«Калядны фэст» дапаможа маладым выканаўцам запісаць новыя песні

Традыцыйны «Калядны фэст» сёлета выйдзе за межы канцэртнага шоу. Арганізатары пачынаюць пошук новых талентаў, якім дапамогуць запісаць новыя песні, а таксама запросяць выступіць на самім фэсце!
Да ўдзелу запрашаюцца гурты любой стылістыкі. Заяўкі прымаюцца да 25 лістапада ўключна на скрынку: kaladny.fest@gmail.com з пазнакай “Конкурс”. У лісце павінна быць назва калектыву, кантактныя дадзеныя і спасылка на відэа выступу або студыйны запіс 1-3 песень. Пасля праслухоўвання арганізатары абяруць 10 найлепшых выканаўцаў, якія працягнуць барацьбу ў публічным галасаванні. Пераможца вызначыцца 18 снежня. У якасці прыза гурт запросяць выступіць на «Калядным фэсце» 25 снежня, а фонд «Вяртанне» прафінансуе студыйны запіс 1-2 трэкаў.

“Калядны фэст” сёлета пройдзе ўжо ў 12 раз. За час свайго існавання мерапрыемства стала чаканай падзеяй для ўсіх аматараў беларускай музыкі.

«Наш фэст паказае сувязь сучаснасці з мінулым, — распавядаюць арганізатары. — Канцэптуальна ён не будзе асабліва адрознівацца ад папярэдніх — як заўсёды, мы збіраем найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фолк-музыкі».

Гледачоў чакаюць традыцыйныя сярэднявечныя і народныя танцы, шмат конкурсаў і падарункаў! Сёлета на фэсце выступяць “Стары Ольса”, Znich, Irdorath, Osimira, Rokash.
Вядучы — лідар гурта “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі.
Першым 100 наведвальнікам CD Vicious Crusade ў падарунак!
Пачатак — 17:30


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!