«Калі гарыць ва мне агонь…»: з нагоды дня нараджэння Цёткі і Уладзіміра Дубоўкі

15 ліпеня на свет з’явіліся Алаіза Пашкевіч (Цётка, 1876) і Уладзімір Дубоўка (1900), пра якіх і варта згадаць сёння.

Дзень 15-га ліпеня адзначаны некалькімі буйнымі кропкамі на мапе беларускага лета. Менавіта ў гэты дзень у 1410 годзе грымнула славутая перамога вялікалітоўскіх і польскіх войскаў пад Грунвальдам, менавіта ў гэты дзень ранкам 1913-га ўдзельнікі Беларускага выдавецкага таварыства ўпэўніліся, што ўчарашняе заснаванне арганізацыі — не сон, менавіта ў гэты дзень у 1924-м палітыка беларусізацыі набыла афіцыйны дзяржаўны статус. І менавіта 15 ліпеня на свет з’явіліся Алаіза Пашкевіч (Цётка, 1876) і Уладзімір Дубоўка (1900), пра якіх і варта згадаць сёння.

Алаіза Пашкевіч — самая вядомая жанчына беларускага Адраджэння пачатку мінулага стагоддзя — выкарыстоўвала разнастайныя псеўданімы: апроч усім знаёмай Цёткі ў яе арсенале былі Мацей Крапіўка, М. Крапівіха, Гаўрыла з Полацка, Тымчасовы, Банадысь Асака і іншыя. Пад знакам гэтых простых, але кідкіх імёнаў Цётка зрабіла неймаверна шмат для беларускага народа — у грамадскай, палітычнай і літаратурнай дзейнасці.

Алаіза Пашкевіч

Спіс яе дасягненняў сягае за межы звычайнага жыцця: Алаіза Пашкевіч паспявала настаўнічаць у школе, быць актыўнай удзельніцай Пецярбургскага гуртка “Круг беларускай народнай прасветы”, весці прапагандысцкую работу ў Вільні і адначасова працаваць фельчаркай, стаць адной з заснавальніц Беларускай Сацыялістычнай Грамады (па сутнасці, першай беларускай палітычнай партыі), выйсці замуж (але, як лічыцца, без кахання), паўдзельнічаць у выпуску першых легальных газет на беларускай мове “Наша доля” і “Наша ніва”, выдаць часопіс “Лучынка”, даследаваць гісторыю беларускага тэатра (і, між іншым, быць акторкай у трупе І. Буйніцкага), а таксама фальклор, быць масажысткай, апублікаваць свае паэтычныя зборнікі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”, дзіцячыя кнігі і падручнікі (“Гасцінец для малых дзяцей”, “Лемантар”, “Першае чытанне для дзетак беларусаў”), стаць заснавальніцай беларускай асацыятыўна-мадэрновай прозы, арганізаваць настаўніцкія курсы і падпольныя беларускія школы. Пры ўсім гэтым яна пастаянна займалася сваёй адукацыяй і наведвала замежжа (у тым ліку і каб паправіць здароўе).

Пэўным чынам такая актыўная жыццёвая пазіцыя Алаізы Пашкевіч стала прычынай яе ранняй смерці. Але яе словы жывуць і цяпер, яе вершы – яскравы прыклад гарачай агітацыйна-рэвалюцыйнай паэзіі, яе імя займае сваё належнае месца ў гісторыі беларускай культуры.

Уладзімір Дубоўка

Ва Уладзіміра Дубоўкі таксама было шмат псеўданімаў. Як і А. Пашкевіч, ён карыстаўся і жаночымі, і мужчынскімі імёнамі: Ганна Аршыца, У. Гайдукевіч, Бладысь Дубоўка, Уладзік Павадыр, Тупяец і іх варыянты.

Літаратурны талент Дубоўкі немагчыма было не заўважыць. Паказальныя словы Янкі Купалы: “Уладзя, ты – Пушкін, а я перад табой – толькі Дзяржавін”. Уладзіміру Дубоўку ўдалося ў значнай ступені ўзбагаціць беларускую літаратуру, прыўнесці ў яе яркія акцэнты.

На яго жыццё даўжынёй у 76 надоў прыпала нямала цяжкасцяў і выпрабаванняў. Чаго каштуюць толькі 4 арышты і амаль 28 гадоў у высылцы, у лагеры, дзе ў яго не было магчымасці займацца літаратурнай дзейнасцю. Пры гэтым Уладзімір Дубоўка не агаварыў нікога, не “здаў” ніводнага. Але жыццё “аддзячыла” яму новымі пакутамі. У пачатку 40-х удалечыні ад родных гэты чалавек перажыў яшчэ адну трагедыю: памёр 13-гадовы сын Дубоўкі і яго жонкі Марыі Кляўс.

Pušča_Duboŭka_Aleksandrovič

Усё жыццё пісьменнік шмат працаваў: настаўнікам, метадыстам і інструктарам беларускіх школ пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, рэдактарам “Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР”, сакратаром прадстаўніцтва пры БССР пры ўрадзе СССР, рэдактарам літаратурнай старонкі ў газеце “Гудок”, рэдактарам “Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР”, рэдактарам часопіса “Беларускі піянер”, сакратаром у Яранскім раённым спажывецкім саюзе, рахункаводам, сталяром.

Адзін з заснавальнікаў літаратурна-мастацкага згуртавання “Узвышша”, Уладзімір Дубоўка не пакінуў па-за сваёй ўвагай мовазнаўства, перакладчыцкую дзейнасць і літаратурную крытыку; выдаў 7 зборнікаў вершаў – сотні радкоў, тысячы слоў, якія і пасля смерці паэта разносяцца над нашай краінай.

…Калі гарыць ва мне агонь,

дык па-над сцежкаю засвеціць!

І ціха так, і ціха так зусім…

Чутно:

на дах бразгочыць дождж сцюдзёны.

Калі дагэтуль ён не загасіў,

дык не загасіць пал мой і сягоння…

140 гадоў назад нарадзілася Цётка, 116 гадоў прайшло з дня нараджэння Дубоўкі. Гэта больш, чым адно жыццё. Гэта маленькая вечнасць. І мы ведаем іх імёны, і мы адчуваем іх пал.



Анастасія Анцімонік, budzma.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: