» ўжо мае больш каля 300 000 праглядаў.

Гурты Nürnberg і Nizkiz выступяць на цырымоніі ўручэння «Героі году» з нагоды 15-годдзя парталу TuzinFM. Таксама ў ёй возьмуць удзел аўтары найлепшага альбому на меркаванне слухачоў TuzinFM MorkvoЦвет, а яшчэ – упершыню! – адзін з заснавальнікаў беларускага року Ігар Варашкевіч зайграе ды-джэй сэт! Весці канцэрт будзе Максім Жбанкоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!