Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Як жылі ў Беларусі падчас Першай сусветнай вайны

У Нацыянальным гістарычным музеі да пачатку ліпеня дэманструецца выстава фатаздымкаў часоў Першай сусветнай вайны «Мясцовае насельніцтва» з прыватнай калекцыі вядомага беларускага фатографа і даследчыка Уладзіміра Багданава.
Вучні нямецкай школы для мясцовых дзяцей

Вучні нямецкай школы для мясцовых дзяцей


У экспазіцыі дэманструюцца копіі ўнікальных здымкаў невядомых нямецкіх фатографаў — сапраўдныя дакументальныя сведчаньні крывавай трагедыя пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі Беларусі.


У каментары НЧ Уладзімір Багданаў распавёў:

Выстава вымалёўвалася ў мяне даўно. За апошнія больш за дзесяць год не толькі сам аб’ездзіў усю лінію фронту Першай сусветнай вайны ў Беларусі ад Браслаўскіх азёраў да Палесся, але і сабраў даволі някепскую падборку выяўленчых матэрыялаў перыяду стагадовай даўніны. Займаюся гэтым больш за дзесяць гадоў і на сёння, на маё меркаванне, валодаю адным з найвялікшых збораў па гэтай тэме. У гэты збор уваходзяць фотаздымкі, паштоўкі, асабістыя салдацкія і афіцэрскія альбомы, гісторыі палкоў і афіцыйныя фотаальбомы.

Шабат ў габрэйскай сям’і ў Пінску

Галоўныя крыніцы — замежныя інтэрнэт-аўкцыёны. Таму асноўная частка маіх матэрыялаў мае нямецкае, а не расійскае паходжанне, бо на расійскіх сайтах і матэрыялаў меней, і кошты зашкальваюць.
 
На мой погляд, беспрэцэдэнтна тое, як немцы знялі Беларусь у перыяд Першай сусветнай вайны. Фронт тут стаяў два з паловай гады, ва ўсіх нямецкіх вайсковых частках былі штатныя фатографы, а таксама шмат асабістых фотаапаратаў у салдат і афіцэраў. У выніку маем шмат выяўленчых сведчанняў пра тое, што адбывалася на Бацькаўшчыне 100 гадоў таму.

Калона бежанцаў пад Баранавічамі ў верасні 1916 г. 

Немцам былі цікавыя не толькі ваенныя падзеі, баявыя пазіцыі і сябры па зброі, але жыццё і ландшафт навокал — вёскі і гарады, помнікі архітэктуры і маляўнічыя краявіды, а таксама заняткі, звычаі і традыцыі жыхароў Беларусі. Трэба мець на ўвазе, што немцы суіснавалі дастаткова мірна з мясцовымі, бо Першая сусветная была вайной прафесіяналаў, і на ёй, у адрозненне ад Другой сусветнай вайны, адсутнічаў ідэалагічны складнік. Арміі ваявалі між сабой, не было карных акцый супраць насельніцтва, якое да таго ж не ўзнялася на ўзброены супраціў.

Паколькі здымкі пра жыццё тутэйшых падчас вайны з майго збору склаліся ў асобную падборку, вырашыў паказаць яе на выставе. На ёй, у асноўным, дэманструюцца павялічаныя копіі арыгінальных здымкаў, якія, часцей за ўсё, маленькія (6х6 см), аматарскія, часам пашкоджаныя, наглуха ўклееныя ў альбомы ці дзесьці апублікаваныя.

Хлопчык з вёскі пад Баранавічамі, 11 лістапада 1917 г.
 
Выставу па гэтай тэме дэманструю ўпершыню. Разам з тым, у бягучым годзе ладзіў яшчэ дзве выставы ў Віцебску: у Музеі Марка Шагала — графікі перыяду Першай сусветнай вайны нямецкага мастака Германа Штрука, у якога ў 1923 годзе Шагал браў урокі графікі, а таксама ў музеі “Бацькі Міная” — нямецкіх паштовак са здымкамі і малюнкамі нямецкіх мастакоў — прафесіяналаў і аматараў. Зараз рыхтую цікавую выставу на тэму “Мастакі на вайне”.

Дарэчы, выстава "Мясцовае насельніцтва” — другі праект Уладзіміра Багданава ў Нацыянальым гістарычным музеі. Першы — выстава “Праз 90 год і лінію фронта. Першая сусветная вайны ў Беларусі” быў здзейснены ў 2004 годзе.

Рыбакі на возеры Нарач ў 1916 г. 


   



Каментаваць