Інтэрнацыянальны Багач у Дукоры (фота, відэа)

У маёнтку Дукора (Пухавіцкі раён) адсвяткавалі Багач — свята беларускага традыцыйнага календара, што прыпадае на восеньскае раўнадзенства. Яго сімволіка шматгранная: гэта час збору ўраджаю, запальвання агню ў хаце.

Фестываль распачаў гурт Студэнцкага этнаграфічнага таварыства абыходам тэрыторыі і беларускімі спевамі. Потым на сцэне выступілі калектывы, што прадстаўляюць культуру Украіны, Ізраіля, Карэі, Іспаніі, Арменіі, Азербайджана.

Багач менавіта з такой назвай вядомы не па ўсёй Беларусі, мае рэгіянальны характар. Нагадвае шматлікія абрады пераносу свячы, характэрныя для ўсёй краіны, але найбольш для ўсходняй часткі: на пэўнае свята пераносіцца штогод у новую хату абрадавы комплекс са свечкі ў жыце і абраза. Паходжанне такіх абрадаў даследчыкі выводзяць са старажытнага культу хатняга агменю, а звычай калектыўнага сукання свечак, што пераносяцца — з рытуалаў сярэднявечных братчын пчалаводаў.


Святкаванне Багача ў Дукоры дзяўчаты са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства распачалі абыходам рамесных падворкаў. Наведвальнікі маёнтка на ўваходзе разам з білетам атрымлівалі мяшэчкі з зернем, якое падчас шэсця гурта ссыпалі ў агульную місу са свечкай. Каля сцэны вядучы фестывалю, выконваючы ролю гаспадара, запаліў яе. Спеўшы некалькі восеньскіх, жніўных і вясельных песень, дзяўчаты распачалі майстар-клас па беларускіх танцах.


Акрамя са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Беларусь на свяце ў Дукоры прадстаўляў народны фальклорны ансамбль «Вербіца». Фестываль працягнуўся выступамі і майстар-класамі ансамблю карэйскага танцу «Арыранг», калектыву «Фламенка», ансамблю «Легенды Каўказа», фальклорнага тэатру украінскай песні і абраду «Ватра», ансамблю армянскага фальклорнага танцу «Эрэбуні», калектыву «Лейсэн», дуэта «Jazz doit» і ансамблю інтэрнацыянальнага сяброўства «Згода». Ізраільскія песні выканала Галіна Левянт. Фестываль завяршыў танцавальны флэшмоб.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!