Як аўтар «Кацюшы» псаваў нервы беларускім пісьменнікам

«Бывайце здаровы, жывіце багата» — бадай, самая вядомая беларуская песня. Сёння, 24 траўня, спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння аўтара яе словаў — Адама Русака. Між тым, аўтарства яму давялося ў свой час бараніць ад зорнага савецкага паэта-песенніка.

Адам Русак і Ісаак Любан

Адам Русак не толькі пісаў вершы, але і быў музыкам. Ён скончыў Мінскі музычны тэхнікум і Леніградскую кансерваторыю. Быў салістам-валтарністам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, іграў на скрыпцы. Дарэчы, жонку Адам Русак знайшоў якраз у Санкт-Пецярбургу. У Мінску яна працавала настаўніцай рускай мовы, але вывучыла і беларускую, на якой размаўляў і пісаў муж.

Адам Русак вядомы не толькі радкамі «Бывайце здаровы…», але і шэрагам іншых песень. Напрыклад, «Лясной песняй». Чулі — «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры»?

Словы да «Бывайце здаровы...» напісаў Ісаак Любан. З Русаком яны вучыліся ў музтэхнікуме і былі сябрамі. У беларускай культуры Любан — асоба знаная: працаваў мастацкім кіраўніком Беларускага радыё, старшынёй Саюза кампазітараў Беларусі, мастацкім кіраўніком Ансамблю песні і танца Беларускай філармоніі. Ісаак Любан — аўтар музыкі да вельмі папулярнай падчас Другой сусветнай вайны сярод савецкіх салдат песні «Наш тост» («Вып’ем за радзіму»).

Але «Бывайце здаровы...» была не менш папулярнай на фронце. Асабліва ў перакладзе на рускую мову і з рознымі куплетнымі варыяцыямі. Яе там спяваў Леанід Уцёсаў. Дарэчы, у розныя гады «Бывайце здаровы...» выконвалі таксама Ларыса Александроўская, Іосіф Кабзон, Якаў Навуменка, Надзея Мікуліч, «Песняры», Зміцер Вайцюшкевіч.

Адам Русак

Акурат з рускамоўным перакладам «Бывайце здаровы» і звязана прыкрая гісторыяй блытаніны пры першых публікацыях тэксту, у выніку чаго аўтарства Адама Русака некалькі гадоў ніяк не пазначалася. Яна лічылася ці то народнай з перакладам на рускую мову Міхаіла Ісакоўскага, ці то ўласна створанай на яго верш. А Ісакоўскі — суперзорны паэт-песеннік у СССР. Мяркуйце самі па пераліку песень на яго вершы: «Кацюша», «Ворагі спалілі родную хату», «Ляцяць пералётныя птушкі», «Адзінокі гармонік», «Пад зоркамі балканскімі», «Якім ты быў, такім ты і застаўся», «Ой, цвіце каліна».

Адам Русак

Русаку, які вельмі перажываў, давялося даказваць сваё аўтарства з дапамогай Саюза пісьменнікаў Беларусі, і ў 1940 годзе Ісакоўскі даслаў яму ліст з прабачэннямі, абяцаннямі болей не падпісвацца пад тэкстам песні сваім імем і заўпэўніваннямі, што не ведаў пра аўтара. Можа, яно і так, але затым у тыя самыя 1940-я працягвалі выходзіць зборнікі песень, дзе аўтарам словаў у рускамоўным варыянце «Бывайце здаровы» быў па-ранейшаму пазначаны Міхаіл Ісакоўскі. Сустракаліся недакладнасці і пазней.

Ісакоўскі, які быў родам са Смаленшчыны, шмат перакладаў творы беларускай літаратуры. З яго перакладчыцкай працай звязана і яшчэ адна непрывабная гісторыя. Калі Ісакоўскі перакладаў верш Якуба Коласа «Полымя», то ў яго атрымаўся данос, дасланы ў Саюз савецкіх пісьменнікаў. А быў гэта небяспечны 1937 год.

Міхаіл Ісакоўскі

У датаванага 1926 годам верша быў падзагаловак «Замест павіншавання з 5-ю гадавінаю». І вось што ўпільнаваў Ісакоўскі. «Высветлілася, што «Полымя» — гэта контррэвалюцыйная нацдэмаўская арганізацыя, якая была ў свой час выкрытая. І гэтай арганізацыі Якуб Колас прысвячае вершы, уключаючы іх у кнігу, якая павінна выйсці ў 1937 годзе! — абураецца паэт-песеннік. — У названым вершы Колас параўноўвае «Полымя» з прыветным агеньчыкам сярод цёмнай і страшнай ночы. Маючы на ўвазе гэты сэнс, а таксама той аб'ект, якому прысвечаны верш, нельга зрабіць іншай высновы, акрамя як той, што верш «Полымя» відавочна контррэвалюцыйны: усё, маўляў, навокал цёмна, страшна, змрочна і г.д., і свеціць толькі адзін ветлы агеньчык, і гэты агеньчык — «Полымя» (г.зн. нацдэмаўская ліберальная арганізацыя)».

Пачалося расследаванне, якое паказала, што верш Колас напісаў усё ж да 5-годдзя з дня выхаду першага нумару часопіса «Полымя»...


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!