Як гімн «Магутны Божа» ледзь не стаў дзяржаўным і што ў ім не задавальняе ўладу?

Вокладка дзяржаўнай газеты «Мінская праўда» ад 7 верасня 2021 года абурыла многіх беларусаў. На карыкатуры прадстаўнік каталіцкай царквы выконвае гімн «Магутны Божа», на яго сутане — свастыка. Расказваем, калі з'явіўся гэты твор, хто яго аўтары і як ён ледзь не стаў дзяржаўным гімнам.

Што такое «Магутны Божа»?

Верш з такой назвай напісала ў 1943 годзе паэтка Наталля Арсеннева. У 1947-м кампазітар Мікалай Ровенскі напісаў да яго музыку. Верш актыўна выконваўся беларускімі эмігрантамі, а ў сярэдзіне 1990-х нават мог стаць гімнам Беларусі. Прынамсі, парламент разглядаў такі варыянт.

Пра што спяваецца ў песні?

Вось увесь тэкст гэтай песні (слова «гімн» у дачыненні да яе выкарыстоўваецца неафіцыйна).

Магутны Божа! Уладар сусветаў,

Bялікіх сонцаў і сэрц малых!

Над Беларусяй, ціхай і ветлай,

Рассып праменні свае хвалы.

Дай спор у працы штодзённай, шэрай,

На лусту хлеба, на родны край,

Павагу, сілу і веліч веры,

У нашу праўду, у прышласць — дай!

Дай урадлівасць жытнёвым нівам,

Учынкам нашым пашлі ўмалот!

Зрабі магутнай, зрабі шчаслівай

Краіну нашу і наш народ!

У іншым варыянце замест «зрабі магутнай» гучыць «зрабі свабоднай».


Наколькі сур'ёзнай была ідэя зрабіць гэты гімн дзяржаўным?

Гэтую песню выбралі журы і парламенцкая камісія па адукацыі, навуцы і ахове гістарычнай спадчыны. У красавіку 1995 года было прынята наступнае рашэнне: «Лічыць, што для дзяржаўнага гімна найбольш падыходзіць песня Ровенскага на словы Арсенневай».

Камісія адправіла адпаведны ліст Мечыславу Грыбу, спікеру Вярхоўнага Савета. Яна рэкамендавала арганізаваць штодзённую трансляцыю песні па радыё і тэлебачанні на працягу трох месяцаў. А таксама ўнесці пытанне аб зацвярджэнні новага гімна на найбліжэйшым пасяджэнні парламента.

Чаму журы выбрала менавіта гэтую песню?

Выбар аказаўся доўгім.

У верасні 1991 года «стары» гімн БССР прызналі не адпаведным новаму часу. Але адзінай песні, якая задавальняла б усіх, не існавала, таму быў аб'яўлены конкурс.

У 1992 годзе згаданая парламенцкая камісія стварыла спецыяльнае журы, якое ўзначаліў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч (ён жа — старшыня камісіі). На конкурс даслалі каля 300 тэкстаў. Таксама ў адборы ўдзельнічалі вядомыя раней творы: паланэз «Развітанне з Радзімай» на музыку Міхаіла Клеафаса Агінскага, «Пагоня» на верш Максіма Багдановіча, «Магутны Божа», «Ваяцкі марш», які выкарыстоўваўся ўдзельнікамі Слуцкага паўстання 1920 года, «Не загаснуць зоркі ў небе» на верш Янкі Купалы.

У кастрычніку 1993-га Гілевіч паведаміў, што выбар журы спыніўся яшчэ на адным вершы Купалы: «Маладая Беларусь».


Падымайся зь нізін, сакаліна сям’я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі!


У траўні 1994 года вызначыліся і з музыкай да гэтага твора: спыніліся на варыянце, напісаным кампазітарам Анатолем Багатыровым.

Але з такім рашэннем пагадзіліся не ўсе члены журы. Вядомая музыказнаўца Галіна Куляшова, доктар мастацтвазнаўства і лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі, заявіла, што па выніках абмеркаванняў і сацыялагічных апытанняў «Магутны Божа» займае больш высокае месца. «Духоўнасць, сціплае хараство напеву і слоў ужо даўно набылі шырокую папулярнасць сярод насельніцтва, прычым сярод розных сацыяльных груп і розных канфесій», — адзначала Куляшова.

Улетку 1994-га парламенту прапанавалі зацвердзіць твор Багатырова на словы Янкі Купалы. Але неўзабаве ў членаў журы паўсталі сумневы. «Лепш папрацаваць не спяшаюся, чым прыняць гімн не зусім удалы», — аргументаваў Ніл Гілевіч і прапанаваў яшчэ раз адкласці пытанне.

Канчатковае рашэнне на карысць гімна «Магутны Божа» прынялі ў красавіку 1995 года.

Чаму «Пагоню» і БЧБ-сцяг паспелі зацвердзіць, а гімн не?

Прычын некалькі. «Пагоня» і БЧБ-сцяг мелі даўнюю гісторыю: герб быў вядомы з ХIV стагоддзя, сцяг — з 1917 года. Яны ўспрымаліся як нацыянальныя і безальтэрнатыўныя. У 1991-м, калі іх зацвердзілі, іншых варыянтаў не існавала.

З гімнам назіралася дыяметральна супрацьлеглая сітуацыя. Але тады існавала два цэнтры ўлады: урад і парламент (пасада прэзідэнта з'явіцца некалькімі гадамі пазней). Ні там, ні там не знайшлося палітычнай фігуры, зацікаўленай у больш хуткім прыняцці гімна. А таксама канкрэтнага чалавека, які фарсіраваў бы гэты працэс. Таму пытанне празмерна зацягнулася.

Акрамя таго, дэпутаты і члены журы адкрыта спазніліся са сваім рашэннем. За два дні да таго, як яны вызначыліся з гімнам, у ноч з 11 на 12 красавіка, сілавікі збілі ў будынку парламента апазіцыйных дэпутатаў. Тыя абвясцілі галадоўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму: Аляксандр Лукашэнка прапанаваў памяняць дзяржаўную сімволіку і пазбавіць беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай. Атмасфера ў краіне памянялася, і пытанне пра гімн «Магутны Божа» нават не сталі разглядаць у парламенце.

Узнікае слушнае пытанне: што тады з'яўлялася дзяржаўным гімнам Беларусі? Па радыё і тэлебачанні працягвала выконвацца музыка Нестара Сакалоўскага (гімна БССР), але без слоў. Дарэчы, падобная сітуацыя назіралася ў Расіі: на працягу 1990-х дзяржаўным гімнам з'яўлялася «Патрыятычная песня» Міхаіла Глінкі, дзе не было слоў. Затым Пуцін таксама звярнуўся да савецкай спадчыны.

У 2002-м гімнам Беларусі стаў стары гімн БССР, перапрацаваны паэтам Уладзімірам Карызнам.

Якія прэтэнзіі да твора «Магутны Божа»?

Летась «Магутны Божа» канчаткова замацаваўся ў свядомасці многіх беларусаў як духоўны гімн нашай краіны. Яго актыўна выконвалі падчас набажэнстваў.

Але ў кастрычніку 2020-га мітрапаліт Веніямін падчас візіту ў Гродна заявіў, што выконваць яго не трэба: «І раней у гутарцы са святарамі я звяртаў увагу, што не трэба выконваць спевы свецкага характару, якія падзяляюць наша грамадства. Хоць яны маюць духоўную афарбоўку. Але тым не менш хтосьці радуецца выкананню гэтай песні, а хто-то смуткуе. У нас дастаткова іншых спеваў, якія не падзяляюць, а аб'ядноўваюць наша грамадства, нашы прыходы. І клопат кожнага настаяцеля павінен быць аб гэтым» (выступленне было апублікавана на YouTube-канале сабора).

Да самога тэксту ні ў каго прэтэнзій не было. Як напісаў на сваёй старонцы ў Facebook тагачасны прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін, «некаторыя прыхаджане бачаць у гімне "Магутны Божа" негатыўныя палітычныя канатацыі, паколькі яго словы напісаныя ў 1943 годзе Наталляй Арсенневай — жонкай Францішка Кушаля, лідара Беларускай Краёвай Абароны».

БКА — гэта калабарацыйнае ваеннае ўтварэнне, створанае на тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі 23 лютага 1944 года. Але з Арсенневай і самім тэкстам, які быў напісаны за год да з'яўлення БКА, яно ніяк не звязана.

Сама Арсеннева ў час вайны працавала ў «Беларускай газеце», якая выходзіла ў акупаваным Мінску.

— Я ўважліва прачытаў усе вершы Наталлі Арсенневай. Але ні ў адным з іх няма нічога такога, што ўхваляла б фашысцкі рэжым. Больш за тое, у яе ёсць вершы, якія асуджаюць генацыд, ёсць верш, якi прысвечаны расстрэлам яўрэяў у Валожыне. Тады гэта было вялікай адвагай, — гаварыў Пётр Краўчанка, першы міністр замежных спраў незалежнай Беларусі, які двойчы сустракаўся з паэткай.

Арсеннева памерла ў 1997 годзе. Мікалай Ровенскі нашмат раней — у 1953-м.

Як царква паставілася да забароны на выкананне гэтага твора?

Пасля выказванняў мітрапаліта Веньяміна праваслаўныя святары перасталі выконваць «Магутны Божа». Але каталіцкія — не.

Летам 2021-га ўлады арганізавалі ўсебеларускую малітву «За Беларусь!», якая павінна была прайсці пры ўдзеле ўсіх асноўных рэлігійных канфесій краіны. Касцёл папрасіў ксяндзоў уключыць у яе заклік за адзінства і мір у Беларусі, а ў канцы імшы выканаць гімн «Магутны Божа».

«Апошнім часам нашы сродкі масавай інфармацыі ўсё больш распаўсюджваюць факты пра тое, што ў касцёлах хочуць памаліцца (заўтра, не сёння) пад "Магутны Божа" . Глядзіце, нарвецеся», — заявіў 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці.

Каталікі не паслухаліся. У выніку 4 ліпеня ў Мінскую архікатэдру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з прэтэнзіяй, што парушаная норма заканадаўства аб малітве. Як напісаў у адказ на сваёй старонцы ў Фэйсбуку біскуп Юрый Касабуцкі, «на сенняшні дзень гэты гімн стаў малітвай, якая выкарыстоўваецца ў набажэнствах каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама апошнім часам гэты гімн спяваюць людзі, якія не атаясамліваюць сябе ні з якой рэлігіяй. Гімн "Магутны Божа" — гэта першы за ўсе малітва за нашу бацькаўшчыну і за наш народ».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: