Янка Трацяк: Працэс вычышчэння ГрДУ ад беларускага духу практычна завершаны

Янка Трацяк, кандыдат культуралогіі і дацэнт, які больш як 28 гадоў адпрацаваў у якасці беларускага выкладчыка, мусіў пакінуць Купалаўскі ўніверсітэт па сваёй волі. Агульная тэндэнцыя па вычышчэнні з гарадзенскай „альма матэр» беларускага духу, відаць, завяршае свой бег.
Янка Трацяк, ці не апошні, хто выкладаў па-беларуску свае прадметы. А што пасля звальнення?

РР: Нагодай сустрэчы стала сумная падзея – чарговы цвік у дамавіну вышэйшай школы Беларусі. Не так даўно мы пачулі навіну пра тое, што адзін з гарадзенскіх выкладчыкаў Наталля Сліж была звольнена з прыватнай ВНУ. А цяпер Купалаўскі ўніверсітэт, які працягвае ў лепшых традыцыях русіфікацыі, шальмаваць беларускіх выкладчыкаў, змяншаючы ім нагрузку і выжываючы іх… Такім чынам, чарговай ахвярай сталі вы.

Янка Трацяк: Па сутнасці, так. Праўда, я напісаў «па асабістым жаданні прашу мяне звольніць», хаця былі напачатку планы напісаць больш глыбокія прычыны, чаму чалавек звальняецца з універсітэта. Гэта ўсё ж такі няпроста. Таму што амаль 30 гадоў працы і так раптам пайсці самому, гэта дарэчы ўчынак. Ён патрабуе вельмі глыбокіх прычынаў. Дык я напачатку напісаў, што звальняюся з наступных прычын, і ўказаў суцэльную русіфікацыю ўніверсітэта, указаў штучнасць і імітацыю якасці працэсу навучальнага і навуковага. І зразумела, неабдуманая і дзесьці драконаўская камерцыялізацыя ўніверсітэта, што, па сутнасці, адбівае ўсялякую ахвоту ад працы натхнёнай, ад працы шчырай, з аднаго боку, з другога боку, і студэнтаў у нейкай ступені адбівае ад вучобы, таму што вось нейкая такая штучнасць, тэхнічнасць, нейкая такая механічнасць, яна настолькі замбіруе студэнтаў і робіць іх нейкім тэхнічным прыдатнікам. У той час як навука, веды – гэта сфера духоўнай працы, гэта сфера духоўнасці. І ніякімі вебінарамі і рознымі тэхнічнымі, хай інавацыйнамі, тэхналогіямі веды не ўкладзеш так, як можна ўкласці словам, як можна ўкласці звычайнай, традыцыйнай, класічнай лекцыяй.

РР: Амаль 30 год вы працавалі ва ўніверсітэце, выкладалі і праз вас прайшла гэтая хваля беларусізацыі, уздыму вышэйшай асветы беларускай, да яе заняпаду. Далёка не кожнаму ўдалося дажыць да гэтага канца, пасля якога мусіць быць нейкі ўздым. Але напэўна не пры гэтай уладзе. З якімі надзеямі 30 гадоў таму вы прыйшлі выкладаць у гарадзенскі ўніверсітэт, закончыўся яго?

Янка Трацяк: Гэта быў 91 год. Гэта быў час рэарганізацыі факультэта беларускай філалогіі ва ўніверсітэце. Што значыў на той час сам факультэт? Вось зараз уявіць такое цяжка. Зразумела, гэта ўжо гісторыя, не кожны гэта ведае. Пяць-шэсць груп набіралі толькі на першы курс выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры. Гэта прыкладна, 100-125 чалавек. Існавала на факультэце 4 кафедры: кафедра беларускай мовы, кафедра беларускага мовазнаўства, кафедра літаратуры (самая вялікая была кафедра літаратуры) і кафедра беларускай культуры. Наша кафедра была пад кіраўніцтвам Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча. І адразу, каб параўнаць, што было і што ёсць сёння, сёння існуе толькі адна кафедра беларускай філалогіі. І набіраюць 14-15 студэнтаў як настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. І 14-15 набіраюць з ухілам польскай мовы, польскай культуры. Атрымліваецца, па сутнасці, адна групка, якая дзеліцца на дзве падгрупы. Вось тое, што было і тое што страцілі. Можна паставіць пытанне: чаму так атрымалася? Гэтыя зрухі пачаліся адразу пасля ўводу прэзідэнцкай формы кіравання. Ужо недзе ў 95 годзе нас сталі аб’ядноўваць з гістарычным факультэтам, то бок, ліквідаваць факультэт беларускай філалогіі, як беларускі асяродак. Узнікла пагроза над нашай кафедрай. Бо калі ліквідуецца факультэт, то ў дзяржаўнай праграме зліквідавалі і курс «Беларуская культура», а там было вельмі шмат гадзін. Зліквідавалі такія курсы як «Уводзіны ў беларусазнаўства». У нас былі таксама яшчэ дзясяткі розных спецкурсаў, якія мелі непасрэднае дачыненне да гісторыі беларускай культуры, да канфесійнага руху. Па сутнасці, я чытаў гэтыя спецкурсы. Напрыклад, чытаў «Беларуская культура ў кантэксце сусветнай», «Беларуская ментальнасць». Але ўсё гэта сталі прыбіраць-прыбіраць. Маўляў, гэта абсалютна нічога не патрэбна. Затым зліквідавалі факультэт і пачалі рассоваць нашу кафедру беларускай культуры. Гэты працэс прасочваўся праз усю гэтую гісторыю. Калі гаварыць, хто працаваў у той час на кафедры, напрыклад, гэта Генадзь Семянчук, Сяргей Токць, Альбіна Семянчук, сяргей Піваварчык, Эдуард Мазько, Юрась Пацюпа.. То бок, кафедра была насычана таленавітымі, ідэйнымі выкладчыкамі. І мне нават здаецца, што нехта моцна баяўся такой кафедры. Таму што быў беларускі дух на кафедры, да таго ж з ухілам патрыятычным да беларускасці, да навуковасці.

Паводле Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: