Якуб Колас па-кітайску. Незвычайная выстава адкрылася ў Мінску

Незвычайная выстава адкрылася ў доме-музэі Якуба Коласа ў Мінску. Да 55-годдзя стварэння музею сваю экспазіцыю працаў «І спее колас залаты» паказала мастачка з Горадні Марына Эльяшэвіч, якая працуе ў тэхніцы традыцыйнага кітайскага жывапісу.



Марына Эльяшэвіч. Партрэт Якуба Коласа.


Го хуа — гэтак завецца тэхніка малявання, якой мастачка займаецца ўжо некалькі гадоў, ствараючы свае карціны пры дапамозе кітайскіх тушы і мінеральных фарбаў на рысавай паперы. Падборка працаў для гэтай выставы рабілася мэтанакіравана: Марына Эльяшэвіч выканала падборку партрэтаў самога Якуба Коласа, ягонай жонкі Марыі Дзмітрыеўны і сыноў паэта, дадаўшы да экспазіцыі і некалькі пейзажных замалёвак. Яе суаўтарам у падрыхтоўцы экспазіцыі выступіў сакратар амбасады Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Сунь Хунчжы, вядомы майстар кітайскай каліграфіі, які сваімі роспісамі, у тым ліку і перакладзенымі на кітайскую мову цытатамі Якуба Коласа, аздобіў працы беларускай мастачкі.

Марына Эльяшэвіч і Міхась Міцкевіч

— Працаваць у гэтай тэхніцы і рабіць нешта такое стандартнае не дазваляе пэндзаль, як не дазваляе ён і паўтарацца, — адзначыў мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. — Марына мае ў Беларусі першую пячатку майстра кітайскага жывапісу, а гэта значыць, што ў нашай краіне яна — унікальны майстар. І тое, што паўстаў такі ўнікальны праект беларускай мастачкі і майстра кітайскай каліграфіі, сведчыць толькі на карысць умацавання культурных сувязяў дзвюх краінаў. Гэты праект можна смела называць сенсацыйнай падзеяй у нашых культурах.

Пэндзлі, з дапамогай якіх мастачка з Горадні стварае свае карціны

На адкрыцці выставы прысутнічалі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, прадстаўнікі дыпламатычных колаў. Студэнт з Кітаю, які вучыцца ў Беларускай акадэміі мастацтваў, па-беларуску прачытаў адзін з вершаў Якуба Коласа. А на заканчэнне з беларускага боку прагучала пажаданне паказаць выставу твораў Марыны Эльяшэвічу Кітаі, у якую напэўна ўвойдуць і працы, так бы мовіць, сумеснай беларуска-кітайскай вытворчасці.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Халодная
  • 2015-01-21 20:43:11
На фотаздымку побач з мастачкай Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, яго старэйшага брата Данілы Канстанцінавіча няма на гэтым свеце больш за 18 гадоў. Што датычыць партрэтаў жонкі і сыноў песняра, то
гэта нейкае фэнтэзі на тэму... нават цяжка патлумачыць якую. Вельмі шкада, што з'яўляюцца такія непрадуманыя праекты.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: