Як уратаваць старадаўні арган у Вішневе

Пробашч касцёла спадзяецца на дапамогу мясцовых жыхароў і ахвярадаўцаў.



Лета кліча ў дарогу, заве ў вандроўкі па родным краі. У адным з такіх падарожжаў мы наведалі мястэчка Вішнева ў Валожынскім раёне.
 
 
Адсюль родам Шымон Пэрэс, з гэтым мясцінаў паходзіць жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна. Але найбольш мястэчка асацыюецца з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім — які служыў па-беларуску яшчэ тады, калі касцёл быў цалкам польскамоўным.
 
 
Дамінантай мястэчка з’яўляецца касцёл на беразе шырокай, але зарослай чаратамі рэчкі Альшанкі. Ён быў узведзены ў 1641 годзе на сродкі графа Юрыя Храптовіча на месцы былога драўлянага храма. Гэты храм асвечаны ў гонар свята Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбэты.
 
 
У ХVІІІ стагоддзі храм быў дапоўнены бакавымі капліцамі, якія надалі яму выгляд крыжа. Убранства касцёла непаўторнае сваёй дэкаратыўнай драўлянай скульптурай, якую рабілі народныя майстры, і гіпсавай скульптурай, накладной арнаментальнай разьбой па дрэве, мастацкай коўкай, датаванай яшчэ 1619 годам, фрэскавымі пано. Цудоўныя рысы спалучаюць стылёвыя якасці Рэнесансу, маньерызму, ранняга і позняга барока і ракако.
 
 
Касцёл цудам ацалеў ад войнаў і разбурэнняў, не быў зачынены ў савецкія часы. Неперарыўна ў ім служылі святары. У касцёле вядзе рэстаўрацыйныя працы і піша новыя выявы мастак Алесь Пушкін.
 
 
У святыні знаходзіцца старажытны арган, які быў створаны ў 1907 годдзе віленскім майстрам Фларыянам Астрамецкім. Рэканструкцыяй аргана займаецца спецыяліст з Вялікага тэатра оперы і балета Масквы Дмітрый Раманавіч Лотаў. Больш за 30 гадоў ён даглядае музычныя інструменты, у тым ліку, арганы. Акрамя гэтага, ён з’яўляецца святаром лютэранскай супольнасці ў Маскве.
 
 
— Інструмент не ў вельмі добрым стане. Шмат бруду і пылу давялося змыць з яго, некаторыя дэталі згубленыя. Праца па аднаўленні яго не такая рамантычная, як здаецца, але даволі цяжкая. На рэканструкцыю спатрэбіцца некалькі гадоў. Неабходныя новыя дэталі. Мне давялося весьці рамонт арганаў у Камаях, Лучаі, у Красным, — распавёў Дзмітрый Лотаў.
 
 
Арган у Вішнеўскім касцёле быў усталяваны ў 1907 годзе. Майстар Фларыян праслухоўваў кожную трубачку перад тым, каб уладкаваць інструмент на вякі. З Вільні прыехаў разам з ім арганіст, які выканаў музычную партыю на нядзельнай імшы. Люд мястэчка запоўніў будынак і ўслухоўваўся ў глыбокія і ўрачыстыя гукі аргана.
 
 
Звесткі пра майстра Фларыяна Астрамецкага засталіся ў літоўскай музычнай літаратуры. Сам ён знік у віры войнаў і рэвалюцый, а яго духавы інструмент будзе служыць ужо другое стагоддзе. Памяць пра добрыя справы чалавека жыве…І вось чалавек з біблійным прозвішчам Лотаў ратуе інструмент ад занядбання і пылу.
 
 
Арган –- адзін са старажытных музычных інструментаў. Яго гісторыя налічвае некалькі тысяч гадоў. Майстэрства будавання арганаў развілася ў Італіі, а пазней — у Германіі. Шырокае распаўсюджванне ў Еўропе духавы інструмент атрымаў у сярэдзіне XIV стагоддзя. Сярэднявечныя арганы ў параўнанні з пазнейшымі былі з шырокімі клавішамі. У ХV стагоддзі клавішы былі паменшаны і павялічана колькасць труб.
 
 
Музыку для аргана пісалі дзясяткі еўрапейскіх кампазітараў: Іаган Себасцьян Бах і Ферэнц Ліст, Геогр Фрыдрых Гендэль, Вальфганг Амадэй Моцарт, Джавані Палестрына, Джыралама Фрэскабальдзі і іншыя.
 
 
Рэпертуарнае багацце арганнай музыкі вызначаецца тымі абставінамі, што на працягу стагоддзяў арган з’яўляўся асноўным музычным інструментам, які выкарыстоўваўся ў богаслужбовай практыцы краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі.
 
 
— Касцёл –- наша нацыянальная спадчына. Мы павінны яго даглядаць, трымаць у належным стане, захоўваць як духоўны скарб і як помнік архітэктуры, — адзначыў ксёндз-пробашч Язэп Мільдзюк. — Мы звярталіся ў Міністэрства культуры Беларусі з просьбай выдаткаваць сродкі на рэканструкцыю аргана і атрымалі адмову. Вырашалі, што будзем рабіць усё з дапамогай мясцовых жыхароў і ахвярадаўцаў.
 
 

Сродкі на рамонт аргана можна перавесці па адрасе:

 
 
222343, Мінская вобласць, Валожынскі раён, Вішнева,
 
Касцёл Адведзінаў св. Альжбеты Найсвяцейшай Паннай Марыяй,
 
Ксяндзу — пробашчу Язэпу Мільдзюку.
 
 
Эла Дзвінская, фота Канстанціна Гарэцкага, nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!