Каліноўскі разам са Сталіным, Траўгут з Леніным

Адзіны (першы) помнік Кастусю Каліноўскаму і адзіны (апошні) помнік Іосіфу Сталіну ў Беларусі знаходзяцца ў Свіслачы. Маленькае беларускае мястэчка паблізу ад мяжы з Польшчай некаторыя называюць горадам кантрастаў. Гэта і не дзіўна, дастаткова ўбачыць мясцовыя помнікі, каб патрапіць адразу ў некалькі гістарычных эпох.

Помнік Кастусю Каліноўскаму


У ХVIII стагоддзі, калі мястэчкам уладарыў сенатар Вялікага Княства Літоўскага Вінцэнт Тышкевіч, Свіслач квітнела: там быў тэатр, звярынец, вялікай прыгажосці парк, базарная плошча і кірмашы, што па тавараабароце саступалі ў Беларусі толькі зэльвенскім. Сучасны горад Свіслач з насельніцтвам каля шасці тысяч выглядае зусім інакш, аднак таксама варты ўвагі. Найперш праз «Алею помнікаў». У самым цэнтры горада на вуліцы 17 Верасня месціцца сквер, на ўсю яго даўжыню расцягнуліся памятныя знакі: брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў, Іосіфу Сталіну, Уладзіміру Леніну, Рамуальду Траўгуту, салдатам-інтэрнацыяналістам. Наводдаль праз дарогу стаіць таксама бюст Кастуся Каліноўскага, з яго пачынаецца (ці заканчваецца) алея.

Помнік Каліноўскаму з’явіўся ў Свіслачы ў 1958 годзе. Пагрудны бронзавы бюст на пастаменце адлюстроўвае нацыянальнага героя Беларусі ў экспрэсіўным парыве: валасы развіваюцца, рука напружана сцятая — зрэшты, такой і мусіць быць класічная выява героя. Помнік працы знакамітага скульптара Заіра Азгура ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Фундамент сядзібы бацькі і мачыхі К. Каліноўскага

Фундамент сядзібы бацькі і мачыхі К. Каліноўскага

Невыпадкова першае скульптурнае ўвасабленне Каліноўскага з’явілася менавіта ў Свіслачы. Непадалёк ад горада, у вёсцы Якушоўка, знаходзіўся маёнтак бацькі і мачыхі рэвалюцыянера, пра іх сядзібу цяпер нагадвае толькі фундамент. Таксама Каліноўскі вучыўся ў знакамітай вальнадумствам Свіслацкай гімназіі — яе скончылі шэраг выбітных асобаў: мастак і кампазітар Напалеон Орда, пісьменнік Юзаф Крашэўскі, мастак-баталіст Януар Сухадольскі, палітычныя дзеячы і паўстанцы Віктар Гельтман, Рамуальд Траўгуту і шмат-шмат іншых.

Помнік Р.Траўгуту, першая палова ХХ ст.

Помнік апошняму, генералу Траўгуту, аднаму з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў, пачалі будаваць у 1924 го­дзе па ініцыятыве дырэктара Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Баляслава Борыса. Спачатку быў узведзены толькі пастамент. У такім выглядзе і адбылося адкрыццё помніка з удзелам урачыстай дэлегацыі з Польшчы, двух біскупаў з Вільні, архірэя з Гродна і дачкі рэвалюцыянера Ганны Юшкевіч. Толькі праз чатыры гады з’явіліся астатнія дэталі: партрэт Траўгута, выява арла і надпісы «Рамуальду Траўгуту — землякі. 1928», «Бог і Айчына», даты нараджэння і смерці.

«Рамуальд Траўгут, нацыянальны герой Польшчы, вучыўся ў нашай гімназіі, і потым некаторы час яна нават была названая ў яго гонар. Таму сімвалічна было паставіць гэты помнік у нашым горадзе. Памятны знак спраектаваў свіслачанін, матэрыял для будаўніцтва таксама збіралі мясцовыя. А пры наступленні Чырвонай Арміі помнік схавалі. Хтосьці памёр, нехта забыўся — і вярнуць схаванае стала немагчыма. Давялося аднаўляць па рашэнні райвыканкама», — распавядае супрацоўніца Свіслацкага краязнаўчага музею Людміла Жук.

У 1989 годзе гродзенскія рэстаўратары пад кіраўніцтвам Аляксандра Анціпіна сапраўды аднавілі помнік паводле архіўных матэрыялаў. Праз паўстагоддзя Рамуальд Траўгут вярнуўся ў Свіслач. Праўда, на вуліцу, што называлася ўжо не яго імем, а ў гонар 17 Верасня — даты далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Вось як успамінае тыя часы Міхаіл Карпюк, які быў галоўным архітэктарам Свіслацкага раёна на працягу амаль 40 гадоў: «Мы аднаўлялі помнік па здымках. Былі чуткі, што арла, які месціўся на самым версе памятнага знака, схавалі і закапалі. Мы шукалі, але нічога не знайшлі. Таму я адмыслова ездзіў у Літву, каб там адлілі новага арла. Паставілі яго на ўжо існуючы пастамент».

Не абмінуў Свіслач, як і амаль усе беларускія гарады, помнік Уладзіміру Леніну. Як дэжавю, пазнавальная фігура стаіць у сэрцы алеі помнікаў ды паказвае бетоннай рукой на мясцовую бальніцу. Скульптуру паставілі ў 1946 годзе, але яна наўрад ці мае вялікае культуралагічнае значэнне, бо з ідэнтычных выяваў у краіне бадай што можна сабраць маленькую армію Цынь Шыхуандзі.

Першы ж помнік пераемніку правадыра сусветнага пралетарыяту Іосіфу Сталіну з’явіўся ў Свіслачы ў 1939 годзе — адразу, як Заходняя Беларусь, а разам з тым і мястэчка, далучылася да СССР. Аднак у 1956 годзе мясцовыя жыхары знялі яго з пастамента і закапалі недзе ў ваколіцах горада. Гісторыя даволі распаўсюджаная для таго часу: пасля выкрыцця культу асобы на ХХ з’ездзе КПСС помнікі Сталіну пачалі масава дэмантаваць па ўсёй краіне. Так, у 1961 годзе за адну ноч яго скульптурная выява знікла і з Кастрычніцкай плошчы Мінска. Але, у адрозненне ад сталіцы, у Свіслач помнік Сталіну вярнуўся.

«У 2000 годзе адпаведнае рашэнне прынялі мясцовыя ўлады на прапанову ветэранскай арганізацыі. Бюст знайшлі ў калгасе «Вердамічы», які раней называўся ў гонар былога кіраўніка СССР. Пасля дэмантажу помнік так і захоўваўся ў падсобным памяшканні. Аляксандр Палубінскі, наш вядомы краязнаўца, прапанаваў паставіць бюст у алеі, дзе планавалася размясціць усе помнікі, якія калісьці існавалі ў мястэчку», — расказвае Людміла Жук. Да помніка ў Свіслачы, працягвае супрацоўніца музея, рознае стаўленне: «Яго паставілі перад Новым годам вельмі вузкім колам. Доўга не прыжываўся, людзі па-рознаму выказваліся: абураліся, дзівіліся. Некаторыя пакідалі надпісы на помніку, даводзілася зафарбоўваць. А праз пэўны час супакоіліся. Мы заўсёды гаворым падчас экскурсіі, што ў алеі адлюстраваныя эпохі, гістарычныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Свіслаччыны».

Былы галоўны архітэктар запомніў вяртанне помніка Сталіну трошкі інакш: «Быў у нас такі старшыня райвыканкама Анатоль Кузьма, чамусьці да Сталіна вельмі добра ставіўся. У Вердамічах якраз знайшлі бюст, які валяўся ў загажніку, перавезлі сюды. Я намаляваў эскіз, зрабілі маналітны пастамент, і на яго ўсталявалі таго Сталіна. Увогуле, усё прайшло мірна і добра, можа, толькі пару чалавек былі не задаволены».

На пытанне, ці патрэбна, каб Свіслач заставалася апошнім горадам у Еўропе з помнікам Сталіну (яшчэ адзін бюст знаходзіцца ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна»), Міхаіл адказвае: «А каму яшчэ паставіць помнік? Я не ведаю. Ну, быў Іосіф Сталін, правадыр. Гэта гісторыя Савецкага Саюза, дзяржавы. Цяпер ужо і Беларусі. Але я, дапусцім, усё яшчэ адношу сябе да часоў СССР, калі ўсё было свабодна: у любую рэспубліку паляцеў, рабі што хочаш. Сталін зрабіў нямала для Савецкага Саюза. А тое што там тыранія — гэта іншыя, гэта пры Леніне было. І пры Леніне таксама нямала людзей загінула, а мо і больш. Гісторыя… Гэта не азначае, што мы іх усхваляем. Было і было. У алеі яшчэ засталося вольнае месца, можна было б паставіць Каліноўскаму. Пакуль размоваў пра які-небудзь новы помнік у алеі не вядзецца. На ўсё ж патрэбныя грошы. Зрабіць добры помнік — не танна. А, як вядома, у нас у бюджэце...»

За гістарычныя фота дзякуем Міхаілу Карпюку



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: