«Каго звольняць наступным?» Калектыву Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру прадставілі новага дырэктара

Папярэдняга кіраўніка, Андрэя Новікава, як мяркуецца, прыбралі праз палітычныя прычыны, піша «Белсат». 

На наступны дзень пасля звальнення дырэктара ўстановы Андрэя Новікава, 26 лістапада, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкаму Алег Сцельмашок сустрэўся з калектывам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру. Сцельмашок прывёў новага кіраўніка — Ірыну Белякову.

Працаўнікі Магілёўскага драматычнага тэатру лічаць, што іхнага былога дырэктара Андрэя Новікава знялі з пасады за тое, што ён не звольніў тых, хто браў удзел у мітынгах пратэсту. Калектыў тэатру напісаў зварот да Сцельмашка з просьбаю вярнуць Новікава. А сёння ў сеціве з’явіўся адкрыты ліст Беларускага фонду культурнай салідарнасці, у якім таксама патрабуецца скасаваць загад пра звальненне Новікава.

На сустрэчы работнікі тэатру найперш спыталі Алега Сцельмашка, чаму 25 лістапада ён зняў з пасады дырэктара Андрэя Новікава, калі падчас такой жа размовы напрыканцы жніўня абяцаў нікога не звальняць.

«На той момант я яго не звальняў, – адказаў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкаму, і ўсе засмяяліся. — Чаму стала магчымым дазваляць сабе парушаць працоўную дысцыпліну, прыходзіць, калі захочацца, рэгістравацца ў журнале, калі хочацца? Чаму стала магчыма не прымаць да ўвагі даведзеныя паказнікі? У часе правярання нашыя спецыялісты гэта ўсё дакументальна засведчылі».

Сцельмашок абвінаваціў работнікаў тэатру, што тыя прыходзяць на працу а 8:02 і а 8:20, хаця абавязаныя быць а 8:00 на месцы. На што яму адказалі: «А вы знаёмыя з нашаю спецыфікаю працы? У нас рэпетыцыі пачынаюцца а 10:00, а канчаем мы часам апоўначы».

На думку актораў, праблема ў тым, што дакументы ствараюцца людзьмі, якія не разумеюць спецыфікі тэатру, што творчых людзей цяжка загнаць у рамкі.

Чыноўнік патлумачыў звальненне Андрэя Новікава шматлікімі парушэннямі працоўнай дысцыпліны ў тэатры. Акторы намагаліся данесці да працадаўцы, што гэтыя парушэнні носяць фармальны характар.

«То бок вы лічыце, што калі некалькі чалавек спазніліся на працу, то гэта такая падстава звольніць дырэктара?» — запыталі Сцельмашка адразу некалькі чалавек.

У адказ начальнік упраўлення культуры патлумачыў, што за працу акторы атрымліваюць грошы, а значыць, наступствы могуць мець нават крымінальны характар.

Наконт сваіх заробкаў работнікі тэатру таксама запыталі. Адзін з актораў наўпрост назваў свой — 500 з нечым рублёў — і папрасіў Сцельмашка сказаць, колькі зарабляе той. Сцельмашок свайго заробку не назваў, але запэўніў, што на мяшках з грашыма не сядзіць. З ягоных словаў, тэатр — гэта бюджэтная арганізацыя, фінансаванне якой залежыць ад таго, як працуе эканоміка, як працуюць прадпрыемствы.

«Каго звольняць наступным?» — нечакана прагучала пытанне ў зале. Чыноўнік сказаў, што гэта будзе вырашаць новы дырэктар. Ім стала Ірына Белякова.

«Два дні таму я і падумаць не магла, што апынуся ў гэтай сітуацыі. Я абяцаю вам, што вы будзеце пачутыя мною. Няхай кожны прыйдзе да мяне і скажа, што яго не задавальняе ў працы тэатру, і мы пастараемся гэта развязаць. Я, вядома, лепш разбіраюся ў кіно, чым у тэатры, але я хутка ўвайду ў курс справы», — сказала прызначаная дырэктарка.

Ірына Белякова. Фота mogilevnews.by

Ірына Белякова ў 1992 годзе скончыла МДУ імя Куляшова. Да ўчора яна была дырэктаркаю Магілёўскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў. Раней кіравала справамі кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры, а да таго ўзначальвала «Магілёўкінавідэапракат».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: