Якім быць Нацыянальнаму ўніверсітэту?

25-25 лістапада ў Мінску праходзіла Міжнародныя канферэнцыя «Нацыянальны ўніверсітэт у 21 стагоддзі: місія і выклікі», скліканая па ініцыятыве ТБМ і Аргкамітэта ўніверсітэта «Альбарутэнія».

Супольная размова навукоўцаў і выкладчыкаў была спробай зазірнуць у будучыню і запачаткаваць новую акадэмічную супольнасць, якая будзе мець нацыятворчы характар, стыль і падыходы 21-га стагоддзя.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Трусаў зрабіў экскурс у гісторыю сусветных універсітэтаў.У сваім дакладзе ён распавёў пра дзейнасць Таварыства беларускай мовы па прасоўванню ідэі стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта, пачынаючы з чэрвеня 1998 года, калі Рада ТБМ упершыню ўзняла гэта пытанне. 10 кастрычніка 1999 года Рада ТБМ зацвердзіла асноўныя палажэнні ад стварэнні Статута ўніверсітэта. У ліпені 2000 года Алег Трусаў сустрэўся з міністрам адукацыі Сяргеем Стражавым і перадаў яму подпісы актывістаў ТБМ у падтрымку Нацыянальнага ўніверсітэта. На лістапад 2000-га года ідэю падтрымалі 33.936 чалавек, а на травень 2001 года было сабрана 50.000 подпісаў. Аднак, у той перыяд задача, якая выклікала масавую зацікаўленасць, была адхілена прадстаўнікамі ўладаў.

Задума стварэння вышэйшай навучальнай установы  з беларускай мовай навучання не знікла, а набыла новае гучанне з далучэннем Беларусі да Балонскага працэса ў 2015 годзе. Зноў быў скліканы Аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта, які працуе 2 гады. Нарэшце, дэпутат Парламента Алена Мікалаеўна Анісім атрымала станоўчы адказ на прапанаваную ідэю.

У верасні 2017 года было атрымана памяшканне для запачаткавання працы Нацыянальнага ўніверсітэта як структурнага падраздзялення ТБМ імя Ф.Скарыны. «Такім чынам, закладзены першы камень у падмурак Нацыянальнага ўніверсітэта, — сказаў А.А. Трусаў, — Мы будзем рухацца ад рэгістрацыі назвы “Альбарутэнія”  да рэгістрацыі Статута і атрымання ліцэнзіі на дзейнасць універсітэта. Частку дакументаў мы атрымаем да 25 сакавіка, да 100-тых угодкаў абвяшчэння БНР. Для атрымання ліцэнзіі неабходна, каб колькасць прафесароў і кандыдатаў навук будучай ВНУ складала 30 адсоткаў. Калі мы атрымаем ліцэнзію, магчыма, Еўрапейскае Партнэрства выдзяліць нам сродкі». Алег Трусаў пажадаў усім калегам і аднадумцам плённай працы па развіцці Нацыянальнага ўніверсітэта «Альбарутэнія».

Кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч распавёў пра акадэмічны профіль будучай установы. Ён адзначыў, што ад  пачатку вызначаны шэсць накірункаў навучання, якімі стануць: лінгва-краязнаўства, культурная спадчына, медыя і камунікацыя, інфарматыка, дзяржаўнае кіраванне. «Важна, каб выпускнікі ўніверсітэта ўключаліся ў стварэнне беларускай дэмакратычнай інтэлектуальнай прасторы», — заўважыла Ірына Дубянецкая.

«Новы Нацыянальны ўніверсітэт павінен ставіць мэты больш высокія і выкшталцоныя, — лічыць Павел Баркоўскі. — Даследчыкі, якія будуць працаваць ва ўніверсітэце, павінны будуць вырашаць сусветныя праблемы і пытанні, якія нясе новае стагоддзе. Акадэмічная пляцоўка павінна захоўваць дыалагічны характар, кіраваць працэсамі прадукавання новага мыслення».

«Універсітэт – гэта асобая супольнасць людзей, якая захоўвае вышэйшы ўзровень мыслення і трансляцыі сучасных ведаў», — адзначыў Уладзімір Мацкевіч. Алег Трусаў падкрэсліў неабходнасць стварэння навуковых школ у розных галінах. На канферэнцыі прагучала думка пра тое, што ўніверсітэт можа стаць асяродкам выхавання новых філарэтаў і філаматаў 21-га стагоддзя, якія пакінуць яскравы след у гісторыі і культуры краіны. Ён павінен быць беларускім па духу, інтэлекце і мове выкладання, сучасным паводле формы.

Аляксей Яскевіч прааналізаваў па розных крытэрах досвед чатырох паспяховых сучасных універстэтаў у Расіі і ва Ўкраіне: Вышэшай эканамічнай школы, Кіева-Магілянскай акадэміі, Еўрапейскага Санкт-Пецярбурскага ўніверсіта і Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэта. Яны дасягнулі пэўных поспехаў, дзякуючы незалежнаму  ад дзяржавы статусу, мэтавым праграмам і ўдаламу фандрайзінгу. Малады выкладчык параўнаў тое, што ёсць за мяжой, з тым, што ёсць і можа быць у нашай краіне.

У выступленнях і дыскусіі прынялі ўдзел Алена Анісім, Дзяніс Тушынскі, Андрэй Вардамацкі, Сяргей Запрудскі, Алесь Астроўскі, іншыя навукоўцы і выкладчыкі.

Аналізуючы функцыянал універсітэта, дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі падкрэсліў, што новая ўстанова павінна стаць кропкай фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці, кропкай стабільнасці палітычных арыентацый беларусаў, пунктам росту здольнасцяў жыцця ў поліпарадыгматычным свеце.

Апытаныя рэспандэнты сярод перавагаў Нацыянальнага ўніверсітэта называюць патрыятызм і павагу да беларускай нацыі, унікальнасць і незвычайнасць, мінусамі лічаць слабое валоданне абітурыетамі беларускай мовы, неканкурэнтаздольнасць і іншыя рысы.

Сярод праблемаў, якія агучвалі выкладчыкі ВНУ, пазначаліся слабы ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў, наяўнасць плагіяту ў даследчыцкіх працах, непавага да выкладчыкаў з боку кіраўніцтва ВНУ, нізкія заробкі, ідэалагічны прэсінг.

Аляксандр Мілінкевіч распавёў пра свае намаганні па стварэнні дыстанцыйнага вольнага ўніверсітэта, інтарэсы якога прадстаўляеграмадская арганізацыя ў Варшаве. Гэта будзе яшчэ адна альтэрнатыўная магчымасць набыцця вышэйшай элітнай адукацыі.

Другі дзень абмеркавання быў прысвечаны даследніцкім рысам будучага Нацыянальнага ўніверсітэта, выпрацоўцы дыдактыкі і лагістыкі новай вышэйшай навучальнай установы. Напрыканцы мерапрыемства з прамовай выступіў Аляксей Марачкін, які на досведзе выхавання маладых мастакоў засведчыў пра важнасць асобы нацыянальна свядомага творцы, носьбіта ідэалаў і практычных навыкаў.

«Я вельмі задаволены высокім узроўнем канферэнцыі,— адзначыў прафесар Алесь Астроўскі з Гродна. — На ёй прайшла рэкагнасцыроўка сіл у шырокім дыяпазоне поглядаў. Тыя, хто будуць выхоўваць моладзь і ўплываць на фарміраванне яе поглядаў, вызначылі шляхі руху наперад».

«Канферэнцыя апраўдала нашыя спадзяванні, — адзначыў першы намеснік старшыні ТБМ Уладзмір Колас.— Усе рэгіёны Беларусі і замежжа былі прадстаўлены. Ахоплівалася вялікае кола праблемаў, узровень інтэлектуальнай аснасткі быў вельмі высокі. Гэта ўсяляе вялікі аптымізм у перспектывы рэалізацыі праекту Нацыянальнага ўніверсітэта. Дзеля дасягнення поспеху ад нас патрабуецца кансалідацыя».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: