Калі сяброўства не прадаецца. Сем год без Генадзя Бураўкіна

Падводзячы ў маі 2014-га вынікі жыцця, якое ўжо практычна дарэшты было пражыта, Генадзь Бураўкін у ліку учынкаў, якімі ганарыцца, найперш назваў абарону Васіля Быкава. Зрэшты, не дзіва — прага справядлівасці была ў ягонай натуры. І нават калі яму прапаноўвалі прадаць сяброўства з Быкавым узамен на высокую пасаду, Бураўкін абраў за лепшае беспрацоўе, а не здраду.

 Фота з хатняга архіва Г. Бураўкіна.


Як сведчылі блізкія сябры, Генадзь Бураўкін ад самай маладосці быў энергічны і яршысты — гэтае вызначэнне не раз сустракаецца ў характарыстыках самых розных людзей, што ведалі яго з універсітэцкіх часоў.

Гэта Генадзь Бураўкін разам з Анатолем Вярцінскім публічна абараніў Васіля Быкава ў 1966 годзе, у той час, як з крытыкай не толькі «крамольнай» аповесці «Мёртвым не баліць», але і ўсёй творчасці пісьменніка выступіў галоўны беларускі афіцыёз — газета «Советская Белоруссия». Па тагачасных мерках гэта было штосьці нечуванае — наважыцца запярэчыць генеральнай лініі Камуністычнай партыі, бо пазіцыя беларускага ЦК у адносінах да Быкава ў лісце Бураўкіна і Вярцінскага не проста крытыкавалася, а рэзка асуджалася…


«Якой нагодай, якой патрэбай выклiкана такое паспешнае i нечаканае для многiх пiсьменнiкаў i чытачоў газеты з’яўленне рэдакцыйнага артыкула? — гаварылася ў тым лісце. — Недаўменне яшчэ больш расце, калi чытаеш, як «Советская Белоруссия» папракае Саюз пiсьменнiкаў i яго лiтаратурныя выданнi ў тым, што яны «столь долго не замечали, что В. Быков постепенно начинает отходить от жизненной правды». Няўжо сапраўды адзiн з вядомых i любiмых чытачамi беларускiх пiсьменнiкаў з кожным новым творам усё больш адыходзiў ад жыццёвай праўды? Калi гэта, дапусцiм, было, то чаму ж «Советская Белоруссия» — орган Цэнтральнага Камiтэта Кампартыi Беларусi — маўчала? Чаму яна не папярэдзiла своечасова тыя зрывы, якiя, на думку газеты, вымагаюць цяпер суровага асуджэння? […] Не можа не ўстрывожыць i здзiвiць тон артыкула — грубы, катэгарычны, «праработачны». Не клапоцячыся аб аргументацыi, аб доказах, В. Быкава абвiнавачваюць у тым, што ён сваiмi творамi «Не способствует воспитанию у народа любви и уважения к Советской Армии, оскорбляет лучшие патриотические чувства наших людей...». […] Выклiкае недаўменне i здзiўленне, што ў артыкуле сустракаюцца i перакручванне, i падтасоўка цытат. […] Безапеляцыйны тон, палiтычныя абвiнавачваннi, ператрымкi ў артыкуле «Вопреки правде жизни» з’яўляюцца своеасаблiвым рэцыдывам вульгарызатарскай крытыкi. […] Памятаючы ленiнскiя словы аб тым, што талент пiсьменнiка трэба берагчы, лiчачы Васiля Быкава, безумоўна, таленавiтым пiсьменнiкам, мы не можам пагадзiцца з рэдакцыйным артыкулам «Советской Белоруссии», якi ставiць пад сумненне творчасць празаiка, не можам прыняць яго грубы, нетактоўны тон».

«Мы такога ў 1937 годзе не зрабілі»

Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі толькі праз трыццаць гадоў распавялі, як канспіратыўна-паўдпольна збіралі тады подпісы, паклікаўшы на дапамогу свайго сябра Ніла Гілевіча.
«Той факт, што пісьмо падпісалі нашыя аднагодкі, людзі аднаго з Быкавым літаратурнага пакалення, быў зразумелы: усе мы былі дзецьмі ХХ з’езда, — прыгадваў Генадзь Мікалаевіч. — Але было вельмі важна — я і сёння гэтым вельмі даражу, — што нас у нашым парыве барацьбы за справядлівасць падтрымалі людзі, на якіх я заўсёды глядзеў з душэўным трапятаннем, бо мы вывучалі іх кнігі яшчэ ў школе, здавалі па іх творчасці экзамены. Нас падтрымалі выдатныя людзі літаратуры, у якую мы толькі-толькі ўваходзілі: Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ, Янка Брыль...». Іншым жа разам Бураўкін скажа: «Для мяне гэта быў вялікі ўрок жыцця. Прынамсі, у тым, як розныя людзі ставілі свае подпісы».

1973 г. Андрэй Макаёнак, Васіль Быкаў і Генадзь Бураўкін. Фота Уладзіміра Крука.

Сапраўды цікава, як рэагавалі тагачасныя класікі на прапанову падпісаць ліст у падтрымку маладога калегі, што нечакана патрапіў у апалу да ўлады. Да прыкладу, Іван Мележ прачытаў тэкст адзін раз і — адклаў. Прачытаў другі раз — і зноў адклаў. Прачытаў трэці раз і, нічога не кажучы, узяў ручку і напісаў: «Іван Мележ». Міхась Лынькоў ухваліў адразу: «Хлопцы, вы малайцы! Мы такога ў 1937 годзе не зрабілі. Але ж будзе вам за гэта…» (Яго, дарэчы, потым некалькі гадоў не выпускалі за мяжу, аднак, падпісваючы, Лынькоў ведаў, што без санкцый не абыдзецца.) Яшчэ адзін класік — Аркадзь Куляшоў, прачытаўшы ліст, заўважыў, што меў намер пайсцi заўтра па асабiстай справе да першага сакратара ЦК Пятра Машэрава, але, рашуча махнуўшы рукой, казаў: «Давайце — падпiшу! Быкава трэба падтрымаць!» Іншы ж сталы празаік, равеснік Лынькова, Ілля Гурскі, стаў адгаворваць: «Не трэба, хлопцы, гэта рабiць, бо бяды наробіце ўсім нам і Быкаву. Пашкадуйце свае маладыя чупрыны!» І — не падпісаў.

1973 г. Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў і Іван Чыгрынаў. Фота Уладзіміра Крука.

1973 г. Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў і Іван Чыгрынаў. Фота Уладзіміра Крука.

Камічная гісторыя адбылася з Іванам Навуменкам, будучым віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, старшынёй Вярхоўнага Савета і народным пісьменнікам Беларусі: спярша ён казаў, што літаратар павiнен знаходзіцца па-фiласофску над схваткай і адмовіўся падпісваць. А якраз у той дзень Бураўкін з Вярцінскім пастанавілі завяршыць збор подпісаў — хто падпісаў, той падпісаў. Як раптам апоўначы тэлефонны званок: «Я перадумаў, хачу падпісаць», — гэта быў Навуменка. «Хацець ты, Іване, — адказаў Бураўкін, — можаш, але падпісаць — не. Раней трэба было падпісваць…» І вось нараніцы, калі гаспадары яшчэ спалі, званок у дзверы бураўкінскай кватэры — гэта быў Навуменка… Іван Якаўлевіч уздыхнуў з палёгкай, толькі калі паставіў нарэшце подпіс: «Цяпер я магу жыць у згодзе з сумленнем».

А трэба ж было яшчэ аднесці ліст у ЦК… Жонка Бураўкіна Юлія Якаўлеўна згадвала, што калі праваджала яго да сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі Станіслава Пілатовіча, то глядзела ўслед, безнадзейна думаючы, што наступным разам яны ўбачацца цяпер вельмі не хутка…

І сапраўды, Бураўкін з Вярцінскім неверагодна тады рызыкавалі. Рызыкавалі не толькі кар’ерай, але і свабодай. Пройдзе зусім не шмат часу, і іншыя блізкія быкаўскія сябры — пісьменнік Аляксей Карпюк і гісторык Барыс Клейн — ледзь не будуць выкінуты на абочыну жыцця: супраць Карпюка па надуманай падставе будзе заведзена крымінальная справа, Клейна ж, пазбавіўшы вучонай ступені і звання, звольняць без права пакінуць горад. Былыя яго калегі будуць перабягаць на іншы бок вуліцы, каб, крый божа, не павітацца…

Гэта толькі праз трыццаць з лішкам гадоў, калі былі адкрытыя архівы ЦК КПСС, стала вядома, што імёны Бураўкіна і Вярцінскага фігуравалі ў дакладной ні многа, ні мала, а старшыні нават не беларускага, а ўсесаюзнага КДБ — Уладзімір Сямічасны (адзін з ініцыятараў, між іншым, партыйнага перавароту, у выніку якога на змену Хрушчову прыйшоў Брэжнеў) паведамляў сакратару ЦК КПСС па ідэалогіі Міхаілу Суславу — яшчэ адной злавеснай фігуры камуністычнага арэапагу:

«Камітэт дзяржаўнай бяспекі дакладвае аб працэсах у асяроддзі беларускіх пісьменнікаў, выкліканых апублікаваннем і крытыкай аповесці В. Быкава «Мёртвым не баліць». Рэзкае размежаванне меркаванняў было выклікана рэдакцыйным артыкулам газеты «Советская Белоруссия» «Вопреки правде жизни» пра творчасць В. Быкава і асабліва дадзенай у ёй ацэнкай аповесці. […] Некаторыя беларускія пісьменнікі адкрыта сталі на абарону В. Быкава, лічачы, што газета «Советская Белоруссия» выступіла неаб’ектыўна. Загадчык аддзела газеты «Літаратура і мастацтва», член КПСС пісьменнік Г. Бураўкін заявіў: «Советская Белоруссия» перакрэсліла творчасць В. Быкава і выклікала адваротную рэакцыю сярод пісьменнікаў. Адбываецца здзек. Пасля выступу газеты складваецца ўражанне, што В. Быкава судзяць як на працэсе». […] Маладыя пісьменнікі Г. Бураўкін і А. Вярцінскі напісалі ліст у ЦК КПБ супраць артыкула «Вопреки правде жизни» і праводзілі збор подпісаў сярод пісьменнікаў рэспублікі. […]».

1966 г. Анатоль Вярцінскі, Васіль Быкаў і Генадзь Бураўкін. Фота Уладзіміра Крука.

Але сур’ёзных наступстваў для Вярцінскага і Бураўкіна, па шчасцю, не было ні тады, ні пасля. Калі не лічыць, што ў Саюзе пісьменнікаў адбыўся партыйны сход, на якім Генадзя Бураўкіна, як аднаго з арганізатараў дзёрзкай акцыі, павінны былі, асудзіўшы за парушэнне працоўнай дысцыпліны, выключыць з шэрагаў КПСС, але пісьменнікі — нават тыя, з якімі ён знаходзіўся не ў самых лепшых адносінах, — паўсталі на яго абарону.
Дый праз два гады пры вылучэнні на пасаду ўласнага карэспандэнта «Правды» ўсё той жа сакратар ЦК КПБ Пілатовіч даслаў Генеральнаму сакратару ЦК КПСС Брэжневу дакладную, у якой, назваўшы Бураўкіна нацыяналістам і ненадзейным таварышам, заявіў, што Машэраў дапускае грубую палітычную памылку, падтрымліваючы гэткую сумніўную кандыдатуру…

І хоць той ліст мала чым дапамог Васілю Быкаву, але, як ён напісаў тады ж, у 1966-м, аднаму з ініцыятараў збору подпісаў: «Дзякаваць богу, ёсць яшчэ на свеце сяброўства. Хлопцы падбадзёрваюць — гэта ўмацоўвае мае сілы. […] Але — вытрымаем! І падтрымка сяброў — абавязвае». І ўжо пазней зноў вярнуўся да гэтай гісторыі: «…Справа не ў выніках заступніцтва, якое практычна ці мела сэнс, для пакрыўджанага болей важна было звычайнае пачуццё спачування, чалавечай спагады, якія грэюць болей, чым міласэрны прысуд начальства, якога тады якраз і не дачакаліся. І для мяне, і для маіх заступнікаў, якіх у Саюзе пісьменнікаў набралася аж за 60 асобаў, то быў учынак сумлення, хрысціянскай міласэрнасці. Ён не даў памерці надзеі і пабудзіў светлую спадзяванку, без якой чалавек — не чалавек. Тым болей не творца і наўрад ці грамадзянін».
2000 г. Сябры. Фота Сяргея Шапрана.

2000 г. Сябры. Фота Сяргея Шапрана.



…Між іншым, арыгінал гэтага ліста не знойдзены й пасёння. Але зусім нядаўна адшукаўся ягоны чарнавы аўтограф — напісаны, відаць, Анатолем Вярцінскім і перапісаны Бураўкіным. Увесь гэты час ён захоўваўся ў хатнім архіве Генадзя Мікалаевіча.

«Ніколі не даруюць тваёй беларускасці…»

Пройдзе тры дзесяцігоддзі, і Генадзь Бураўкін зноў будзе пастаўлены перад маральным выбарам…

1994 год. Пасля шматлікіх прашэнняў аб адстаўцы з пасады пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь у ААН яму, нарэшце, дараваная вольніца. Пра ягонае вяртанне ў той час хадзіла процьма чутак. Сцвярджалі, у прыватнасці, што ён адпраўлены ў адстаўку за цесны кантакт з эміграцыяй. Гэтаксама хапала плётак пра новае прызначэнне — маўляў, яму прапанавалі пяць пасад адразу, а Бураўкін хітрыў ды адмаўляўся. Сам жа Генадзь Мікалаевіч тлумачыў, што апошнюю заяву з просьбай разгледзець пытанне аб вяртанні напісаў яшчэ ў красавіку 1993-га, і яму па-ранейшаму было не ясна, чаму так доўга ягонае пытанне «разглядалася, удакладнялася, узгаднялася, вырашалася, узнімалася, апускалася»…

Зрэшты, калі Генадзь Бураўкін з’язджаў з Беларускай ССР, то вяртаўся ў незалежную Рэспубліку Беларусь. І хоць, па ягоных словах, тагачасны «гаспадар» краіны Вячаслаў Кебіч папярэдне гарантаваў пасаду міністра культуры і друку, але потым, перадумаўшы, прапанаваў датэрміновы выхад на пенсію. І гэта ў 57 гадоў! Даведаўшыся пра тое, Васіль Быкаў казаў: «Генадзь, наіўны ты чалавек. А што ты хацеў? Ды нікуды цябе не пусцяць. І не таму, што ты няўмека ці вораг — табе ніколі не даруюць тваёй беларускасці…»

У гэтыя невясёлыя дні і сустрэўся беспрацоўнаму Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу даўні «камсамольскі» знаёмы, які даверліва і неафіцыйна паведаміў, што ў яго можа быць неверагодна высокая пасада, але пры адной умове: калі ён публічна, у друку, адмовіцца ад сяброўскіх адносін з Васілём Быкавым. «Перадайце вашаму ўсемагутнаму патрону, — адказаў Бураўкін, — што на свеце няма і не будзе такіх пасад, за якія я мог бы прадаць сяброўства з Васілём».

У выніку ягоныя жыццё і кар’ера канчаткова і беспаваротна паляцелі пад адхон: пэўны час ён заставаўся без працы, пакуль нарэшце не атрымаў прызначэнне ўсяго толькі намеснікам міністра, дый то на зусім непрацяглы час… Так пачаўся апошні драматычны акт яго жыцця, які доўжыўся без малага дваццаць год. Аднак, нават паміраючы, ён скажа, што недарэмна пражыў жыццё, і дадасць: «Гэта я смела скажу, таму што тры рэчы, якія я зрабіў, робяць мне гонар. Гэта тое, што я зрабіў нацыянальнае беларускае тэлебачанне, тое, што ўдзельнічаў у абароне Быкава…»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: