«Я промень сонца пацалую з узбекскіх далячынь…» Якуб Колас і пісьменнікі Узбекістана

Вельмі радуе, што ў мінулым годзе ў Ташкенце быў адкрыты помнік Якубу Коласу — першы помнік класіку беларускай літаратуры за межамі Рэспублікі Беларусь. Яго аўтар скульптар, акадэмік Акадэміі мастацтва Узбекістана Марына Барадзіна. Гэтая яе другая праца, звязаная з беларускім паэтам, яна таксама стварыла мемарыяльную дошку, якая ў 2017 годзе была ўстаноўлена на будынку, дзе Якуб Колас жыў і працаваў пад час Другой сусветнай вайны.
Якуб Колас і Хамід Алімджан.1942 г.

Якуб Колас і Хамід Алімджан.1942 г.

У эвакуацыю ў Ташент Якуб Колас прыехаў 14 жніўня 1941 года. У лісце да свайго сябра і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага ад 17 жніўня 1941 года паэт пісаў: «Мы сейчас далеки друг от друга территориально. Я очутился в совершенно новом для меня мире, где так много своеобразия, своей поэзии…». У Ташкенце Якуб Колас жыў і працаваў два з паловай гады. За гэты час у беларускага песняра склаліся цёплыя сяброўскія адносіны з многімі ўзбекскімі пісьменнікамі і паэтамі.

У 1942 годзе ў Ташкенце да 60-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа на ўзбекскай мове быў выдадзены зборнік «Выбраныя вершы» з прадмовай і пад рэдакцыяй узбекскага паэта Хаміда Алімджана, які ў той час быў старшынёй Праўлення Саюза пісьменнікаў Узбекскай ССР. Узбекскі чытач упершыню пазнаёміўся з вершамі Якуба Коласа ў перакладах Гафура Гуляма, Зульфіі, Хаміда Гуляма, Тураба Тулы, Шэйхзадэ, Уйгуна, Міртэміра. У прадмове да зборніка Хамід Алімджан пісаў: «Тонкі знаўца прыроды і чалавечага сэрца, глыбокі мысліцель Якуб Колас, ад саміх песень якога павявае народнасцю, стаў блізкім, зразумелым і знаёмым для нашага народа. Узбекістан любіць і разам з усімі народамі нашай Радзімы глыбока паважае яго». Жонка Хаміда Алімджана, узбекская паэтка Зульфія пісала: «Мы любили и глубоко уважали народного поэта, который жил в Ташкенте в годы войны. Стихотворения Якуба Коласа, посвященные Узбекистану, я с увлечением переводила на узбекский язык».

З Хамідам Алімджанам і Зульфіёй у Якуба Коласа склаліся цёплыя адносіны. Яны часта сустракаліся ў Саюзе пісьменнікаў, выступалі разам на літаратурных вечарах. Аднойчы, сустрэўшы Зульфію, Якуб Колас сказаў: «Прочитав Ваше стихотворение «Золотая осень», я полюбил осень так же, как и весну». Зульфіе классік беларускай літаратуры падараваў свой фотаздымак, паэтка ўспамінала: «Как святую реликвию храню с 1943 года снимок, подписанный рукой Якуба Коласа. На меня смотрят его мудрые, печальные, ласковые глаза». А ў асабістым архіве Якуба Коласа захоўваецца фотаздымак-падарунак ад Зульфіі, на якім яна і яе сяброўкі Эдзі Агняцвет і Святлана Сомава.

Цёплыя адносіны склаліся ў Якуба Коласа з узбекскім паэтам і публіцыстам Гафурам Гулямам. Аб іх знаёмстве сведчыць ліст класіка да Пятра Броўкі ад 3 снежня 1941 года: «Сяды-тады выступаю разам з іншымі пісьменнікамі. Быў на хімфаку 6/ХІ, у Доме Чырвонай Арміі, у адной з ваенных акадэмій. Учора быў вечар паэзіі. Выступалі: Э. Агняцвет, Хамід Алімджан, Гафур і яшчэ адзін узбекскі паэт…»

Старшыня беларускага культурнага цэнтра «Світанак» у Ташкенце Святлана Дудзюк сустракалася з дачкой Гафура Гуляма Алмос Гафуравай, якая добра памятае як яе маці называла класіка беларускай літаратуры на ўзбекскі лад Ёкуб і гатавала да яго прыходу кашу з азіятскай фасолі (машэвую кашу), якую вельмі любіў паэт.
Гафур Гулям пераклаў на ўзбекскую мову такія вершы Якуба Коласа як «Невядомы хлопчык», «Фашысцкаму звяр’ю» і інш. А Якуб Колас прысвяціў свайму сябру артыкул «Гафур Гулям», які выйшаў да 50-годдзя з дня нараджэння ўзбекскага паэта і ўпершыню быў надрукаваны ў літаратурна-мастацкім часопісе «Звезда Востока» ў 1953 годзе. Якуб Колас пісаў:

«Гафур Гулям!..
 Эти два слова стали для меня знаменем прекрасной узбекской советской поэзии. Они всегда глубоко волнуют и вызывают целый ряд неповторимых для меня картин чудесного Ташкента, его ласковых окрестностей, ярких молодых маков, пышно расцветающих с приходом весны в степях Узбекистана.
Гафур Гулям!
С его именем в моем представлении воскресают картины великого Ташкента, самого большого города Средней Азии, его многочисленные парки и бульвары, утопающие в ароматах цветов, красных и белых роз и тысячи иных цветов, названий которых я не знаю. В поэзии Гафура Гуляма я слышу аромат родного и мне Узбекистана, который взрастил и воспитал такого замечательного поэта, каковым является Гафур Гулям.
 Гафур Гулям!..
Это не только прекрасный поэт – он глубокий мудрец и философ, олицетворение мудрости и трудолюбивого, честного и мужественного узбекского народа, который я люблю так же, как люблю и свой белорусский народ…»

Марыя Міцкевіч, Святлана Дудзюк і Маліка Абідава на адкрыцці помніка А. Наваі

Яшчэ адзін прадстаўнік узбекскай літаратуры Хамід Гулям таксама сябраваў з Якубам Коласам, узбекскі паэт пакінуў успаміны «Мае сустрэчы» аб знаёмстве з беларускім песняром: «Вялікі след у маёй душы пакінула сустрэча з Якубам Коласам, з якім я падружыўся, і наша дружба потым працягвалася да канца яго жыцця». Пазнаёміліся яны ў Ташкенце. Разам з іншымі ўзбекскімі паэтамі Хамід Гулям працаваў над перакладамі твораў Якуба Коласа да зборніка «Выбраныя вершы», ён пераклаў на ўзбекскую мову такія вершы як «Чырвонай арміі», «Савецкім народам» і інш.

Былі і пазнейшыя сустрэчы, Хамід Гулям успамінаў: «У студзені 1954 года я прыехаў у Мінск… Стаяла 30-градусная лютая зіма. Я не паспеў зайсці ў гасцініцу, як зазваніў тэлефон у адміністратара, нехта пытаўся пра мяне. Гэта быў Якуб Колас. Мяне тут жа павезлі да яго дамоў, у той самы дом на тэрыторыі Акадэміі навук Беларускай ССР, у якім цяпер Літаратурны музей Якуба Коласа. Тады мяне сустрэў сам Колас і яго творчы сакратар, цяпер вядомы беларускі паэт Максім Лужанін. На другім паверсе гэтага дома, у кабінеце Коласа няспешна цякла наша сяброўская гутарка… Ён успамінаў Ташкент, сваіх узбекскіх сяброў і глыбока шкадаваў аб заўчаснай смерці Хаміда Алімджана» (загінуў у аўтакатастрофе ў 1944 годзе). Апошні раз Хамід Гулям і Якуб Колас бачыліся ў Мінску ў 1954 годзе на Трэцім з’ездзе пісьменнікаў БССР.

Апошняя сустрэча Якуба Коласа і Хаміда Алімджана адбылася перад ад’ездам Якуба Коласа і яго сям’і ў Маскву, паэт пакінуў Ташкент 1 лістапада 1943 года. Эдзі Агняцвет у сваіх успамінах пісала: «За тыдзень да ад’езду Якуб Колас з Марыяй Дзмітрыеўнай былі запрошаны на развітальны абед да Зульфіі і Хаміда Алімджана. Нашы ўзбекскія таварышы запрасілі і мяне. Гаспадары прынялі гасцей з усёй усходняй гасціннасцю і шчодрасцю. Зульфія першая падняла тост за здароўе народнага паэта і яго жонкі. Непрыкметна за сардэчнай гутаркай мінуў час. Калі мы вярталіся з абеда, Якуб Колас некалькі разоў паўтарыў: «Якія людзі, якія добрыя, цудоўныя людзі!». Зульфія таксама ўспамінала аб гэтай цёплай сустрэчы: «И я, и мои дети хорошо помним ноябрь 1943 года, когда Якуб Колас со своей женой, на удивление ясной и милой Марией Дмитриевной, посетил наш дом перед отъездом в Москву. За столом шла сердечная беседа…Настроение у всех было счастливым. Константин Михайлович шутил с нашими детьми Хулькар и Аманом, смеялся над их шаловливыми выдумками. Хамид Алимджан и я любовались добротой, человечностью великого поэта».

Перад ад’ездам у Маскву Колас напісаў верш «Узбекістану», такую ідэю падкінула яму яго жонка Марыя Дзмітрыеўна, 21/Х 1943 года ў Ташкенцкім дзённіку паэта ёсць запіс: «яна падала мне думку напісаць развітальны верш Ташкенту. Пачаў пісаць. Кінуў – не выходзіць. Трэба абмеркаваць і пачаць іначай». А верш у Якуба Коласа атрымаўся:

Прыйшоў мой час. Я пакідаю
Цябе, мой братні край,
І цяжка, ведай, ясны краю,
Сказаць табе – бывай!

Другое неба нада мною
Развесіць свой шацёр.
Ты ж на мяне зірнеш вясною
Вачамі яркіх зор.

Я ўсім нутром, душой адчую
Тваіх яснот цяплынь.

Я промень сонца пацалую
З узбекскіх далячынь.

Успомню горад, шумны, звонкі,
І паркі, і сады,
Салар, узор арыкаў тонкі,
І топаляў рады.

Куточкі ўспомню зацішныя
І велічны Чымган,
І па табе душа заные,
Край-друг, Узбекістан…

Прыгожай узбекскай прыродзе прысвечаны вершы Якуба Коласа «Салар» і «Чымган». У «Кнізе Ташкенцкага быція», якую пісаў Якуб Колас, 3/VIII зроблены запіс: «Хачу напісаць верш пра Салар, на беразе якога мы часта сядзелі з Марусяй вечарамі на заходзе сонца»:

Рассыпала сонца каралі,
Ірдзее ў ім пыл, нібы жар,
Шумлівыя кідае хвалі,
Прахладаю вее Салар.

Утульнай густою сцяною
Схіліліся дрэвы над ім.
Гамоніць Салар з цішынёю,
Не ведаю толькі, аб чым…

  З 26 жніўня па 22 верасня 1943 года каля падножжа гары Чымган, на дачы старшыні СНК Узбекістана А. Абдурахмана Якуб Колас адпачываў разам з сям’ёй:

У мантыі лёгкай з празрыстай сінечы
Узносіцца ў неба магутны Чымган.
На ім спачывае халодны туман,
І хмары кладуцца на крэпкія плечы…

Радкі гэтых вершаў сведчаць аб любові беларускага песняра да зямлі, якая дала яму прытулак «у цяжкі час вайны суровай».  

Прыемна, што ўзбекскі чытач мае магчымасць знаёміцца з творчасцю классіка беларускай літаратуры на роднай мове. Акрамя зборніка «Выбраныя вершы»(1942 г.) на ўзбекскай мове выйшлі такія творы Якуба Коласа як аповесць «Дрыгва» ў перакладзе Наіма Карымава (1962 г.), зборнік вершаў «Голас зямлі»(1983 г.), апавяданне «Між двух рэчак» (1966 г.), вершы беларускага паэта друкаваліся ў розных паэтычных зборніках. У 2019 годзе выйшаў зборнік вершаў Якуба Коласа «Родныя напевы» з перакладамі твораў класіка, які быў падараваны кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку ў часе яго візіта ва Узбекістан.

Мы спадзяемся, што цікавасць да беларускай літаратуры з боку ўзбекскіх чытачоў будзе расці, што культурныя і літаратурныя сувязі будуць множыцца і пашырацца, што будуць з’яўляцца новыя пераклады твораў Якуба Коласа на ўзбекскую мову.

Васіліна Міцкевіч і Маліка Абідава

Васіліна Міцкевіч і Маліка Абідава


Васіліна Міцкевіч, кандыдат сацыялагічных навук, праўнучка Якуба Коласа
Маліка Абідава, паэтка, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!