Як у Мінску кельцкае свята «Бельтайн» адзначылі (шмат фота!)

У першую суботу траўня ў мінскім Батанічным садзе прайшоў фестываль кельцкай культуры «Бельтайн». Гэты фэст вельмі чакалі. Людзі сумавалі па «руху», па канцэртах, па добрым надвор'і. І вось 1 траўня ўсё супала!

З раніцы даволі шмат людзей упэўнена запаўнялі месца побач са сцэнай, цікавіліся інтэрактыўнымі гульнямі, частаваліся разнастайнай ежай. Занятак сабе знаходзіў кожны.

Вялікай увагай карыстаўся лагер шатландскай пяхоты: вядомыя далёка за межамі Беларусі «шатландцы» з Маладзечна не прапускаюць аніводны фестываль такога кшталту. Дарэчы, як яны сцвярджаюць, многія ўдзельнікі маюць натуральныя шатландскія карані!
Таксама можна было паспрабаваць сябе ў майстар-класе сярэднявечнага ювеліра, навучыцца карыстацца лукам, пазнаеміцца з савой і крумкачом з Цэнтра дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» і шмат чаго іншага.
Увесь час на сцэне фэста ішлі канцэрты альбо гульні з гледачамі. Не давалі сумаваць вясёлай музыкай гурты «Hardwood», «Cloverland», Алесь Чумакоў, «Няміга», Сафія Кананюк, «Без Панікі».

Дзяўчыны студыі этнічнай пластыкі «Кетры», якія выступалі ў перапынках паміж гуртамі, літаральна зачароўвалі гледачоў сваім мастацтвам.

Нястомныя шатландскія ваяры раз за разам наведвалі галоўную сцэну са сваімі гісторыямі. Ну і, канешне, не абышлося без абрання Каралевы Бельтайна!


А калі надышоў час хэдлайнераў фэста, месца побач са сцэнай было знайсці даволі цяжка. Шыкоўныя «PAWA» сваёй музыкай паднялі на ногі амаль усіх. Безумоўна, пасля гэтага канцэрта колькасць фанатаў у іх падвысіцца.
Хуліганістыя «Всё Crazy» нечаста радуюць сваіх прыхільнікаў канцэртамі, але калі яны-такі выходзяць на сцэну, то ўжо выкладваюцца па поўнай  і самі, і гледачы. Устаяць на месцы, а тым больш уседзець, немагчыма.

«KaS» кажуць, что граюць мужыцкія песні з беларускім каларытам. Сапраўды так, яны вельмі добра і жыццярадасна паставілі кропку на музычнай частцы фестываля.

Завяршалі гэты дзень відовішчныя выступы фаершчыкаў. А што яны рабілі з агнём — гэта трэба было бачыць!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: