Як старажытныя мапы фармуюць сучаснае мысленне

Мапы могуць выкарыстоўвацца як ідэалагічная і ментальная зброя: калі стваральнікі імкнуцца падкрэсліць «блізкасць» адных рэгіёнах і «аддаленасць» іншых.



У выставачнай залі Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва наведнікам прапануюць пазнаёміцца з экспазіцыяй “Беларусь на старажытных геаграфічных мапах”.

 У межах праекту “Перасоўная гісторыя” ў Віцебску дэманструюцца 34 мапы. Аўтар ідэі, укладальнік выставы дырэктар выдавецтва “Эканомпрэс” Эдуард Куфцерын распавёў Радыё Рацыя:

Мапы ўласна Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Еўропы, Масковіі, мапы Азіі і мапы свету. Яны размешчаны ў такім кантэксце, як чалавек паступова адкрывае для сябе свет — ад бліжэйшага атачэння пасля нараджэння. Спачатку гэта вазочак, потым свая хата, вуліца, горад, рэгіён і потым ужо свет. Візуальна свет мы паступова адкрываем для сябе.

Апрача экскурсіі па выставачнай залі, гледачы ўзялі ўдзел у дыскусіі пра тое, як змяняўся візуальна-геаграфічны вобраз нашай краіны, і як гэтыя змены паўплывалі на светапогляд беларусаў.

У абмеркаванні ўдзельнічалі гісторык, спецыяліст у гісторыі ВКЛ, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Алег Дзярновіч, доктарка сакральнай тэалогіі, рэлігіязнаўца і культуролаг — Ірына Дубянецкая, філосаф Павел Баркоўскі.

У віцяблян было шмат пытанняў, што да экспанатаў выставы. Прыкладам, Канстанцін Смолікаў, ініцыятар кампаніі за вяртанне гістарычнага назову рацэ Дзвіна, цікавіўся, як галоўную рэчку Віцебску называлі на старых мапах:

— На розных мапах яна пададзена па-рознаму: “Дзвіна”, а бо я ўпершыню ўбачыў, што яна “Дзіна”, “Дуна”. Але нідзе няма гэтага прыдомку, як цяпер яе афіцыйна называюць “Заходняя Дзвіна”. Гэта яшчэ больш мяне пераконвае ў намерах вяртання спрадвечнай назвы.



Паводле адмыслоўцаў, мапы могуць выкарыстоўвацца як ідэалагічная і ментальная зброя: калі стваральнікі імкнуцца падкрэсліць “блізкасць” адных рэгіёнах і “аддаленасць” іншых. Выхаваныя на такіх мапах людзі ў савецкія часы ўспрымалі Баку ці Ташкент значна бліжэйшымі за, прыкладам, Варшаву. Таму аналіз мапаў, створаных у розныя часы, дапамагаюць чалавеку глыбей разумець сябе ў геаграфічным, палітычным і культурніцкім кантэксце сучаснага свету.

www.racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!