Як у каралеўскім горадзе маладыя таленты шукалі

У Гародні прайшоў Дзень беларускай дзіцячай творчасці – прыватная ініцыятыва па падтрымцы маладых творчых калектываў у абласных гарадах.

Свята ўключыла ў сябе конкурсную праграму, элементы анімацыі, забавы ды выступленні вядомых артыстаў і творцаў.

– Мы самі часта сутыкаемся з тым, што схадзіць з дзецьмі на штосьці цікавае, пазнавальнае і адначасова беларускае бывае складана, хоць цяпер і з’яўляецца шмат мерапрыемстваў. І мы прыдумалі канцэпцыю і зладзілі свята дзіцячай беларускай творчасці, – патлумачыў «Новаму Часу» канцэпцыю свята яго арганізатар і кіраўнік інтэрнэт-крамы PRASTORA.BY Алесь Квіткевіч. – Мы правядзём такія святы ў кожным абласным горадзе, каб паглядзець, чым жывуць мясцовыя дзіцячыя калектывы.

Алесь Квіткевіч з дачкой Марай

Алесь Квіткевіч з дачкой Марай

Для ўдзелу ў конкурсе ўсе гурты праходзілі адбор, і перавага была аддадзена тым, чыя творчасць прасякнута беларускай тэматыкай, хаця ўвогуле конкурс адкрыты для ўсіх.

Першую частку праграмы склалі выступленні канкурсантаў – іх набралося 11 асобных выступоўцаў і мастацкіх калектываў з Гародні. Вакальныя нумары, танцавальныя ансамблі, музычныя кампазіцыі – кожны з артыстаў меў свае непаўторныя адметнасці, таму вызначыць лепшага (а гэта рабілі наведвальнікі свята шляхам галасавання) было няпроста. Дарэчы, у якасці галоўнага прыза пераможцу чакала магчымасць запісаць на студыі гуказапісу песню, альбо, у выпадку перамогі танцавальнага калектыву, зняць кліп.
Аднак конкурсная інтрыга захоўвалася да вечара, і пакуль гледачы аддавалі свае галасы за маладых гарадзенскіх талентаў, рэй узялі аніматары, мастакі, паэты і сталыя музыкі. Пра сакрэты стварэння выцінанак распавяла майстарка з Маладзечна Вольга Бабурына. Галоўнай паэтычнай разынкай дня стала чытанне вершаў жывой легендай – гарадзенскай паэткай Данутай Янаўнай Бічэль-Загнетавай. Таксама свае творы прачыталі маладыя пісьменніцы Юлія Алейчанка і Дар’я Бялькевіч. Каб паказаць сваё баявое майстэрства і распавесці пра старажытную зброю і даспехі беларускіх рыцараў, з Мінска прыехалі рэканструктары Юрый Усціновіч, Андрусь Дундукоў і Алесь Пятроўскі ў суправаджэнні сапраўдных сярэднявечных музыкаў. А крыху пазней далі джазу і не толькі ўжо музыкі сучасныя: дуэт «Дзівабор», Таццяна Свістунова і «Кветка-Мара», чароўная і загадкавая Дзіяна Шыманоўская, Андрусь Такінданг і гурт «Рэха», а таксама Раман Абрамчук і яго анты-кавербэнд «Гарадскі вал».
І вось настаў час абвясціць лепшага з лепшых маладых выступоўцаў (альбо калектываў) з Гродна.

Трэцяе месца па выніку галасавання дасталася кранальнаму дуэту маленькіх скрыпачоў «Грымаскі».
Дуэт «Грымаскі»

Дуэт «Грымаскі»

Другую прыступку заняла, бадай, самая экстравагантная выканаўца на флейце Ева Венская.
Ева Венская

Ева Венская

Найбольшую ж колькасць галасоў атрымаў харызматычны дзіцячы ансамбль народнага танца «Фолк Фрэш».
Ансамбль «Фолк Фрэш»

Ансамбль «Фолк Фрэш»

Дзякуючы таму, што да ініцыятывы далучыўся генеральны партнёр – сетка крам «Карона» – мерапрыемствы атрымалася зрабіць не толькі бясплатнымі, але і ўзнагародзіць уладальнікаў прызавых месцаў салодкімі пачастункамі. А студыя скураных вырабаў «Макей» паспрыяла таму, каб педагогі і кіраўнікі калектываў-пераможцаў атрымалі ў падарунак дыхтоўныя нататнікі ручной працы са скуры.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-07 08:57:52
Фота аўтаркі.
Твой фірмовы стыль, Новы час, - адсутнасць профі фотаздымкаў на тваім рэсурсе. Калі ў двуз словах: ты, як і твае чытачы як чарапашкі толькі што народжаныя бяжыце да акіяна быцця, а што там ня ведаеце. А там у тым акіяне беларускага быцця толькі прафесіяналізм, і ні каплі бел-чырвона-белага.

Ну і чыста канкрэтна амерыканская заўвага: "мерапрыемства атрымалася зрабіць бясплатным". Акрамя іншага мне падабаецца, што ў Амерыцы бясплатнага нічога няма. Ну хоць даляр трэ заплаціць, каб не было такога савецкага / постсавецкага щчасця, як халява. За ўсё трэба плаціць.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-07 08:58:31
Фота аўтаркі.
Твой фірмовы стыль, Новы час, - адсутнасць профі фотаздымкаў на тваім рэсурсе. Калі ў двуз словах: ты, як і твае чытачы як чарапашкі толькі што народжаныя бяжыце да акіяна быцця, а што там ня ведаеце. А там у тым акіяне беларускага быцця толькі прафесіяналізм, і ні каплі бел-чырвона-белага.

Ну і чыста канкрэтна амерыканская заўвага: "мерапрыемства атрымалася зрабіць бясплатным". Акрамя іншага мне падабаецца, што ў Амерыцы бясплатнага нічога няма. Ну хоць даляр трэ заплаціць, каб не было такога савецкага / постсавецкага щчасця, як халява. За ўсё трэба плаціць.

А сама імпрэза мне падабаецца.