Каля Каложы размясцілі жывых авечак і казлянятаў як сімвал Раства

Каля найстарэйшага храма Гродна напярэдадні праваслаўнага Раства з'явіўся вяртэп з сапраўднымі авечкамі і казлянятамі. Такім чынам пробашч Каложы хоча паказаць умовы, у якіх нарадзіўся Хрыстос, піша hrodna.life.
«На жаль, мы сёння забываемся сэнс Каляд, у святле навагодняй мітусні і розных святочных распродажаў, — распавядае настаяцель Каложы Аляксандр Балоннікаў. — Я б вельмі хацеў, каб усе, хто наведае ў бліжэйшы час Каложскую царкву і ўбачыць гэты вяртэп, яшчэ раз паспрабавалі ўявіць, у якіх на самай справе ўмовах нарадзіўся Боганемаўля Хрыстос. Гэта было сена, побач былі жывыя істоты, якія сваім цяплом сагравалі дзіця. Гэта ведаць і бачыць вельмі важна, і самае галоўнае напярэдадні каляднага свята».

Для пражывання жывых сімвалаў свята ў Каложы збудавалі загон і прывезлі сена. Да 14 студзеня ўсе жадаючыя могуць убачыць святочны вяртэп.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!