Каля 500 дзяцей наведае Купалаўскі тэатр у рамках дабрачыннага праекта «Купалаўскі адкрывае сэрцы»

У 100-м юбілейным сезоне Купалаўскі тэатр працягвае дабрачынны праект «Купалаўскі адкрывае сэрцы» для шматдзетных і няпоўных сем'яў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Мэты праекта – адкрыць сэрцы юнакоў і дзяўчат да культуры і мастацтва праз тэатральныя пастаноўкі, якія адбываюцца на пляцоўках Купалаўскага тэатра, стварыць перадумовы да лепшага пазнання і азнаямлення з беларускай культурай і тэатральным мастацтвам.

У верасні падапечныя міжнароднай грамадскай арганізацыі “SOS – Дзіцячыя вёскі”, грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Беларускі дзіцячы хоспіс” паглядзелі спектакль “Паўлінка”, спектакль-канцэрт “Вельтмайстар-акардэон”, камедыі “Чайка”, “ART”, “Талерантнасць” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Напрыканцы лістапада да праекта далучацца дзеці з парушэннем слыху дзяржаўнай ўстановы адукацыі “Ждановіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”. Для іх запланаваны паказ спектакля “Вечар” у пастаноўцы Валерыя Раеўскага.

5 і 27 лістапада спектаклі “Чайка” і “Местачковае кабарэ” таксама плануюць паглядзець дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з Беларускага дзіцячага хоспіса.

З ліпеня 2019 года ў рамках дабрачыннага праекта “Купалаўскі адкрывае сэрцы” спектаклі тэатра наведала больш за 350 дзяцей, і яшчэ да канца бягучага года плануюць наведаць больш за 150 дзяцей.
Фінансавая падтрымка ў рэалізацыі дабрачыннага праекта “Купалаўскі адкрывае сэрцы” ажыцяўляецца за кошт пазабюджэтных сродкаў тэатральнай установы і Ассацыяцыі міжнародных фармацэўтычных вытворцаў.


Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: