«Калі нехта піша пратэстныя песні — гэта ўжо моцны крок»

Панкі заўсёды імкнуліся не толькі спалучаць весялосць і музыку, але яшчэ і з дапамогай канцэртаў удзельнічаць у сацыяльным і палітычным жыцці. У Беларусі панк-сцэна асацыюецца з Гродна, Мінскам і Баранавічамі. Але ў невялікіх гарадах таксама кіпіць жыццё. Панк-гурт «Ня варта» з Мазыра — гэта чатыры хлопцы, дзве гітары і вострасацыяльныя тэксты пра Беларусь.
«Новы Час» пагутарыў з вакалістам групы «Ня Варта» Фёдарам пра творчасць, панк-сцэну ў Беларусі і пра тое, чаму важна ўдзельнічаць у канцэртах, што ладзяцца ў падтрымку зняволеных.  

«Ня варта» — хто?

У склад гурта ўваходзяць Эльдар (бас), Змітрок (ударка), Антон (галоўная гітара/бэк-вакал), я, Фёдар (гітара/вакал). Гэтым складам граем з 2013-га, першы рэліз выйшаў у 2014-м. Папярэднім складам гралі з 2011. У нас усе ўдзельнікі з Мазыру, акрамя басіста — ён з Сасновага (пасёлак ля Мазыру). Я працую на заводзе, Антон — прадавец-кансультант, Змітрок абслугоўвае жылыя будынкі, Эльдар — будаўнік-дармаед.


«Ня варта» — што?

Адразу ў нас быў назоў на ангельскай ALLOFF. Шмат хто казаў, што неяк дзіўна — тэксты на беларускай, назоў па-ангельску. Пад ціскам вырашылі змяніць назоў. Доўга думалі, я прапанаваў «Ня варта». А што азначае і чаму, нават не ведаю. У першым альбоме мы гэта растлумачылі як пачатак фразы «ня варта трываць», калі гэта нехта «выкупіў» з нашай вокладкі.


Пра што песні «Ня варта»?

«Дзяржава кіруе тваім жыццём, Я люблю жыць свабодна! Я вітаю сваім клічом Усіх тых — хто не згодны!» — гэты тэкст я напісаў яшчэ ў 2008 ці 2009 годзе. А жыць вольна, як мне сказаў адзін вядомы панк-музыкант — гэта калі мая свабода не перашкаджае свабодзе іншых, а свабода іншых не перашкаджае мне. У мяне ёсць яшчэ такая песня: «Я люблю наш народ, Але зацюканы ён нейкі». Зацюканасць звязана з цудоўнай гісторыяй нашай краіны. Канешне, самы моцны адбітак на народзе пакінуў Савецкі Саюз. Ну і сучаснасць.
Тэксты пішу я, зрэдку Антон дапамагае мне, ёсць песні на вершы Максіма Багдановіча і Рыгора Барадуліна, у песне «Ня вер ім, брат» момант, які выконвае Аляксей Гарохаў, ён і напісаў. Спяваю песнi неразборліва, таму заўвагаў не было.


Панк-канцэрты і салідарнасць

Мы актыўна ўдзельнічаем у панк-канцэртах, якія робяць у знак салідарнасці з людзьмі, якім цяпер няпроста. На такіх канцэртах падпісваюць паштоўкі, збіраюць грошы на адвакатаў. Можна шмат казаць пра тое, што мы не можам заставацца ў баку, таму ўдзельнічаем у такіх мерапрыемствах. Канешне, каб не было цяжкасцяў з уладамі, можна было б «злівацца» з такіх выступаў. Але нельга забываць, што ў цяжкае становішча можа трапіць кожны.

Я далёка не абыякавы да праблемы палітвязняў і любых рэпрэсій. Праводзіць такія мерапрыемствы важна. Але я лічу, што трэба рабіць гэта з больш медыйнымі калектывамі, каб гэта было больш эфектыўна. Хаця любая салідарнасць — гэта вельмі крута.

Панк-сцэна ў Беларусі

Яна ёсць, але хочацца значна мацней. Яшчэ ёсць розныя суполкі, якія між сабой лаюцца. Нехта модны, нехта — не, старыя баяцца згубіць аўтарытэт і ганьбяць маладых, нехта па-беларуску спявае, а для кагосьці гэта ўжо значыць нацыст. Але гэта не толькі пра гурты, а пра ўвесь рух. І шмат розных супярэчнасцяў.

Для мяне важна, каб творчасць вяла да прагрэса, але гэта не абавязкова. На маю думку, сцэна павінна радыкалізавацца, але ўсё адно павінны быць калектывы з рознымі тэкстамі.
«Калі нехта піша пратэстныя песні — гэта ўжо моцны крок. Я так сябе суцяшаю, бо сам нічога не раблю».
У Мазыры нас ведаюць як і паўсюль, толькі вузкія колы. На афіцыйных канцэртах у ПК, здаецца, мы прадавалі 34 квіткі і чалавек 10 праводзілі з сабой. Калі рабілі падпольныя канцэрты, бывала і 80 чалавек, але гэта толькі сябры і сябры сяброў, праўда выступалі не толькі мы.


19 студзеня «Ня варта» ў Мінску прэзентуе новы альбом. Падрабязнасці тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: