Калі Каляды — не толькі «Дайце сала, каб каза ўстала!»

У гэтым годзе споўнілася ўжо дзесяць год як беларускі калядны абрад «Цары» занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты ўнікальны абрад праводзіцца толькі ў адным месцы на планеце — у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. І толькі на ноч Старога Новага года з 13 па 14 студзеня, на так званыя Шчодрыкі.

Адметнасць «Цароў» у тым, што браць удзел у ім могуць толькі маладыя мужчыны, яны ж «цары». Гэты абрад у сваім аўтэнтычным выглядзе існаваў да канца 50-х гадоў. Па адной з версій паходжання абрада, «Цары» пайшлі ажно з 18 стагоддзя, калі ў вёсцы Семежава стаяў атрад рускай арміі. Салдаты і афіцэры ў час Калядаў хадзілі ў сваёй звычайнай вайсковай форме па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі невялікае прадстаўленне, танцавалі, спявалі, пасля чаго атрымлівалі ад сялян традыцыйныя падарункі. Затым, калі атрад пакінуў вёску, мясцовыя жыхары, у асноўным маладыя хлопцы, пачалі для калядных абыходаў апранацца ў карнавальныя касцюмы, што нагадвалі вайсковую форму. Гэтыя персанажы і былі празваныя ў народзе «царамі».

Адрадзілі гэты абрад самі мясцовыя жыхары дзесьці ў 1996 годзе. Сёння «Цары» выглядаюць вельмі самабытна і аўтэнтычна: хлопцы апранаюць спецыяльныя строі з завязанымі на грудзях чырвонымі паясамі з беларускім арнаментам і высокія шапкі з рознакаляровымі стужкамі. А потым, як і раней, ходзяць па хатах сялян калядаваць, але не з казой, а з драмай «Цар Максімільян». Сапраўдныя хаты сялян выглядаюць як жывыя музеі з шматлікімі саматканымі ручнікамі і посцілкамі. У сукупнасці складваецца незвычайнае відовішча.

Раскрываем сакрэт, чым жа семежаўскія «цары» накалядоўваюць цэлыя мяхі пачастункаў. Бо тут не пачуеш «Дайце сала, каб каза ўстала» і «Дайце гарэлкі, бо паб’ю ўсе талеркі». Прыводзім некаторыя вытрымкі з драмы «Цар Максімільян».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!