Як моладзь у 1983 годзе дамаглася беларускай школы ў савецкім Мінску

У дзень нараджэння Віктара Івашкевіча Радыё Свабода ўзгадвае яго ініцыятыву адрадзіць ТБШ, якая дала практычны вынік: стварэнне пасля доўгага перапынку школы з беларускаю моваю выкладання ў цалкам яшчэ савецкім Мінску.
Бланк для подпісаў за беларускую школу, якія збірала Беларуская Майстроўня ў 1983 г.

Бланк для подпісаў за беларускую школу, якія збірала Беларуская Майстроўня ў 1983 г.


Калі Віктар Івашкевіч (1959–2013) прыйшоў у Беларускую Майстроўню — „нефармальнае“ згуртаванне маладых беларускіх патрыётаў, створанае ў пачатку 1980-х, ён запатрабаваў не толькі спеваў і адраджэння беларускіх святаў на мінскіх вуліцах. Спаслаўся на досвед незалежнікаў у міжваеннай Заходняй Беларусі, чыё Таварыства беларускай школы было магутным чыннікам барацьбы за нацыянальную тоеснасць:

„...Давайце створым Таварыства беларускай школы і пойдзем у народ збіраць подпісы за навучанне на беларускай мове. Да маёй ідэйкі спачатку паставіліся крытычна. І Сокалаў-Воюш кажа: ты выйшаў з ідэяй, дык ідзі і паспрабуй.

Я ўзяў сшытачак школьны, разлінаваў, зрабіў тэкст: патрабуем, каб беларускіх школаў было гэтулькі, колькі беларусаў паводле перапісу, гэта значыць 76%. І пайшоў на вуліцу Сталетава, там высокі дом, і пачаў абыходзіць кватэру за кватэрай. [Пісьменнік] Васіль Сёмуха адчыніў дзверы, а я не ведаў, хто гэта, і кажу: вось Таварыства беларускай школы пры Майстроўні праводзіць збор подпісаў. І Васіль Сёмуха сказаў: о, няўжо Майстроўня ў народ пайшла?

Атрымалася, што працэнтаў 80 падпісалі. Кажу: я правёў эксперымент, апытаў сто кватэраў, эфект татальнай падтрымкі, давайце ўсе разам. І тады было вырашана стварыць пры Майстроўні аб’яднанне ТБШ. Гэта 1983 год“.

(з кнігі С. Дубаўца „Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду“)

Паход па школу падрыхтавалі. Размеркавалі дамы ў мінскім раёне Сляпянцы (усходняя частка гораду, за Батанічным садам). Я аддрукаваў на машынцы на „папяроснай паперы“ (прабіваецца праз капірку да 10 асобнікаў!) бланкі з падстрахоўкай — спасылкай на савецкую канстытуцыю, дзе сказана пра „магчымасць навучання ў школе на роднай мове“.

І нечакана нават для сябе майстроўцы-ТБШоўцы сабралі больш за тысячу подпісаў за беларускую школу або беларускі садок звычайных жыхароў звычайнага мінскага мікрараёну Сьляпянкі — рабочых, інжынераў, хатніх гаспадыняў. Адмоўныя адказы калі і былі, то ад савецкіх чыноўнікаў і так званых „прафесійных беларусаў“, пра што Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў песню — драматычны абразок з натуры:

— Добры дзень у хату! Мы да Вас са школы.
Просім прабачэньня, як прыйшлі ня ў час...
Ах, якія ж дзеткі ў Вас — чыстыя анёлы!
Можа б Вы іх аддалі ў беларускі клас?

— Вот яшчо прыдумалі! Мы не панімаем
І рабёнка порціць вам не аддадзім.
Мы ж яму навекі жызьнь эцім паламаем,
Мы ж такіх прапяцьсьцьвіеў тут нагарадзім...

— Значыт, намякаеце на маю зарплату?
Толька зра стараецесь: ўсё ў мене акей.
Тут у нас ня Грузія, не Літва, рыбяты,
Не прайці паліціке тут у нас такей!

Урэшце міліцыя і спецслужбы пасля званкоў „неабыякавых людзей“ пачалі затрымліваць майстроўцаў падчас апытання. Аднак подпісы былі ўжо сабраныя, іх перадалі ў газету «Літаратура і Мастацтва», якая акурат пачала была дыскусію пра лёс беларускае мовы. Улада, нават камуністычная, мусіла зважаць на так яўна выказаныя настроі людзей.

У выніку ўлады пайшлі на стварэнне першай за шмат гадоў у Мінску беларускай школы — № 108 на вуліцы Сталетава. Майстроўцы нават спрабавалі „шэфстваваць“, як тады казалі, над ёй, нават насуперак волі дырэктаркі: ладзілі Каляды і вандроўкі для дзяцей, дапамагалі настаўнікам пачатковай школы матэрыяламі па-беларуску. Гэта і быў пачатак вялікай хвалі адраджэння адукацыі па-беларуску ў сталіцы і наогул беларускае мовы, якая працягвалася да 1995 году, да сумнавядомага „рэферэндуму“ пра вяртанне дзяржаўнасці расійскай мове.

Эмблема Таварыства беларускай школы

Так Таварыства беларускай школы, забароненае польскай уладай у 1936 годзе, адрадзілі канкрэтнаю справаю ў 1983-м, у застойна-камуністычнай БССР, маладыя сведамыя беларусы — з відавочнаю народнаю падтрымкаю. А ў 1996-м было другое, ужо інстытуцыянальнае, адраджэнне ТБШ як агульнанацыянальнай арганізацыі. У 2021 годзе Таварыства зліквідавалі ўлады Рэспублікі Беларусі — прычым сімвалічна, выбраўшы для гэтага дату 17 верасня.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: