Кафлю з Пагоняй і магнацкімі гербамі з віленскага замка паказваюць у гарадзенскім Музеі рэлігіі

Здабытыя ў час даследаванняў на месцы Ніжняга Замка ў Вільні прадметы, у тым ліку кафлю з гербамі Радзівілаў і Сапегаў, упрыгожванні, зброю і іншае, можна пабачыць на выставе «Археалагічныя знаходкі Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх. Паўсядзённасць Віленскага двара», што адкрылася 17 верасня ў Музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне.

 
Да 1000-годдзя Літвы, якое ўрачыста адзначалі ў 2009 годзе, у Вільні быў адноўлены палац Вялікіх князёў Літоўскіх. Гэтаму папярэднічалі шматгадовыя археалагічныя даследаванні.
 

Ад 1987 года на тэрыторыі, дзе зараз стаіць адбудаваны Ніжні Замак, было знойдзена каля паўмільёна артэфактаў. Найбольш характэрныя і цікавыя археалагічныя знаходкі склалі аснову выставы, якая вандравала па самой Літве ды па суседзях. Пабываўшы некалькі месяцаў у Нясвіжскім палацы Радзівілаў, яна нарэшце прыбыла ў Гродна.
 

Бронзавыя ўпрыгожванні: пярсцёнкі, падвескі, крыжыкі; элементы узбраенняў ваяроў XIV-XV ст., а таксама кафля, якая аздабляла печы віленскага палаца, — усё гэта сведчыць не толькі аб багацці вялікакняскага двара, але і аб штодзённасці жыхароў сталіцы ВКЛ Вільні.
 

Выстава будзе працаваць да 13 лістапада 2016 г. Больш пра яе — на сайце музея.






Паводле t-styl.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!