Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Юрта качэўнікаў — у цэнтры Мінска (фота)

Сёння ў цэнтры Мінска на пл. Свабоды каля сцен гарадской Ратушы можна пабачыць незвычайнае для беларускай сталіцы відовішча — сапраўдную юрту стэпавых качэўнікаў з традыцыйным унутраным убраннем і прадметамі побыту. У яе нават можна зайсці.

Сёння тут упершыню праходзіць Дзень казахскай культуры «Стэпавыя напевы», у рамках свят нацыянальных культур, распачатых у мінулым годзе.

Свята польскай культуры ў цэнтры Мінска


Прадстаўнікі казахскай дыяспары сёння радуюць мінчан і гасцей сталіцы прызавымі віктарынамі і танцавальным флэш-мобам, для ўсіх жадаючых правядуць бясплатныя экспрэс-урокі казахскай мовы і майстар-клас па нацыянальных танцах і нацыянальнай кухні.


На плошчы разгарнулася выстава фотаздымкаў, вырабаў і малюнкаў аб Казахстане, прэзентацыі нацыянальных касцюмаў.


А ў рамках канцэртнай праграмы выступае творчы калектыў «Салтанат» з песнямі, танцамі і абрадамі казахскага народа.


Таксама гледачам будзе прадстаўлена і нацыянальная барацьба — курэс (уяўляе сабою барацьбу на ручніках, якія закідваюцца на пояс суперніка), якая ўнесена ЮНЭСКА ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Будзе цікава і дзецям — для іх працуе дзіцячая пляцоўка, на якой дыпламаваныя хімікі парка цудаў «Эўрыкум» паказваюць неверагоднае навуковае шоў: азотнае воблака, цмокаў папкорн, хімічнае марожанае, трукі і фокусы.


Не абыдзецца на свяце і без пачастункаў —  тут можна пакаштаваць толькі што прыгатаваны плоў, манты, чабурэкі і мноства іншых страў. Апроч таго праходзіць майстар-клас па прыгатаванні казахскай стравы баўрсак — традыцыйны мучны выраб таджыкаў, башкір, казахаў, у выглядзе невялікіх пончыкаў (ромбападобнай ці круглай формы), вырабляемых шляхам смажання ў фрыцюры ў казане. У казахскай вясельнай традыцыі — баўрсакі разам з манетамі і ласункамі раскідваліся над галавой маладых.


А напрыканцы гледачоў чакае неверагоднае сімфа-рок шоў «Гісторыя Цмока», якое прадставіць рок-група «CherMen». Цікавы факт: стваральнік групы — Чармен Шаканаў, буйны казахскі бізнесмен і мецэнат, ганаровы консул Казахстана ў Беларусі, глава казахскай дыяспары ў Беларусі. Адзін з яго праектаў — ГД «Мінск-Астана» ў Казахстане (экспарт-імпарт тавараў і паслуг паміж нашымі краінамі). Гэта яго будаўнічая кампанія ўзводзіць раскошны палац — будынак амбасады Казахстана ў прэстыжным месцы беларускай сталіцы. У канцы 1990-х Чармен Шаканаў гастраляваў разам з Алегам Спіцыным, а два гады таму стварыў уласны гурт «CherMen», запісаў новы альбом і ўжо выступіў з шэрагам канцэртаў.


Арганізатары мерапрыемства — казахская дыяспара ў Рэспубліцы Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Працягнецца свята казахскай культуры з 13:00 да 18:00. Але пакаштаваць казахскую кухню можна і пазней, да 22:00. Следам у Верхнім горадзе пачнецца чарговы канцэрт з серыі «Джазавыя вечары».

Даведка:
Казахская дыяспара ў Беларусі нешматлікая. Па дадзеным перапісу насельніцтва 2009 года, у Беларусі пражывала 1355 казахаў. Больш за ўсё пражывае ў Мінску (больш за 28% дыяспары). Жывуць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, Клімавічах, Лідзе, Слоніме, Барысаве, Ганцэвічах, Баранавічах і іншых гарадах.

Каментаваць