Як кахалася шляхта і чаму ліцвінак лічылі распуснымі. Выйшла кніга пра сэкс у ВКЛ. 18+

Здараўся нават групавы сэкс, а за здраду ў шлюбе маглі пакараць смерцю. Кандыдатка гістарычных навук з Горадні Наталля Сліж апублікавала другое даследаванне пра сэкс і каханне ў ВКЛ. Кніга называецца «Культура сэксуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVII стагоддзях», паведамляе Радыё Свабода.
Яе ранейшая праца «Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVII стст.» выйшла ў 2015 годзе і закранала ў асноўным пазашлюбныя стасункі і шлюб. Цяпер Наталля Сліж узялася за сэксуальнае жыццё шляхты і прасталюдзінаў у шлюбе і па-за ім. Гаворым з даследчыцай пра сэкс у ВКЛ.

— Наколькі было разнастайным сэксуальнае жыццё нашых продкаў? Напрыклад, у выбары партнёраў...

— Прасачыць, хто, з кім і як, і сёння цяжка. У тыя часы, было прынята, што найперш гэта шлюбны партнёр. З другога боку, маглі быць партнёры да шлюбу, пазашлюбныя стасункі. Мужчынам было прасцей, бо няма наступстваў у плане цяжарнасці. Гэта і наведванне публічных дамоў, і вандроўкі. Гэта таксама залежала ад сацыяльнага статусу, шляхта сабе магла больш дазволіць. Таксама залежала ад маральных якасцяў. Бывала, што здрадзіў жонцы адзін раз, а нехта меў ненармаваныя адносіны: і з чэляддзю, і з прастытуткамі.

Сяляне былі моцна загружаныя, былі прыгонныя, яны мелі нашмат менш магчымасцяў, мала перасоўваліся, а ў лякальным асяроддзі, каб ніхто ня ведаў, не атрымаецца. Здрада несла непрыемнасці.

За здраду маглі пакараць смерцю

— Ці моцна асуджалі здраду?

— Калі гэта даходзіла да суду, то ў судзе дакладна асуджалася. Быў выпадак, калі мешчанін здрадзіў з сястрой жонкі, тая нарадзіла дзіця і забіла яго. Безумоўна, такія рэчы асуджаліся. Такой цяжарнасці імкнуліся пазбавіцца. Сямейныя здрады правакавалі скандалы. Гэта быў удар па рэпутацыі.

Ніхто не хацеў псаваць рэпутацыю і разводам. За шлюбную здраду існавала смяротнае пакаранне, і былі выпадкі, калі яно выконвалася.

— Смяротнае пакаранне за здраду прымянялася больш да жанчын ці да мужчын?

— Сустракаюцца і такія, і такія выпадкі. Гэта залежала ад таго, наколькі настойваў пакрыўджаны бок. Калі ішлі да канца, асуджалі на смерць. Адносна і жанчын, і мужчын былі прысуды і са смяротнай карай, і без.

— Ці былі тады якія-небудзь сродкі кантрацэпцыі?

— Яны былі даволі сумнеўныя. Былі раслінныя, быў перарваны палавы акт. Нейкіх прататыпаў прэзерватываў ці хімічных сродкаў не было. Сэксуальная адукацыя залежала ад узроўню агульнай. У сялянскім асяроддзі яна была значна меншая. Колькасць дзяцей і ў сялянскай, і ў шляхецкай сям’і была вялікая.

Асуджаліся «грахоўныя позы»

— А наколькі разнастайным быў сэкс паміж партнёрамі?

Існаваў і групавы сэкс, і ў плане тэхнік у дакументах сустракаецца, што быў і аральны, і анальны сэкс, і варыяцыі ў позах былі. Пры споведзі перапытвалі і асуджалі «грахоўныя позы». Поза 69 была грахоўнай, ззаду — гэта быў грахоўны варыянт, вершніца — таксама. Неграхоўнай лічылася хіба «місіянерская» поза — і толькі для таго, каб зрабіць дзіця.

— Ці былі нейкія вядомыя героі-палюбоўнікі?

Да летапісу дайшло імя Жыгімонта Аўгуста, там адкрыта пішацца, што ён быў «вельмі схільны да жанчын». Пра Барбару казалі, што спярша ў іх быў сэкс, і толькі пасля шлюб. Ян Доўгаш паведамляе, што ў Вітаўта быў гарэм і ён вельмі любіў жанчын.

Згадваюць прыгоды Багуслава Радзівіла, ён быў пры французскім двары і там збіраўся ажаніцца з набліжанымі да яго асобамі. Быў заўважаны ў двубоях. Сабе такое маглі дазволіць людзі вышэйшага сацыяльнага статусу, бо яны былі ня ўключаныя ў штодзённую працу і мелі час заляцацца. Камусьці была важная палітыка, а хтосьці з вышэйшых чыноў займаўся жанчынамі.

Жонка магла проста зʼехаць ад мужа

— Ці лёгка было скасаваць шлюб?

— У залежнасці ад таго, які быў шлюб. Калі нявенчаны, дык узялі ды разышліся. У XVI стагоддзі гэта было прасцей зрабіць. Часта прычынай пісалі проста «нязгода». Імпатэнцыя таксама магла стаць прычынай.

Калі шлюб нявенчаны, то жанчына магла проста сабраць рэчы ды зʼехаць. Фактычна гэта не развод, а людзі жывуць у розных месцах. Муж падае скаргі, а яна яго ігнаруе проста.

— А ці было вядома на той час пра аднаполыя стасункі?

— Адпаведнага суду не было, у ВКЛ гэтая зʼява лічылася ўласцівай для Турцыі, Італіі. Калі хто і быў, то ехалі за мяжу. Каштоўнасцямі лічыліся сям’я і дзеці. Былі неразвітыя тэндэнцыі, гэта адназначна асуджалася і адназначна не афішавалася. Пляткарылі пра некаторых манархаў, але доказаў знайсці немагчыма. У гістарыяграфіі гэта асуджалася таксама. Судовых спраў мэтанакіраваных за гомасексуальныя стасункі я ня выявіла нідзе.

А які народ у ВКЛ лічылі распусным, і якімі лічыліся ў свеце выхадцы з ВКЛ у гэтым плане?

У ВКЛ лічылі, што разбэшчаныя людзі ў Турцыі, бо там і гарэмы, і аднаполыя стасункі. Папскі нунцый лічыў, што ў ВКЛ распусныя людзі, бо мужчыны і жанчыны сядзяць у адным пакоі, разам сьпяць, разам вандруюць. Пры гэтым у Ватыкане была дазволеная прастытуцыя.

Сустракаліся і стэрэатыпныя моманты, што адна краіна больш распусная, чым іншыя. Але проста людзі былі выхаваныя ў розных культурных кодах. Стэрэатыпна зноў жа лічылася, што ліцвінкі распусныя. Але праблемна зрабіць нейкі замер тэмпэраменту. Гэта культура, выхаванне. Такіх мастацкіх твораў, як у Італіі (з аголенымі фігурамі нават у касцёле), тут такога не было. Распуста для адных і для другіх ацэньваецца паводле розных крытэраў.

Прэзентацыя новай кнігі Наталлі Сліж «Культура сэксуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVII стст.» пройдзе 5 верасня ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна а 18-й гадзіне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!