Як зрабіць значную кніжную падзею? 10 парадаў з Львова

Побач з Беларуссю штогод адбываюцца два буйныя кніжныя кірмашы: “Warszawskie Targi Książki” ды “Форум видавців у Львові”. 22-гі па ліку львоўскі фестываль прайшоў 10 – 13 верасня. Мы падгледзелі дзесяць сакрэтаў у нашых украінскіх суседзяў для тых, хто хацеў бы арганізаваць такі івэнт на радзіме.



1. Перавысіць усе лічбы

“Я ўжо нават не ведаю, як далей мы зможам павялічваць нашыя паказчыкі”, — пачала прэс-канферэнцыю прэзідэнт Форума выдаўцоў Аляксандра Коваль. 1428 мерапрыемстваў, 50 000 наведнікаў, 350 аўтараў, 170 выдавецтваў, 380 акрэдытацый для ўкраінскіх і замежных СМІ, 22 краіны свету.

Агульнае ўражанне ад праграмы. Ва Украіне, прынамсі ў Львове, арганізатары культурных падзей мысляць не катэгорыямі асобнага наведніка (“Прыйдзе чалавек, якога трэба правесці з пункта А ў пункт Б па ўсіх лакацыях фестывалю і выпусціць ва ўзбагачаным стане розуму і душы”), а катэгорыямі супольнасцяў: “У горадзе ёсць пенсіянеры, кулінары, дзеці, скаўты, сем’і, бібліятэкары, тэатралы і гэтак далей — для кожнага з іх мае быць месца на Форуме”. Падзеі праграмы праходзілі з раніцы да ночы паралельна на дзясятку розных пляцоўках. Вызначыцца, куды ты хочаш трапіць, калі не з’яўляешся часткай якой-кольвек супольнасці, часам было проста нерэальна.

2. Быць злабадзённым

Фокусная тэма гэтага года — “Культура vs Прапаганда. Каштоўнасці”. Дыскусіі — ці варта праводзіць кніжны фестываль падчас вайны — натуральна трываюць другі год.

Паводле мясцовага тэлеканала ZIK, пасля Рэвалюцыі Годнасці попыт на ўкраінскую літаратуру пайшоў угару, а ў кнігарнях паступова змяншаецца колькасць рускамоўных найменняў. Сёлета, як і ў мінулым годзе, на кніжным кірмашы не было выдавецтваў з Расіі. Тэматычныя “майданчыкі” Форуму насыцілі дыскусіямі і лекцыямі пра дэсаветызацыю, нацыянальны супраціў, урокі Майдана, анексіі Крыма і вайны на Данбасе.

“Калі вайна прыносіць ахвяры цяпер, то прайграная барацьба за кнігу будзе прыносіць ахвяры ў будучыні”, — сказала журналістам загадчыца ўпраўлення культуры Львоўскай гарадской рады Ірына Магдыш.

Наведванне ўсіх падзей фестывалю для ўдзельнікаў АТА было бясплатным. Дырэктар Форума заверыла, што пасведчанне асобы на ўваходзе ў іх патрабаваць не стануць і павераць на слова.

3. Запрасіць першую лэдзі

Ва ўмовах Беларусі гэты пункт цяжкавыканальны і тым не менш варты ўвагі.

Марына Парашэнка разам з дзецьмі Міхаілам, Яўгеніяй і Аляксандрай стала ўдзельніцай акцыі “Кніга ад зоркі”. Дзеці прэзідэнта Украіны прачыталі ўрыўкі з кніжкі “Життя — Тобі…”, якая выйшла ў рамках аднайменнага конкурсу. Украінцы ў веку ад 7 да 17 гадоў дасылалі свае эсэ на тэму Рэвалюцыі Годнасці і вайны. Ініцыятары спаборніцтва такім чынам даследавалі псіхалагічны стан дзяцей і іх перажыванні балючых падзей.

Акрэдытавацца на гэтае мерапрыемства аказалася вельмі проста: дастаткова было патэлефанаваць на нумар, указаны ў электронным лісце, і назваць сваё імя і выданне. Спецыяльнага догляду службы бяспекі не было ні для прэсы, ні для людзей. Публіка ў зале не зрабіла ўражання спецыяльна абраных: звычайныя дзеці і бацькі, якія маглі свабодна ўваходзіць і выходзіць з памяшкання.

Падчас выхаду да прэсы журналісты атакавалі Марыну Парашэнка пытаннямі пра ружовую сумачку за 20 000 долараў, з якой жанчына нядаўна выйшла ў свет у суправаджэнні мужа. Жонка прэзідэнта спрабавала далікатна адбівацца, але пытанне “Як вы лічыце, ці этычна падчас вайны насіць такія дарагія аксэсуары?” яна ўсё ж атрымала.

4. Арганізаваць дабрачыннасць

Зрабіць гэта варта не толькі для таго, каб заахвочваць міласэрнасць. Калі вы адводзіце месца для дабрачыннасці, ваш івэнт закране людзей, што не змаглі да вас трапіць фізічна. Тым больш калі гэта такія важныя катэгорыі асобаў, як на 22-м львоўскім форуме выдаўцоў і чытачоў.

Намёт “Книжкова сотня” збіраў кніжкі і часопісы для параненых у АТА салдат, якія лекуюцца ў львоўскім шпіталі.

Сабранае чытво актывісты размяркоўваюць паводле жанраў у скрыні і выстаўляюць на калідоры для ўсіх ахвочых. “Хлопцы, хочаце пачытаць?” — валанцёры зазіраюць у кожную палату, каб па-чалавечы падтрымаць байцоў. Раз-пораз салдат заспяваюць за прагляданнем расійскіх серыялаў. “Хлопцы, а што ж вы гледзіце? Вы ж з імі ваюеце”, — пераказвае адна з валанцёрак і дадае, што яны ўгаворваюць мужчын працаваць над сабой нават у такіх умовах:

“Жыццё не заканчваецца. Калі мы хочам перамагчы, то павінныя быць разумнымі. Трэба чытаць. Да таго ж ім важна проста паразмаўляць, расказаць сваю гісторыю”, — падсумоўвае валанцёрка.

Недалёка ад іх намёта размяшчаўся яшчэ адзін збор кніжных ахвяраванняў — для пацыентаў псіхіятрычнай клінікі. Паводле актывістаў праекта “Шафа”, многія людзі, нягледзячы на хваробу, ахвотна чытаюць, а часопісы там выкарыстоўваць для арт-тэрапіі.

Арэнда месца для такіх дабрачынных ініцыятываў была бясплатнай.

5. Правесці ноч паэзіі

Каму не хапіла літаратуры ўдзень, калі ласка, цешцеся мастацтвам з 22.00 да 06.00. Традыцыйная Ноч паэзіі і музыкі адбывалася ў зале Першага ўкраінскага тэатра для дзяцей і юнацтва. Атмасфера была даволі камернай. З гэтым можна эксперыментаваць, зрабіўшы прастору больш нефармальнай. Напрыклад, размясціць гледачоў на сцэне альбо пасадзіць усіх на падлогу ці прапанаваць бескаркасныя крэслы. Галоўнае паклапаціцца пра каву, каб аматары прыгожага не заснулі.

6. Злучыць літаратуру, музыку і медыі

Гэтыя віды мастацтваў плённа выкарыстоўвалі шматлікія выступы Ночы паэзіі і музыкі ды іншыя прэзентацыі ў рамках Форума. Юрый Андруховіч прамаўляў пад акампанемент польскага эксперыментальнага гурта “Karbido”. Сяргей Жадан чытаў вершы ў кампаніі нашага акардэаніста Аляксея Варсобы і гукарэжысёра Улада Крэймера (“The Black”), а фонам ішла дынамічная праекцыя рукі з асадкай. У арт-кавярні “Дзиґа” прадставілі кнігу “Still The River Flows: Winter Solstice and Christmas Rituals in a Carpathian Village”. У каляровай брашуры па-ўкраінску і па-ангельску сабраныя тэксты калядак з Закарпацця. У “Дзызе” іх спявалі каларытныя малойчыкі і дзядзечкі з сяла Крыварыўня Івана-Франкоўскай вобласці, а на фоне ішлі фота з пастаральнымі відамі.

Такі фармат мерапрыемстваў у Беларусі, безумоўна, сустракаецца, але патрабуе большай папулярызацыі.

7. Зрабіць багатую дзіцячую праграму

400 самых разнастайных акцый Дзіцячага форума занялі ажно два музеі: прыродазнаўчы і Нацыянальны імя А. Шаптыцкага. Актыўнасці для самых маленькіх датычылі не толькі кніжак і літаратуры, але і навукі, вынаходніцтваў, спорту, экалогіі, вандровак. Аплату за уваходны квіток арганізатары зрабілі даволі гнуткай: 20 грыўняў (менш за 1$) за першае наведванне, 10 грыўняў — за другое, у трэці і чацвёрты дзень — бясплатна, калі ты быў на папярэдніх двух. Прычым плаціць неабходна было толькі за дзяцей школьнага ўзросту.

8. Уключыць пажылых людзей

Флаеры з праграмай для пенсіянераў мы бачылі нават у адной з грэка-каталіцкіх цэркваў. Акцыя “Трэці век: задавальненне ад чытання” таксама стракацела прапановамі культурнага адпачынку і адукацыі. Цікавая ідэя конкурсу для пажылых людзей “Мая кніжная паліца”. З усёй Украіны ў аргкамітэт дасылалі лісты з аповедамі пра хатнюю бібліятэку і ўлюбёныя кнігі. Аўтары найлепшых пяці гісторый атрымалі сертыфікаты на 800 грыўняў (амаль 40$) на набыццё кніг. На такую суму на кірмашы можна было істотна папоўніць свае кніжныя запасы.

9. Падтрымаць бібліятэкі

Форумы з кірмашамі праходзяць, а бібліятэкі застаюцца з намі штодзень. Спецяльныя захады распачаліся за два дні да афіцыйнага адкрыцця фестывалю. Украінская бібліятэчная асацыяцыя амаль тыдзень адукоўвала супрацоўнікаў бібліятэк у сферы інтэрактыўных тэхналогій, рэкламы кніг у сацыяльных сетках. Дарэчы, Львоўшчына — лідар сярод абласцей краіны паводле колькасці бібліятэк. Іх тут амаль 1,5 тысячы на больш як 2,5 млн насельніцтва. Яшчэ адзін прадмет гонару чытаючых гараджан — першая львоўская медыятэка. Некалькі гадоў таму Цэнтральная бібліятэка для дарослых імя Лесі Украінкі захацела ўдыхнуць у свае сцены новае жыццё. Рашэнне было геніяльна простым: першы паверх пераабсталявалі пад грамадскую інтэрактыўную прастору, даступную людзям са спецыфічнымі патрэбамі. Экалагічны дызайн, эрганамічная мэбля, інтэрнэт, электронныя кнігі, кансоль X-box, настолкі, нават гуказапісвальная студыя і абавязкова крэатыўная моладзь у якасці менеджараў — і вуаля: добрыя вынікі не прымусілі сябе чакаць. Вуліца Мулярська, 2а — зайдзіце, паглядзіце, як гэта працуе.

10. Скончыць флэшмобам

Грамадскія перфомансы “Україна єдина”, здаецца, спадарожнічаюць кожнаму больш-менш значнаму культурнаму мерапрыемству ва ўсёй краіне ўжо другі год. У рамках Форума выдаўцоў і чытачоў патрыятычны флэшмоб зладзілі пераможцы конкурсу “Кнігаманія”. Украіне цяпер як ніколі патрэбны паспяховы ваенны фронт і не менш моцны культурны тыл.

Хрысціна Марчук, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: