«Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч»

Ці вы бачылі ў Мінску чаргу на мастацкую выставу, даўжыня якой — некалькі соцень метраў?

Найбольш дасведчаныя знаўцы прыгадваюць пасмяротны паказ прац Аляксандра Ісачова ў ДК Прафсаюзаў у 1990-я. Старажылы — выставы з Дрэздэнскай галерэі і амерыканскага жывапісу з калекцый ЗША за 15 год перад тым у Нацыянальным мастацкім.

А каб на сотню метраў расцягнулася чарга мастакоў з іх творамі, мастакоў, якія нясуць работы на паказ у галерэю? Не можа быць? Але менавіта так было ў першы дзень прыёму работ на экспазіцыю «Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч» у галерэі «Дом карцін», што знаходзіцца на праспекце Пераможцаў, 89/3. Прыём твораў, дарэчы, працягнецца 30 і 31 студзеня з 12.00 па 21.00.

Як мяркуе дырэктарка галерэі Вольга Кліп, у Беларусі нашмат болей таленавітых мастакоў, чым тыя, хто мае рэальны шанец выстаўляцца на афіцыйных ці статусных паказах. І часам не мае значэння ні ўзрост творцы, ні яго прыналежнасць да якога-небудзь саюзу, ні нават наяўнасць прафесійнай адукацыі. Галоўнае — прынесці творы, «якія б праходзілі ў дзьверы», і з адпаведнымі прыстасаваннямі для экспанавання — кручочкамі, вяровачкамі або лескай для прымацавання. Дарэчы, прымаюцца таксама аўдыёвізуальныя працы і музычныя кампазіцыі для мультымедыйнай дэманстрацыі пад час выставы.

Вольга Кліп удакладняе: прынцып, каб «творы праходзілі ў дзьверы» ўпершыню выкарыстаў амерыканскі экспазіцыянер і куратар Уолтэр Хопс у 1978 годзе, арганізуючы праект пад назваю «36 гадзін» у маленькай альтэрнатыўнай прасторы «Музей часовага мастацтва» (Museum of Temporary Art) у Вашынгтоне. Той самы Уолтэр Хопс, які рабіў музейныя рэтраспектывы Марселя Дюшана і Джозефа Корнэла. І адным з першых выставіў Эндзі Уорхала, Роя Ліхтэнштэйна, Барнета Ньюмэна. Папраўдзе, у Мінску аднойчы, на пачатку 1990-х, падобным прынцыпам скарысталася галерэя пры Альтэрнатыўным тэатры, аднак, задаўшы мастакам акрэсленую тэму — гісторыя П’еро і Каламбіны.

Такім чынам, можна меркаваць, што гледачоў чакае аншлагавае адкрыццё выставы а 18-й гадзіне Мастакам, якія маюць жаданне данесці свае работы 30-31 студзеня, раім даведвацца ў галерэі, ці засталося яшчэ месца для іх прац па тэлефоне +375 29 1496020.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2017-01-30 18:01:53
Увага! Кошт наведвання выставы зніжаны да 3 рублёў!
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: