«Калыханка» мусіць быць цалкам беларускамоўнай!

На сайце petitions.by з'явілася петыцыя за тое, каб дзіцячая праграма "Калыханка" на канале "Беларусь 3" выходзіла цалкам па-беларуску.

Тэлепраграма "Калыханка" была заснаваная ў 1981 годзе як беларускамоўная, і з'яўляецца такой да сёння, звяртаюць увагу аўтары петыцыі — прадстаўнікі групы інтэрнэт-суполак "Нехакей".

Вядучыя і казачныя персанажы гавораць выключна па-беларуску, але потым ідзе мультфільм, які ніколі не перакладаецца на беларускую, акрамя, магчыма, некалькіх разоў на год.

Напрыклад, за перыяд з 1 па 30 чэрвеня 2018 года ў “Калыханцы” мультфільмы на рускай мове дэманстраваліся трыццаць разоў, а мультфільмы на беларускай мове — ніводнага разу. З паказаных мультфільмаў толькі адзін быў створаны ў Беларусі.

Ініцыятары петыцыі патрабуюць ад Белтэлерадыёкампаніі неадкладна забяспечыць агучванне ці дубляж на беларускую мову ўсіх без выключэння мультфільмаў, якія дэманструюцца ў праграме "Калыханка". Таксама яны б хацелі атрымаць тлумачэнні наконт таго, якім чынам адбываецца выбар мультфільмаў, якія дэманструюцца ў “Калыханцы”, і назваць адказных за выбар асоб, і чаму сярод паказаных мультфільмаў амаль цалкам адсутнічаюць мультфільмы, створаныя ў Беларусі.

Калі вы таксама за тое, каб у "Калыханцы" паказвалі мультфільмы па-беларуску, далучыцца да петыцыі можна тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!